1 Калі царства Раваама ўцьвердзілася, і ён зрабіўся моцны, тады ён пакінуў закон Гасподні, і ўвесь Ізраіль зь ім.
2 На пятым годзе валадараньня Раваама, Сусакім, цар Егіпецкі, пайшоў на Ерусалім, — бо яны адступіліся ад Госпада, —
3 з тысячаю і дзьвюмастамі калясьніц і шасьцюдзесяцьцю тысячамі коньнікаў; і ня было ліку народу, які прыйшоў зь ім зь Егіпта, Лівійцаў, Сукхітаў і Эфіопаў;
4 і ўзяў умацаваныя гарады ў Юдэі і прыйшоў да Ерусаліма.
5 Тады Самэй прарок прыйшоў да Раваама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерусалім, ратуючыся ад Сусакіма, і сказаў ім: так кажа Гасподзь: вы пакінулі Мяне, затое і Я пакіну вас у рукі Сусакіму.
6 І ўпакорыліся князі Ізраілевыя і цар і сказалі: справядлівы Гасподзь.
7 Калі ўбачыў Гасподзь, што яны ўпакорыліся, тады было слова Гасподняе Самэю, і сказана: яны ўпакорыліся; ня зьнішчу іх і неўзабаве дам і ўратаваньне, і не пральецца гнеў Мой на Ерусалім рукою Сусакіма;
8 аднак яны будуць слугамі ягонымі, каб ведалі, як служыць Мне і служыць царствам зямным.
9 І прыйшоў Сусакім, цар Егіпецкі, ў Ерусалім і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага; усё ўзяў ён, узяў і шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.
10 І зрабіў цар Раваам замест іх шчыты медныя, і аддаў іх на рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход дома царскага.
11 Калі выходзіў цар у дом Гасподні, прыходзілі целаахоўцы і несьлі іх, і потым зноў выносілі іх у палату целаахоўцаў.
12 І калі ён упакорыўся, тады адхіліўся ад яго гнеў Госпада, і не загубіў яго да канца; прытым і ў Юдэі было нешта добрае.
13 І ўмацаваўся цар Раваам у Ерусаліме і валадарыў. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які з усіх плямёнаў Ізраілевых выбраў Гасподзь, каб там было імя Ягонае. Імя маці яго Наама, Аманіцянка.
14 І рабіў ён ліхое, бо ня схіліў сэрца свайго да таго, каб уісьціць Госпада.
15 Дзеі Раваамавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самэя прарока і Ады празорліўца пры радаводах. І былі войны ў Раваама зь Ераваамам ва ўсе дні.
16 І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны ў горадзе Давідавым. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другая кніга летапісаў, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002