Данііла 6 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Спадабалася Дарыю, і ўстанавіў ён над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб прабывалі яны ва ўсім яго царстве,
 
Зьлюб было Дару пастанавіць над каралеўствам сто дваццацёх князёў, каторыя былі б над цэлым каралеўствам;

а над імі — трох кіраўнікоў, адным з якіх быў Даніэль, каб сатрапы давалі ім справаздачу і каб цару не рабіць прыкрасці.
 
А над гэтымі трох маршалкаў, з каторых Данель першы, каб гэтыя князі здавалі лічбы ім, і каб кароль ня меў ніякае страты.

Вось жа, Даніэль перавышаў усіх кіраўнікоў і сатрапаў, бо Дух Божы большы быў у ім. З-за гэтага цар маніўся паставіць яго над усім царствам;
 
Тады гэты Данель пераходзіў маршалкаў а князёў, бо ў яго быў дасканальны дух, і кароль думаў пастанавіць яго над цэлым каралеўствам.

дзеля таго кіраўнікі і сатрапы стараліся знайсці прычыну, каб абвінаваціць Даніэля ў справах супраць царства. Але не маглі, аднак, знайсці аніякае прычыны ані падазрэння, бо быў ён верны і не можна было ў ім знайсці аніякай віны або памылкі.
 
Тады маршалкі а князі шукалі знайсьці прыклеп супроці Данеля ўзглядам каралеўства; але ніякага прыклепу ані заганы не маглі знайсьці, бо ён быў верны, і ня былі знойдзена ў ім ніякая абмыла альбо загана.

Дык сказалі мужы тыя: «Не знойдзем ніякай прычыны ў гэтым Даніэлю, але маем штосьці супраць яго ў законе яго Бога».
 
Тады сказалі гэныя людзі: «Мы ня знойдзем у Данелю гэтым якога-колечы прыклепу з выняткам, што знойдзем штось супроці яго ў праве Бога ягонага».

Тады кіраўнікі і сатрапы гэтыя паспяшаліся грамадою да цара і так яму сказалі: «Цару Дарыю, вечна жыві!
 
Тады гэтыя маршалкі а князі зьберліся да караля і гэтак сказалі яму: «Каролю Дару, жыві на векі!

Усе дзяржаўныя кіраўнікі, намеснікі і сатрапы, магнаты і суддзі рашылі, каб цар распарадзіўся і даў загад: хто на працягу трыццаці дзён выкажа просьбу якому-небудзь богу або чалавеку, акрамя цябе, цару, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў.
 
Зрадзіліся ўсі маршалкі каралеўства, намесьнікі а князі, скарбныя а вайводцы ўставіць каралеўскую ўставу і зрабіць моцны пастаноў, каб калі хто да трыццацёх дзён будзе маліцца малітваю да якога Бога альбо да людзіны, а не да цябе, каролю, каб быў кінены ў лявіную яму.

Такім чынам, цяпер, цару, пацвердзі рашэнне і пастаў пячаць на загадзе, каб не было адклікана паводле непарушнага закону мідзян і персаў».
 
Дык, каролю, устаў забарон і падпішы ліст, каб гэта ня было зьменена подле права Мідаў а Пэрсаў, каторае ня ўзрушаецца».

Дык цар Дарый паставіў пячаць на распараджэнні-дэкрэце.
 
Затым кароль Дар падпісаў ліст а забарон.

А Даніэль, калі даведаўся, што падпісаны дэкрэт, пайшоў у свой дом; і, паколькі меў ён у сваім верхнім пакоі адчыненыя вокны, накіраваныя на Ерузалім, штодзень тры разы падаў на калені, і маліўся, і славіў Бога свайго, таксама так, як звычайна рабіў гэта і раней.
 
І як Данель даведаўся, што ліст падпісаны, ён прышоў да дому свайго (а вокны ў пакою ягоным былі адчыненыя ў кірунку на Ерузалім), клякаў трэйчы ўдзень, і маліўся, і дзякаваў Богу свайму, як рабіў гэта калісь.

Такім чынам, гэтыя мужы наляцелі грамадою і знайшлі Даніэля, які маліўся і прызываў Бога свайго.
 
Тады людзі гэтыя зьберліся й засьпелі Данеля, як ён маліўся а пакорна прасіў Бога свайго.

Дык пайшлі і сказалі цару аб рашэнні: «Ці не падпісаў ты, цару, дэкрэт, што ўсякі чалавек, хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць аб чымсьці каго-небудзь з багоў або людзей, акрамя цябе, хай будзе ўкінуты ў ільвіны роў?» У адказ цар сказаў: «Справядлівае слова паводле непарушнага закону мідзян і персаў».
 
Тады яны дабліжыліся й казалі каралю ўзглядам забарону каралеўскага: «Ці ня ты падпісаў забарон, што кажная людзіна, каторая будзе прасіць да трыццацёх дзён у якога-колечы Бога альбо ў людзіны, а ня ў цябе, каролю, будзе кінена ў лявіную яму?» Кароль адказаў і сказаў: «Праўдзівае гэта слова, каторае подле права Мідаў а Пэрсаў не мяняецца».

На гэта адказалі, звяртаючыся да цара: «Даніэль, з сыноў палону Юды, не палічыўся з табою, цар, ані з распараджэннем, выдадзеным табою, але тры разы ў дзень моліцца ён сваёю малітвай».
 
Тады яны адказалі й сказалі перад каралём: «Гэны Данель, што із сыноў палону Юдэйскага, не паважае цябе, каролю, ані пастанову, каторы ты падпісаў, але трэйчы ўдзень чыне малітву сваю».

Калі цар пачуў гэтае слова, ахапіў яго смутак; і схіліў ён сэрца сваё да Даніэля, каб выратаваць яго; ды аж да захаду сонца стараўся прыдумаць, як яго ўхаваць.
 
Як кароль пачуў гэтыя словы, было яму вельмі няпрыемна, і пастанавіў у сэрцу сваім вывальніць Данеля, і стараўся аж да заходу сонца вывальніць яго.

Але людзі гэтыя паспяшаліся грамадою да цара, кажучы яму: «Ведай, цару, што закон мідзян і персаў, як кожны дэкрэт і рашэнне, выдадзеныя царом, не можа быць зменены».
 
Тады тыя людзі зьберліся да караля і сказалі каралю: «Ведай, каролю, што подле права Мідаў а Пэрсаў ніякі забарон ані ўстава, пастаноўленыя каралём, ня маюць быць зьменены».

Тады цар загадаў, і прывялі Даніэля, і ўкінулі яго ў ільвіны роў. І цар звярнуўся да Даніэля і сказаў: «Твой Бог, Якому так трывала служыш, Сам вызваліць цябе».
 
Тады кароль расказаў, і прывялі Данеля, і кінулі ў лявіную яму. Кароль адказаў і сказаў Данелю: «Бог твой, Катораму ты служыш кажначасна, вывальне цябе».

І прынеслі адзін камень, і пакладзены ён быў па-над адтулінаю рова; цар апячатаў яго сваёй пячаткай і пячаткай сваіх магнатаў, каб нішто не змянілася ў справе Даніэля.
 
І прынесьлі камень, і палажылі на адтуліну ямы, і кароль запячатаваў яе жуковінаю сваёй і жуковінаю паноў сваіх, каб расказаньне ўзглядам Данеля не магло быць зьменена.

І вярнуўся цар у свой палац, і пайшоў спаць галодным, і ежы не прынеслі яму, звыш таго, і сон адышоў ад яго.
 
Адлі кароль адышоў да палацу свайго і правёў ноч постуючы, і ня прыносілі музыцкіх снадзяў да яго, і сон адышоў ад яго.

Дык цар устаў на світанні і паспяшаўся да львінага рова;
 
Тады кароль устаў золкам і хапліва пашоў да лявінае ямы.

і, калі ўжо быў блізка ад рова, прызваў Даніэля голасам, поўным болю, і звярнуўся да Даніэля: «Даніэлю, паслугач жывога Бога, ці Бог твой, Якому служыш так верна, не змог вызваліць цябе ад ільвоў?»
 
І, падышоўшы да ямы, крыкнуў жаласным голасам Данелю, і адказаў кароль, і сказаў Данелю: «Данелю, слуга Бога жывога, ці Бог твой, Катораму ты кажначасна служыш, змог вывальніць цябе ад лявоў?»

І Даніэль адказаў цару: «Цару, вечна жыві!
 
Тады сказаў Данель каралю: «Каролю, жыві на векі!

Мой Бог паслаў Анёла Свайго, і Ён закрыў пашчы львам; і не скрыўдзілі яны мяне, бо перад Ім знайшлася ў мяне справядлівасць; але і адносна цябе, цару, не зрабіў я нічога благога».
 
Бог мой паслаў Ангіла Свайго і зачыніў ляпы лявоў, каб яны не пашкодзілі імне, бо як перад Ім нявіннасьць была знойдзена ў імне, так і табе, каролю, я не зрабіў ніякае шкоды».

Вельмі ўзрадаваўся тады цар з-за яго і загадаў дастаць Даніэля з рова; і выцягнулі Даніэля з рова, і не знойдзена было на ім ніводнай раны, бо даверыўся ён свайму Богу.
 
Тады кароль надзвычайна ўсьцешыўся зь яго і расказаў, каб вывялі Данеля зь ямы; дык Данель быў выняты зь ямы, і ніякае шкоды не знайшлі на ім, бо ён верыў у Бога свайго.

А цар загадаў, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі Даніэля, і ўкінулі ў ільвіны роў іх, і іх дзяцей, і іх жонак, і, перш чым упалі яны на дно рова, схапілі іх ільвы і раздрабілі іх косці.
 
І кароль расказаў, і прывялі тых людзёў, што зьвінавалі Данеля, і кінулі ў лявіную яму, іх, дзеці іхныя а жонкі іхныя; і не дасяглі яны далоўя ямы, як апанавалі іх лявы і разарвалі ўсі косьці іхныя.

Тады цар Дарый напісаў да ўсіх народаў, пакаленняў і моў, якія пражывалі на ўсёй зямлі: «Хай павялічваецца сярод вас супакой!
 
Тады кароль Дар напісаў усім людам, народам і мовам, што жылі на ўсёй зямлі: «Супакой хай множыцца вам!

Выдаю дэкрэт, каб на ўсім абсягу майго царства шанавалі і трымцелі перад Богам Даніэля: бо Ён ёсць Бог жывы і трывае на векі; і Валадарства Яго не будзе знішчана, і ўлада Яго — аж навек.
 
Ад мяне выданы пастаноў, каб у кажнай дзяржаве каралеўства майго людзі дрыжэлі а баяліся Бога Данелявага, бо Ён Бог жывы, вечнаіснуючы, і каралеўства Ягонае ня будзе зьнішчана, і ўлада Ягоная аж да канца.

Ён ратуе і вызваляе і творыць знакі і цуды на небе і на зямлі. Ён жа вызваліў Даніэля ад ільвоў».
 
Ён вывальняе а выбаўляе, і дзее знакі а чудосы на небе й на зямлі, Ён вывальніў Данеля ад лявоў».

А Даніэль цешыўся спагаднасцю ў цараванне Дарыя і ў валадаранне перса Кіра.
 
Дык гэты Данель меў дасьпех за дзяржавы Дара і за дзяржавы Кіра Пэрскага.