Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Даніэля 9 Даніэля 9 разьдзел

1 У першы год Дарыя з роду мідзян, сына Асуэра, які валадарыў над царствам халдэйскім,
2 у першы год яго царавання я, Даніэль, зацікавіўся ў кнігах лікам гадоў, аб якім аб’явіў Госпад прароку Ярэмію, каб споўнілася спусташэнне Ерузаліма праз семдзесят гадоў;
3 і я звярнуў твар мой да Госпада, Бога майго, каб я прасіў і маліўся ў пастах, зрэбніцы ды попеле.
4 І маліўся да Госпада Бога, і прызваў, і казаў: «О Госпадзе, Божа вялікі і страшны, Які пільнуеш запавет і міласэрнасць да тых, што Цябе шануюць і пільнуюць Твае прыказанні!
5 Зграшылі мы, несправядліва дзейнічалі, дапусціліся злачынстваў, і ўзбунтаваліся, і адышлі ад Тваіх загадаў і Тваіх прыказанняў;
6 не былі паслухмяныя Тваім паслугачам, прарокам, якія прамовілі ў Тваё імя да нашых цароў, да нашых кіраўнікоў, да нашых бацькоў і да ўсяго народа зямлі.
7 Табе, Госпадзе, справядлівасць, нам жа — сорам на тварах, як сёння: чалавеку Юды і жыхарам Ерузаліма, і ўсяму Ізраэлю, блізкім і далёкім ва ўсіх краях, у якія выгнаў Ты іх з прычыны правіннасцей іх, якімі зграшылі перад Табой.
8 Госпадзе, сорам на твары нам, нашым царам, нашым кіраўнікам ды нашым бацькам, бо мы зграшылі супраць Цябе;
9 Госпаду ж, нашаму Богу, — міласэрнасць і ласка, бо мы адвярнуліся ад Цябе.
10 І не паслухалі голасу Госпада, Бога нашага, каб весці сябе па законе Яго, які ўстанавіў нам праз паслугачоў Сваіх — прарокаў;
11 ды ўвесь Ізраэль спракудзіўся адносна закону Твайго і адвярнуўся, каб не слухаць голасу Твайго, ды леглі на нас праклён і ганьба, якія былі запісаны ў кнізе Майсея, паслугача Бога, зграшылі бо мы перад Ім.
12 І споўніў словы Свае, якія выказаў супраць нас і нашых суддзяў, якія судзілі нас так, што прывялі яны на нас вялікую бяду, якой не было ніколі пад усім небам, паводле якой сталася ў Ерузаліме.
13 Так было запісана ў законе Майсеевым — прыйшло на нас усё гэтае няшчасце; і не папрасілі мы аблічча Госпада, Бога нашага, каб адвярнуцца ад сваіх правіннасцей ды здабыць пазнанне Тваёй праўды.
14 Дык рашыўся Госпад на пакаранне і ўзвёў яго на нас, бо Госпад, наш Бог, ёсць справядлівы ва ўсіх Сваіх дзеяннях, якія Ён зрабіў, мы бо не паслухалі голасу Яго.
15 І цяпер, Госпадзе, Божа наш, Ты, што вывеў Свой народ з зямлі Егіпецкай дужай рукою і здабыў Сабе імя, як гэта [ёсць] і сёння, мы зграшылі, дапусціліся несправядлівасці.
16 Госпадзе, дзеля ўсякай справядлівасці Тваёй, прашу: хай спыніцца гнеў Твой і абурэнне Тваё над горадам Тваім Ерузалімам і над Тваёю святою гарой: бо дзеля грахоў нашых і несправядлівасцей бацькоў нашых стаў Ерузалім і Твой народ ганьбаю для ўсіх акружаючых нас.
17 Такім чынам, цяпер, Божа наш, выслухай маленне паслугача Твайго і яго просьбы і пакажы аблічча Тваё над святыняй Тваёй, якая спустошана, дзеля Самога Цябе!
18 Нахілі вуха Сваё, мой Божа, і выслухай! Адкрый вочы Свае і пабач спусташэнне наша і горад, над якім было прызвана імя Тваё! Бо не ў апраўданне сваё прадстаўляем малітвы перад аблічча Тваё, але дзеля літасці Тваёй вялікай.
19 Выслухай, Госпадзе! Злітуйся, Госпадзе! Зважай і дзейнічай дзеля Сябе Самога, не марудзячы, мой Божа, бо імя Тваё прызвана было над горадам і над народам Тваім».
20 І калі я яшчэ гаварыў, і маліўся, і вызнаваў грахі свае і грахі народа майго Ізраэля, і выкладаў просьбы свае перад абліччам Бога майго за гару святую Бога майго,
21 калі яшчэ працягваў я малітву, вось, муж Габрыэль, якога бачыў я перад тым у бачанні, дакрануўся да мяне, хутка лятаючы, у час вячэрняй ахвяры;
22 і навучаў мяне, і гаварыў, і сказаў мне: «Даніэлю, выйшаў я цяпер, каб навучыць цябе і каб зразумеў ты.
23 Ад пачатку маленняў тваіх выйшла слова; я ж прыбыў, каб паведаміць табе, бо ты чалавек пажаданняў, дык звярні ўвагу на слова і зразумей бачанне.
24 Устаноўлена семдзесят тыдняў над народам тваім і над святым горадам тваім, каб знішчыць злачыннасць, і каб грэх скончыць, і каб знішчыць несправядлівасць, і каб увесці вечную справядлівасць, і каб здзейснілася з’ява і прароцтвы, і каб быў намашчоны Святы з святых.
25 Такім чынам, ведай і разумей: ад сказанага слова, што зноў будзе адбудаваны Ерузалім, аж да Правадыра Намашчэнца — сем тыдняў. І пройдуць шэсцьдзесят два тыдні; і зноў будуць адбудаваны плошча і муры, але ў часы прыгнёту.
26 І па шасцідзесяці двух тыднях Намашчэнец будзе забіты; і нічога ў Яго не будзе; і горад, і святыню знішчыць народ маючага прыйсці Правадыра, і апусташэнне да канца яго, і аж да канца вайны ўстаноўлена апусташэнне.
27 Умацуе ж запавет з многімі ў адзін тыдзень; і ў палавіне тыдня спыніць крывавыя ахвяры і ахвяраванне, і на крыле агіднасці будзе разбуральнік, і ад гэтае пары знішчэнне і вырашэнне будуць абрушвацца на разбуральніка».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Даніэля, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017