Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Даніэля 14 Даніэля 14 разьдзел

1 * І цар Астыяг далучыўся да бацькоў сваіх, і прыняў царства яго перс Кір.
2 А Даніэль быў царскім сатрапезнікам і перавышаў важнасцю ўсіх яго прыяцеляў.
3 Бабілонцы таксама пакланяліся ідалу на імя Бэл, і ўскладаліся яму штодзень дванаццаць мерак найчысцейшай мукі, і сорак авечак, і шэсць глякоў віна.
4 Пакланяўся яму і цар і прыходзіў штодзень, каб аддаць яму паклон; Даніэль жа славіў свайго Бога.
5 І сказаў яму цар: «Чаму не пакланяешся Бэлу?» Ён яму адказаў: «Бо я слаўлю не ідалаў, зробленых рукамі, але Бога жывога, Які стварыў неба і зямлю ды мае ўладу над усімі істотамі».
6 Ды сказаў яму цар: «Табе здаецца, што Бэл нежывы Бог? А ці не бачыш, колькі ён з’ядае і п’е штодзень?»
7 І Даніэль адказаў, смеючыся: «Ты памыляешся, цару; ён бо ў сярэдзіне з гліны і зверху з медзі, і ніколі ён не еў і не піў».
8 І разгневаны цар склікаў святароў сваіх і сказаў ім: «Калі не скажаце мне, хто з’ядае гэтыя ахвяры, — памраце;
9 а калі дакажаце, што Бэл з’ядае гэта, Даніэль памрэ, бо сплявузгаў на Бэла». І сказаў Даніэль цару: «Хай здзейсніцца слова тваё».
10 Было ж семдзесят святароў Бэла, апрача жонак, і малых, і сыноў. І прыйшоў цар з Даніэлем у храм Бэла.
11 І святары Бэла сказалі: «Вось, мы выходзім вонкі; і ты, цару, прынясі ежу, і змяшай віно, і пастаў яго, і замкні дзверы, і запячаткуй сваім пярсцёнкам;
12 і калі ўвойдзеш раніцай і не знойдзеш, што Бэл з’еў усё, памром смерцю мы, або хай памрэ Даніэль, які ачарніў нас».
13 Не турбаваліся яны, бо зрабілі яны пад сталом ахвярным патаемны ўваход, і праз яго ўваходзілі заўсёды, і з’ядалі ўсё.
14 Дык сталася, калі выйшлі яны і цар паклаў ежу для Бэла, Даніэль загадаў паслугачам сваім прынесці попелу і пасыпаць праз увесь храм у прысутнасці толькі самога цара, і, выйшаўшы, заперлі дзверы, і, запячаткаваўшы царскім пярсцёнкам, пайшлі.
15 Святары ж увайшлі, як звычайна, ноччу разам з жонкамі і са сваімі дзецьмі, і з’елі ўсё і выпілі.
16 Цар жа ўстаў раніцай, і Даніэль разам з ім;
17 і цар сказаў: «Даніэлю, ці пячаткі не парушаны?» Ён адказаў: «Не парушаны, цару».
18 І, як толькі адкрыў дзверы, глянуў цар на стол ахвярны і закрычаў вельмі моцным голасам: «Вялікі ты, Бэлу, і няма ў цябе ніякай хітрасці!»
19 Даніэль жа ўсміхнуўся і ўтрымаў цара ад уваходу ўнутр, кажучы: «Глянь толькі на падлогу і пабач, чые гэта сляды?»
20 Цар жа сказаў: «Бачу сляды мужчын, і жанчын, і дзяцей».
21 І разгневаўся цар. Тады ён загадаў схапіць святароў, і жонак іх, і дзяцей, дык паказалі яму патаемны ўваход, праз які ўваходзілі і з’ядалі тое, што было на стале.
22 Такім чынам, цар загадаў іх забіць, і Бэла аддаў пад уладу Даніэля, які яго знішчыў разам з храмам яго.
23 І быў вялікі вуж, і яму пакланяліся бабілонцы.
24 І цар сказаў Даніэлю: «Немагчыма сказаць, што гэта не ёсць бог жывы; такім чынам, пакланіся яму».
25 І Даніль сказаў: «Госпаду, Богу майму, буду пакланяцца, бо Ён ёсць Бог жывы.
26 Ты ж, цару, дай мне ўладу, і я заб’ю вужа без дапамогі меча і палкі». І цар адказаў: «Даю табе такое».
27 Дык Даніэль узяў смалы, і лою, і валасоў і спёк разам; і нарабіў булак, і кінуў у пашчу вужа. І калі вуж з’еў, то лопнуў. І ён сказаў: «Вось каму вы пакланяліся».
28 Калі пачулі пра гэта бабілонцы, ахапіла іх вялікае абурэнне, і сабраліся супраць цара, і казалі: «Цар стаўся юдэем; Бэла загадаў пабіць, вужа разадраць, і святароў забіў».
29 І, пайшоўшы да цара, сказалі: «Аддай нам Даніэля; інакш заб’ём цябе і дом твой».
30 Такім чынам, убачыў цар, што дужа насядаюць на яго, і, змушаны неабходнасцю, выдаў ім Даніэля.
31 Яны кінулі яго ў ільвіны роў, дзе прабываў ён шэсць дзён.
32 Было ж у рове сем ільвоў, і давалі ім два целы людскія і дзве авечкі штодзень; і ў той час не далі ім нічога, каб з’елі Даніэля.
33 А ў Юдэі быў прарок Абакук, і зварыў ён поліўку, і пакрышыў хлеб у пасудзіне, і пайшоў на поле, каб занесці гэта жняцам.
34 І анёл Госпадаў прамовіў да Абакука: «Занясі абед, які маеш, Даніэлю ў Бабілон, у роў ільвіны».
35 І Абакук адказаў: «Госпадзе, я ніколі не бачыў Бабілона і не ведаю рова львінага».
36 Ды ўхапіў яго анёл за цемя яго, і панёс яго за валасы галавы яго, прынёс у Бабілон на край рова ў моцы духу свайго.
37 І закрычаў Абакук, кажучы: «Даніэлю! Даніэлю! Вазьмі абед, які табе Бог пасылае!»
38 І Даніэль сказаў: «Божа, памятаў Ты пра мяне і не пакінуў таго, хто Цябе шануе!»
39 І Даніэль, падняўшыся, паеў. А анёл Божы вярнуў імгненна Абакука на папярэдняе месца.
40 Такім чынам, цар прыйшоў на сёмы дзень, каб плакаць па Даніэлю; і прыйшоў да рова і ўбачыў Даніэля, які сядзеў.
41 І закрычаў цар моцным голасам, кажучы: «Вялікі Ты, Госпадзе, Божа Даніэля, і няма ніводнага, акрамя Цябе!»
42 Тых жа, якія хацелі яго загубы, укінуў у роў; і былі яны зараз жа ў яго прысутнасці з’едзены.

Каментары ці зноскі:

1 * Далейшыя, аж да канца Кнігі, вершы дапоўнены адпаведна з каталіцкай і праваслаўнай традыцыяй.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Даніэля, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017