Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

2 летапісаў 26 2-я летапісаў 26 разьдзел

1 І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азію, якому было шаснаццаць гадоў, і паставіў яго царом на месца бацькі ягонага Амасіі.
2 Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як спачыў цар з бацькамі сваімі.
3 Шаснаццаць гадоў было Азіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ехалія зь Ерусаліма.
4 І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Амасія, бацька ягоны;
5 і прыходзіў ён да Бога ў дні Захара, які вучыў страху Божаму; і ў тыя дні, калі ён прыходзіў да Госпада, даваў яму Бог посьпех.
6 І ён выйшаў і біўся зь Філістымлянамі, і разбурыў сьцены Гэта і сьцены Яўнэі і сьцены Азота; і пабудаваў гарады ў вобласьці Азоцкай і ў Філістымлянаў.
7 І памагаў яму Бог супроць Філістымлянаў і супроць Аравіцянаў, якія жылі ў Гур-Ваале, і супроць Мэўніцянаў;
8 і давалі Аманіцяне даніну Азіі, і дайшло імя яго да межаў Егіпта, таму што ён быў даволі моцны.
9 І пабудаваў Азія вежы ў Ерусаліме над брамамі вуглавымі і над брамамі даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
10 І пабудаваў вежы ў пустыні, і зрабіў многа вадаёмаў, бо меў шмат быдла, і ў нізіне і на раўніне, і землеўладальнікаў і садоўнікаў на гарах і на Карміле, бо ён любіў земляробства.
11 Было ў Азіі і войска, якое выходзіла на вайну атрадамі, і па ліку ў сьпісе іх, складзеным рукою Еэла пісца і Маасэі наглядчыка, пад кіраўніцтвам Хананіі, аднаго з галоўных саноўнікаў царскіх.
12 Уся лічба ўзначальцаў пакаленьняў, з адважных воінаў, было дзьве тысячы шасьцьсот,
13 і пад рукою ў іх ваеннай сілы трыста сем тысяч пяцьсот, што ўступалі ў бітву з воінскай мужнасьцю, на дапамогу цару супроць няпрыяцеля.
14 І падрыхтаваў для іх Азія, для ўсяго войска, шчыты і дзіды і шаломы і латы, і лукі і прашчныя камяні.
15 І зрабіў ён у Ерусаліме вынаходліва прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах і на вуглах для кіданьня стрэл і вялікіх камянёў. І пранеслася імя яго далёка, бо ён дзівосна асланіў сябе і зрабіўся моцны.
16 Але калі ён зрабіўся моцны, заганарылася сэрца ягонае на пагібель яго, і ён зрабіўся злачынцам прад Госпадам Богам сваім, бо ўвайшоў у храм Гасподні, каб задыміць фіміям на алтары кадзільным.
17 І пайшоў за ім Азарыя сьвятар, і зь ім восемдзесят сьвятароў Гасподніх, людзей выдатных,
18 і ўсупрацівіліся Азію цару і сказалі яму: не табе, Азія, кадзіць Госпаду; гэта сьвятарам, сынам Ааронавым, пасьвечаным для каджэньня; выйдзі са сьвятыні, бо ты зрабіў беззаконна, і ня будзе табе гэта ў гонар у Госпада Бога.
19 І разгневаўся Азія, — а ў руцэ ў яго кадзільніца для каджэньня; і калі разгневаўся ён на сьвятароў, праказа явілася на лобе ў яго, перад абліччам сьвятароў, у доме Гасподнім, каля алтара кадзільнага.
20 І зірнуў на яго Азарыя першасьвятар і ўсе сьвятары; і вось у яго праказа на лобе ягоным. І змушалі яго выйсьці адтуль, ды і сам ён сьпяшаўся выйсьці, бо пакараў яго Гасподзь.
21 І быў цар Азія пракажоны да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме і адлучаны быў ад дома Гасподняга. А Ёатам, сын ягоны, начальнічаў над домам царскім і кіраваў народам зямлі.
22 Астатнія дзеі Азіі, першыя і апошнія, апісаў Ісая, сын Амоса прарок.
23 І спачыў Азія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі царскіх магільніц, бо казалі: ён пракажоны. І зацараваў Ёатам, сын ягоны, замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга летапісаў, 26 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002