Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Летапісу 15 2 Летапісу 15 разьдзел

1 І Дух Божы зышоў на Азару Одэдзёнка.
2 І вышаў ён наўпярэймы Асе, і сказаў яму: «Паслухайце мяне Аса а ўвесь Юда а Венямін: СПАДАР із вамі, як вы зь ім; і калі будзеце шукаць Яго, знойдзеце Яго; калі ж пакінеце Яго, Ён пакіне вас.
3 І шмат дзён Ізраель быў без праўдзівага Бога, і без сьвятара-вучыцеля, і бяз Права;
4 Але як яны ў немарасьці сваёй навярнуліся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага, і шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці.
5 І тых часоў ня было супакою таму, хто вышаў, ані таму хто ўвыйшоў; бо вялікая замятня была ў вусіх жыхараў земляў.
6 І народ губіў народ, і места — места, бо СПАДАР парушаў іх усімі немарасьцьмі.
7 Але вы будзьце моцныя, і хай ня слабнуць рукі вашыя, бо Ён надгарода за ўчынкі вашыя».
8 І як Аса пачуў гэтыя словы а прароцтвы Одэдзёнка прарокі, ён асьмеліўся й выкінуў агідныя балваны з усяе зямлі Юдзінае а зь Веняміновае а зь местаў, што ён заваяваў на гары Яхрэмавай, і аднавіў аброчнік СПАДАРОЎ, каторы перад сеньмі СПАДАРОВЫМІ.
9 І зьбер усяго Юду а Веняміна а чужнікоў ізь імі зь Яхрэма а Манаса а із Сымона, бо множасьць іх перайшло з Ізраеля, як яны абачылі, што СПАДАР, Бог ягоны, зь ім.
10 І зьберліся да Ерузаліму трэйцяга месяца, пятнанцатага году дзяржавы Асы;
11 І абраклі таго дня СПАДАРУ із здабытку, каторы прывялі, з буйнога статку сямсот і з драбнога сем тысячаў;
12 І ўвыйшлі ў змову, каб шукаць СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, з усяго сэрца свайго і з усяе душы свае.
13 А кажны, хто ня будзе шукаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жонкі.
14 І прысягалі СПАДАРУ голасна, і з гуканьням, і з трубамі, і з рагамі.
15 І цешыліся ўсі Юдэі з гэтае прысягі, бо прысягалі з усяго сэрца свайго, і з усім жаданьням шукалі Яго, і Ён даўся ім знайсьці. І даў ім СПАДАР супакой навокал.
16 І Мааху, маці сваю, кароль спабыў годнасьці караліцы за тое, што яна зрабіла агіду ў гаю. І пасек Аса балвана, і патоўк, і спаліў ля цур’я Кідрону.
17 Хоць узвышшы ня былі аддалены ў Ізраелю, але сэрца Асіна было дасканальнае ўсі дні яго.
18 І прынёс ён да дому СПАДАРОВАГА пасьвячэньні айца свайго і свае пасьвячэньні — срэбра а золата а судзьдзё.
19 І ня было вайны да трыццаць пятага году дзяржавы Асы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісу, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.