Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Летапісу 12 2 Летапісу 12 разьдзел

1 І сталася, як каралеўства Рэговоамова ўтрывалілася, і ён стаў дужым, тады пакінуў ён права СПАДАРОВА, і ўвесь Ізраель ізь ім.
2 І сталася на пятым годзе караляваньня Рэговоамовага, што ўзышоў Шышак, кароль Ягіпецкі, на Ерузалім, — бо яны ізрадзілі СПАДАРА, —
3 З тысяча дзьвесьце цялежкамі і з шасьцьдзясят тысячамі коньнікаў; і ня было ліку люду, што прышоў ізь ім ізь Ягіпту, Лібянам, Суккіімам а Ефіоплянам;
4 І ўзяў умацаваныя месты ў Юдэі, і прышоў да Ерузаліму.
5 І прышоў Шэмая прарока да Рэговоама а князёў Юдэі, што былі зьбершыся ў Ерузаліме, ад Шышака, і сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР: "Вы пакінулі Мяне, за тое Я пакіну вас у рукі Шышаку"».
6 І ўкарыліся князі Ізраелявы а кароль, і сказалі: «Справядлівы СПАДАР!»
7 Як абачыў СПАДАР, што яны ўкарыліся, тады было слова СПАДАРОВА да Шэмаі, кажучы: «Яны ўкарыліся; ня выгублю іх, і неўзабаве дам ім выбаўленьне, і ня выльлецца гнеў Мой на Ерузалім рукою Шышаковаю;
8 Будуць яны, адылі, нявольнікамі ягонымі, каб ведалі, што знача служыць Імне і служыць каралеўствам земным».
9 І ўзышоў Шышак, кароль Ягіпецкі, да Ерузаліму, і ўзяў скарбы дому СПАДАРОВАГА й скарбы дому каралеўскага; усе ўзяў ён: узяў і малыя шчыты залатыя, каторыя зрабіў Салямон.
10 І зрабіў кароль Рэговоам замест іх малыя шчыты мядзяныя, і паручыў іх начэльніку ганцоў, што сьцераглі ўход да дому каралеўскага.
11 І, як толькі кароль уходзіў да дому СПАДАРОВАГА, прыходзілі ганцы, і несьлі іх, і адносілі іх ізноў да пакою ганцоў.
12 І як ён укарыўся, тады адвярнуўся ад яго гнеў СПАДАРОЎ і ня згубіў яго канчальна; дый у Юдэі было шмат чаго добрага.
13 І ўмацаваўся кароль Рэговоам у Ерузаліме, і гаспадарстваваў; бо сорак адзін год быў Рэговоаму, як ён загаспадарстваваў, і сямнанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме, у месьце, што з усіх плямёнаў Ізраелявых абраў СПАДАР, каб там перабывала імя Ягонае. Імя маці ягонае Наама Амонянка.
14 І рабіў ён ліха, бо не прыгатаваў сэрца свайго да тога, каб шукаць СПАДАРА.
15 І справы Рэговоамовы, першыя й апошнія, ціж не апісаны яны ў кнігах Шэмаі прарокі й Адды відзеньніка: «Радаводныя кнігі»? І былі войны ў Рэговоама зь Еровоамом усі дні.
16 І супачыў Рэговоам із айцамі сваімі, і пахаваны ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Авія, сын ягоны, замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісу, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.