Ераміін Плач 1 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
О, як сумуе адзінокі горад, калісь такі людны, стаўся ён быццам удавою, валадар народаў; князь над правінцыямі, апынуўся ён пад данінаю.
Як стала сталіца адзінотнаю, поўная калісь люду! яна стала, як ўдава, яна, вялікая калісь сярод народаў, княгіня меж краінаў стала даньніцаю!
Горка ён плача ўсю ноч, і слёзы яго на шчаках яго, няма каму яго суцешыць з усіх прыяцеляў яго: усе сябры яго адвярнуліся ад яго, сталіся яму ворагамі.
Яна плачма плача ночы, і сьлёзы ейныя на шчоках у яе. Нямаш пацяшыцеля ёй з памеж усіх, што любілі яе; усі прыяцелі ейныя ізрадзілі яе, сталі непрыяцельмі яе.
Пайшоў на выгнанне Юда з прычыны прыцяснення і вялікай няволі; жыве ён між народамі, не знаходзіць супакою, усе пераследнікі яго ловяць яго сярод прыцясненняў.
Юдэя ўзята ў палон з прычыны гора й вялікае няволі, жывець меж народаў, не знаходзе супакою; усі перасьледаваньнікі ейныя насьпелі яе ў цесных праходах.
Дарогі Сіёна пустуюць, бо няма нікога, хто б пайшоў на святы; усе брамы яго панішчаны, войкаюць святары ў смутку, дзяўчаты яго зняважаны, і сам ён горыччу прыгнечаны.
У жалобе гасьцінцы Сыёну: ніхто ня прыходзе на ўрочыстасьці; усі брамы яго спусьцелі; сьвятары яго ўздыхаюць; дзеўкі яго гаруюць, і горка яму.
Ворагі сталі на чале яго, непрыяцелі яго жывуць бяспечна, Госпад бо яго прыціснуў моцна за многія яго злачынствы. Дзяцей яго вядуць нявольнікамі пад наглядам крыўдзіцеля.
Праціўнікі ягоныя начэльнікамі, непрыяцелі ягоныя маюць дасьпех, бо СПАДАР зьнемарасьціў яго за множасьць выступаў ягоных; дзеці ягоныя йдуць у палон сьпераду непрыяцеля.
І страціла дачка Сіёна ўсю дастойнасць сваю, кіраўнікі яе — як алені, не знаходзячыя пашы сабе; валакуцца зняможаныя на вачах пераследніка.
І адышла ад дачкі Сыёну ўся харашыня ейная; князі ейныя сталі як алені, што не знаходзяць пашы, і пашлі бязь сілы сьпераду гонячага.
Успомніў Ерузалім дні гора свайго і выгнання, усе каштоўнасці свае, якія меў у даўнасці, пакуль не ўпаў народ яго ў рукі варожыя і ніхто яму не дапамог; бачылі яго ворагі і насміхаліся з загубы яго.
За дзён гароты а немарасьці свае, як люд яго ўпаў у руку непрыяцеля, і ніхто не паможа яму, непрыяцелі бачаць яго й сьмяюцца із сыботаў ягоных, — ўспомнеў Ерузалім усю любату сваю, што ён меў за дзён даўнейшых.
Зграшыў цяжка Ерузалім, таму стаўся абрыдлым для ўсіх; усе, хто ганарыліся ім, пагардзілі ім, бо бачылі подласць яго: сам ён, уздыхаючы, павярнуўся назад.
Грэхам ізграшыла дачка Ерузаліму, за тое здалілі яе як нячыстую; усі, што паважалі яе, грэбуюць ёй, бо яны бачылі голасьць яе; але, яна ўздыхае й адварачаецца.
На краях шатаў яго — бруд, не ўспамінае ён пра будучыню сваю, страшна зняважаны ён, не мае нікога, хто б пацешыў. «Пабач, Госпадзе, гора маё, бо перамогу бярэ вораг».
Нечысьць ейная была на крысах ейных, яна ня думала праз свой апошні канец; ад тога цяжка ўпала, ня было пацяшыцеля ў яе. «Глянь, СПАДАРУ, на гароту маю, бо непрыяцель узьвяльмуваўся».
Вораг працягнуў руку сваю на ўсе яго каштоўнасці, а ён глядзеў на паганаў, як уварваліся ў святыню яго, хоць забараніў Ты ім уваходзіць на сход Твой.
Праціўнік выцягнуў руку сваю на ўсі любовыя рэчы ейныя, яна бачыла, што пагане ўвыйшлі ў сьвятыню, праз каторых Ты расказаў, каб яны ня ўходзілі на збор Твой.
Увесь народ яго стогне, шукаючы хлеба, на ежу выдалі каштоўнасці свае, каб ажывіць душу: «Зірні, Госпадзе, і ўзваж, бо стаўся я нікчэмны!
Увесь люд ейны ўздыхае, яны шукаюць хлеба, аддалі любовыя рэчы свае за еміну, каб ажывіць душу. «Глянь, СПАДАРУ, і прыгледзься, бо я стала зьняважанаю».
О вы ўсе, што ідзяце дарогаю, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсць пакута, як мая пакута, якую прыгатаваў мне, якою прыціснуў мяне Госпад у дзень, калі ўзгарэўся гнеў Яго.
«Ці гэта ня мае ўзрушаць вас, усі вы, праходзячыя міма? Прыгледзьцеся й паглядзіце, ці ё які боль, як мой боль, што зроблены імне, каторым СПАДАР зьнемарасьціў у дзень палкага гневу Свайго.
З гары агонь саслаў Ён, запусціў яго ў косці мае; раскінуў сець на ногі мае, павярнуў Ён мяне назад: пакінуў мяне адзінокага, апанаванага тугой увесь дзень.
З вышы Ён паслаў цяпло ў косьці мае, і яно перамагло іх; расьцягнуў сетку пад ногі мае, павярнуў мяне назад, зрабіў мяне спустошанаю а мляваю ўвесь дзень.
Сачыў Ён за маімі злачынствамі, рукой Яго згорнуты яны ды ўскладзены на шыю маю, аслабіў Ён сілу маю. Аддаў мяне Госпад у руку, з якой не змагу ніяк падняцца.
Іго выступкаў маіх зьвязана рукою Ягонаю; яны скруціліся, узышлі на шыю маю; Ён прычыніў упадак сілы мае; СПАДАР аддаў мяне ў рукі, з каторых я не магу падняцца.
Выдаліў спасярод мяне Госпад усіх волатаў маіх, зборышча прызваў супраць мяне, каб знішчыць юнакоў маіх, як вінатокам, стаптаў Госпад дзеву, дачку Юды.
СПАДАР патаптаў усіх дужых сярод мяне, згукаў на ўрочысты збор на мяне, каб патрышчыць дзяцюкоў маіх; як у таўчэльні, Спадар патоўк дзеўку, дачку Юдзіну.
Таму я і плачу, ды вока маё цячэ слязой, бо далёкім ад мяне стаўся Суцяшальнік, Той, Хто ажыўляе душу маю; сыны мае прапалі, бо перамог вораг».
З гэтае прычыны я плачу; вока мае, вока мае выцякае вадою; бо далёка ад мяне пацяшыцель, што ажывіў бы душу маю; дзеці мае спустошаны, бо непрыяцель перамог».
Распасцёр Сіён рукі свае — няма каму яго суцяшаць, Госпад даў загад супраць Якуба, ворагі яго акружылі, стаўся Ерузалім, як спаганены нячыстасцю між імі.
Сыён выцягае рукі свае, няма каму пацешыць яго. СПАДАР расказаў празь Якава: праціўнікі ягоныя будуць навокал яго; Ерузалім памеж іх, як здаленая за нечысьць.
«Справядлівы ёсць Госпад, бо супрацівіўся я слову вуснаў Яго. Слухайце, малю, усенькія народы, ды паглядзіце на боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў няволю.
«СПАДАР справядлівы, бо я збунтаваўся супроці расказаньня Ягонага. Слухайце, малю вас, усі люды, і паглядзіце на мучэньне мае: дзеўкі мае й дзяцюкі мае пашлі ў палон;
Клікаў я прыяцеляў сваіх, але яны мяне падманулі, святары мае і старэйшыны мае прапалі ў горадзе, бо шукалі харчоў сабе, каб ажывіць душу сваю.
Я гукаў тых, што любілі мяне, але яны зьвялі мяне; сьвятары мае а старцы мае каналі ў месьце, як шукалі ежы сабе, каб ажывіць душы свае.
Зірні, Госпадзе, бо я пакутую; трасецца нутро маё, сціскаецца сэрца маё ўва мне, бо я быў надзвычай праціўны Табе, на дварэ пагражае мне меч, а дома — смерць.
Глянь, СПАДАРУ, бо немарасна імне, нутр мой скорчыўся, сэрца мае перавярнулася ў імне, бо я надта збунтаваўся; вонках меч спабывае дзеці, ўнутры — як сьмерць.
Паслухай, як я ўздыхаю, — ды няма каму мяне пацешыць; усе ворагі мае, пачуўшы аб няшчасці маім, цешацца, бо Ты гэта зрабіў. Прывядзі той дзень, які Ты прадказаў, каб сталіся яны падобнымі да мяне.
Яны пачулі, што я ўздыхаю, і няма каму пацешыць мяне; усі варагі мае пачулі празь немарасьць маю, цешацца, што Ты ўчыніў; прывядзі дзень, менаваны Табою, і няхай ім будзе, як імне!
Няхай уся іх ліхота выйдзе перад аблічча Тваё, і ім зрабі так, як мне зрабіў дзеля ўсялякіх злачынстваў маіх; вялікія бо стагнанні мае і сэрца маё сумуе».
Няхай уся нягоднасьць іхная стане перад Табою, і ўчыні ім, як учыніў імне за ўсі выступкі мае, бо чысьленыя ўздыхі мае, і сэрца мае замлела».