Данііла 9 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У першы год Дарыя з роду мідзян, сына Асуэра, які валадарыў над царствам халдэйскім,
 
Першага году Дара Агасуеронка, з насеньня мідзкага, каторы караляваў над каралеўствам Хальдэйскім,

у першы год яго царавання я, Даніэль, зацікавіўся ў кнігах лікам гадоў, аб якім аб’явіў Госпад прароку Ярэмію, каб споўнілася спусташэнне Ерузаліма праз семдзесят гадоў;
 
Першага году дзяржавы ягонае, я, Данель, уцяміў з кніг лік год, праз каторыя было слова СПАДАРОВА Ярэме прароку, што выпаўняцца семдзясят год спустошаньню Ерузаліму.

і я звярнуў твар мой да Госпада, Бога майго, каб я прасіў і маліўся ў пастах, зрэбніцы ды попеле.
 
І зьвярнуў я від свой да Спадара Бога, каб шукаць малітваю а маленьнямі, у посьце а зрэбніне а попеле.

І маліўся да Госпада Бога, і прызваў, і казаў: «О Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які пільнуеш запавет і міласэрнасць да тых, што Цябе шануюць і пільнуюць Твае прыказанні!
 
І маліўся СПАДАРУ, Богу свайму, і спавядаўся, і сказаў: «Малю, Спадару, БОЖА вялікі а страшны, што заховуеш змову а міласэрдзе да тых, што любяць Цябе, і дзяржаць расказаньні Твае!

Зграшылі мы, несправядліва дзейнічалі, дапусціліся злачынстваў, і ўзбунтаваліся, і адышлі ад Тваіх загадаў і Тваіх прыказанняў;
 
Ізграшылі мы і зрабілі бяспраўе, і зрабілі нягодна, і паўсталі, нават адступіўшы ад расказаньняў Тваіх і ад судоў Тваіх;

не былі паслухмяныя Тваім паслугачам, прарокам, якія прамовілі ў Тваё імя да нашых цароў, да нашых кіраўнікоў, да нашых бацькоў і да ўсяго народа зямлі.
 
І ня слухалі мы слугаў Тваіх, прарокаў, каторыя гукалі імям Тваім каралём нашым, князём нашым а бацьком вашым а ўсяму люду зямлі.

Табе, Госпадзе, справядлівасць, нам жа — сорам на тварах, як сёння: чалавеку Юды і жыхарам Ерузаліма, і ўсяму Ізраэлю, блізкім і далёкім ва ўсіх краях, у якія выгнаў Ты іх з прычыны правіннасцей іх, якімі зграшылі перад Табой.
 
У цябе, Спадару, справядлівасьць, а ў нас на відах сорам, як цяпер, у кажнага Юдэя, і ў жыхараў Ерузаліму, і ў вусіх Ізраялян, блізкіх і далёкіх, у вусіх краёх, куды Ты піхнуў іх за выступы іхныя, што яны выступілі супроці Цябе.

Госпадзе, сорам на твары нам, нашым царам, нашым кіраўнікам ды нашым бацькам, бо мы зграшылі супраць Цябе;
 
СПАДАРУ, сорам на відах у нас, у нашых каралёў, у нашых князёў, у нашых бацькоў, бо мы ізграшылі супроці Цябе.

Госпаду ж, нашаму Богу, — міласэрнасць і ласка, бо мы адвярнуліся ад Цябе.
 
У Спадара, Бога нашага, жаласьлівасьць а дараваньне, дарма што мы паўсталі супроці Яго,

І не паслухалі голасу Госпада, Бога нашага, каб весці сябе па законе Яго, які ўстанавіў нам праз паслугачоў Сваіх — прарокаў;
 
І ня слухалі голасу СПАДАРА, Бога нашага, каб хадзіць у правах Ягоных, што Ён даў перад намі слугамі Сваімі, прарокамі.

ды ўвесь Ізраэль спракудзіўся адносна закону Твайго і адвярнуўся, каб не слухаць голасу Твайго, ды леглі на нас праклён і ганьба, якія былі запісаны ў кнізе Майсея, паслугача Бога, зграшылі бо мы перад Ім.
 
І ўвесь Ізраель узрушылі права Твае і адвярнуліся, каб ня слухаць голасу Твайго; затым кляцьба вылілася на нас і прысяга, напісаныя ў праве Масея, слугі Божага, бо мы ізграшылі супроці Яго.

І споўніў словы Свае, якія выказаў супраць нас і нашых суддзяў, якія судзілі нас так, што прывялі яны на нас вялікую бяду, якой не было ніколі пад усім небам, паводле якой сталася ў Ерузаліме.
 
І споўніў Ён слова Свае, што казаў да нас а на судзьдзяў нашых, што судзілі нас, навёўшы на нас вялікае ліха; як дзеялася пад усім небам, як зьдзеялася над Ерузалімам.

Так было запісана ў законе Майсеевым — прыйшло на нас усё гэтае няшчасце; і не папрасілі мы аблічча Госпада, Бога нашага, каб адвярнуцца ад сваіх правіннасцей ды здабыць пазнанне Тваёй праўды.
 
Як напісана ў праве Масеявым, стрэла нас усе гэтае ліха; не маліліся мы, адылі, СПАДАРУ, Богу нашаму, каб адвярнуцца нам ад бяспраўя свайго і ўцяміць праўду Тваю.

Дык рашыўся Госпад на пакаранне і ўзвёў яго на нас, бо Госпад, наш Бог, ёсць справядлівы ва ўсіх Сваіх дзеяннях, якія Ён зрабіў, мы бо не паслухалі голасу Яго.
 
Затым СПАДАР чукава глядзеў на гэта ліха і навёў яго на нас, бо СПАДАР, Бог наш, справядлівы ў вусіх учынках Сваіх, што Ён чыне, бо мы ня слухалі голасу Ягонага.

І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Ты, што вывеў Свой народ з зямлі Егіпецкай дужай рукою і здабыў Сабе імя, як гэта [ёсць] і сёння, мы зграшылі, дапусціліся несправядлівасці.
 
І цяпер, Спадару, Божа наш, што вывеў люд Свой ізь зямлі Ягіпецкае рукою моцнаю і зрабіў Сабе імя, як сядні, мы ізграшылі, мы нягодна зрабілі.

Госпадзе, дзеля ўсякай справядлівасці Тваёй, прашу: хай спыніцца гнеў Твой і абурэнне Тваё над горадам Тваім Ерузалімам і над Тваёю святою гарой: бо дзеля грахоў нашых і несправядлівасцей бацькоў нашых стаў Ерузалім і Твой народ ганьбаю для ўсіх акружаючых нас.
 
Спадару! подле ўсяе справядлівасьці Твае няхай жа адвернуцца гнеў Твой а абурэньне Твае ад места Твайго Ерузаліму, сьвятое гары Твае, бо за грахі нашы а за бяспраўі айцоў нашых Ерузалім а люд Твой у грэбаваньню ў вусіх, што навокал нас.

Такім чынам, цяпер, Божа наш, выслухай маленне паслугача Твайго і яго просьбы і пакажы аблічча Тваё над святыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля Самога Цябе!
 
Дык цяпер, пачуй, Божа наш, малітву слугі Свайго а мальбу ягоную і зазьзяй відам Сваім на сьвятыню Сваю, што спустошана, дзеля Спадара.

Нахілі вуха Сваё, мой Божа, і выслухай! Адкрый вочы Свае і пабач спусташэнне наша і горад, над якім было прызвана імя Тваё! Бо не ў апраўданне сваё прадстаўляем малітвы перад аблічча Тваё, але дзеля літасці Тваёй вялікай.
 
Нахіні, Божа мой, вуха Сваё й пачуй, адчыні вочы Свае й глянь на спустошаньні нашы а на места, названае імям Тваім, бо ня дзеля нейкае справядлівасьці нашае кладзем перад Табою маленьні нашы, але дзеля вялікага міласэрдзя Твайго.

Выслухай, Госпадзе! Злітуйся, Госпадзе! Зважай і дзейнічай дзеля Сябе Самога, не марудзячы, мой Божа, бо імя Тваё прызвана было над горадам і над народам Тваім».
 
Спадару! пачуй; Спадару! даруй; Спадару! ўважай і чыні, не адвалакай дзеля Сябе, Божа мой; бо імя Твае мянуецца на месьце Тваім і на людзе Тваім».

І калі я яшчэ гаварыў, і маліўся, і вызнаваў грахі свае і грахі народа майго Ізраэля, і выкладаў просьбы свае перад абліччам Бога майго за гару святую Бога майго,
 
І пакуль я гукаў а маліўся, і спавядаўся з грэху свайго а з грэху люду свайго, і пакладаў мальбу сваю перад СПАДАРОМ, Богам сваім, за сьвятую гару Бога свайго, —

калі яшчэ працягваў я малітву, вось, муж Габрыэль, якога бачыў я перад тым у бачанні, дакрануўся да мяне, хутка лятаючы, у час вячэрняй ахвяры;
 
І пакуль я гукаў у малітве, муж тый Гаўрэль, каторага я бачыў у відзені спачатку, ўборзьдзе прыляцеў, даткнуўся да мяне каля часу вячэрнага аброку,

і навучаў мяне, і гаварыў, і сказаў мне: «Даніэлю, выйшаў я цяпер, каб навучыць цябе і каб зразумеў ты.
 
І даў імне разумець, і размаўляў з імной, і сказаў: «Данелю, цяпер я вышаў даць табе навытыраньне разуменьня.

Ад пачатку маленняў тваіх выйшла слова; я ж прыбыў, каб паведаміць табе, бо ты чалавек пажаданняў, дык звярні ўвагу на слова і зразумей бачанне.
 
На пачатку маленьня твайго вышла слова, і я прышоў абясьціць, бо ты жаданы; дык зразумей слова і разумее відзень.

Устаноўлена семдзесят тыдняў над народам тваім і над святым горадам тваім, каб знішчыць злачыннасць, і каб грэх скончыць, і каб знішчыць несправядлівасць, і каб увесці вечную справядлівасць, і каб здзейснілася з’ява і прароцтвы, і каб быў намашчоны Святы з святых.
 
Семдзясят тыдняў прызначана люду твайму а месту Сьвятому твайму, каб скончыць выступ, і запячатаваць грэх, і ласку ўчыніць узглядам бяспраўя, і прынесьці вечную справядлівасьць, і запячатаваць відзені а прароку, і памазаць Сьвятое Сьвятых.

Такім чынам, ведай і разумей: ад сказанага слова, што зноў будзе адбудаваны Ерузалім, аж да Правадыра Намашчэнца — сем тыдняў. І пройдуць шэсцьдзесят два тыдні; і зноў будуць адбудаваны плошча і муры, але ў часы прыгнёту.
 
Дык ведай а разумей: ад выхаду слова аднавіць а збудаваць Ерузалім да Месіі Князя мінець сем тыдняў а шасьцьдзясят два тыдні, і будуць адноўлены а адбудаваны вуліца а мур, нават у часох уціску.

І па шасцідзесяці двух тыднях Намашчэнец будзе забіты; і нічога ў Яго не будзе; і горад, і святыню знішчыць народ маючага прыйсці Правадыра, і апусташэнне да канца яго, і аж да канца вайны ўстаноўлена апусташэнне.
 
І за шасьцьдзясят два тыдні жыцьцё Месіі будзе сьцята, але не за Самога Сябе, а места а сьвятыню зьнішча люд князя, каторы прыйдзе, і канец яго з паводкаю, і да канца вайны наканаваны спустошаньні.

Умацуе ж запавет з многімі ў адзін тыдзень; і ў палавіне тыдня спыніць крывавыя ахвяры і ахвяраванне, і на крыле агіднасці будзе разбуральнік, і ад гэтае пары знішчэнне і вырашэнне будуць абрушвацца на разбуральніка».
 
І ўмацуе змову шмат каму пераз адзін тыдзень, і ў палавіцы тыдня спыне аброк а хлебны аброк, і на крыле агідаў будзе пустошыць, і аж да сканчэньня а накававаньвя выльлецца на спустошанае».