2 летапісаў 12 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Калі царства Раваама ўцьвердзілася, і ён зрабіўся моцны, тады ён пакінуў закон Гасподні, і ўвесь Ізраіль зь ім.
І сталася, як каралеўства Рэговоамова ўтрывалілася, і ён стаў дужым, тады пакінуў ён права СПАДАРОВА, і ўвесь Ізраель ізь ім.
На пятым годзе валадараньня Раваама, Сусакім, цар Егіпецкі, пайшоў на Ерусалім, — бо яны адступіліся ад Госпада, —
І сталася на пятым годзе караляваньня Рэговоамовага, што ўзышоў Шышак, кароль Ягіпецкі, на Ерузалім, — бо яны ізрадзілі СПАДАРА, —
з тысячаю і дзьвюмастамі калясьніц і шасьцюдзесяцьцю тысячамі коньнікаў; і ня было ліку народу, які прыйшоў зь ім зь Егіпта, Лівійцаў, Сукхітаў і Эфіопаў;
З тысяча дзьвесьце цялежкамі і з шасьцьдзясят тысячамі коньнікаў; і ня было ліку люду, што прышоў ізь ім ізь Ягіпту, Лібянам, Суккіімам а Ефіоплянам;
і ўзяў умацаваныя гарады ў Юдэі і прыйшоў да Ерусаліма.
І ўзяў умацаваныя месты ў Юдэі, і прышоў да Ерузаліму.
Тады Самэй прарок прыйшоў да Раваама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерусалім, ратуючыся ад Сусакіма, і сказаў ім: так кажа Гасподзь: вы пакінулі Мяне, затое і Я пакіну вас у рукі Сусакіму.
І прышоў Шэмая прарока да Рэговоама а князёў Юдэі, што былі зьбершыся ў Ерузаліме, ад Шышака, і сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР: "Вы пакінулі Мяне, за тое Я пакіну вас у рукі Шышаку"».
І ўпакорыліся князі Ізраілевыя і цар і сказалі: справядлівы Гасподзь.
І ўкарыліся князі Ізраелявы а кароль, і сказалі: «Справядлівы СПАДАР!»
Калі ўбачыў Гасподзь, што яны ўпакорыліся, тады было слова Гасподняе Самэю, і сказана: яны ўпакорыліся; ня зьнішчу іх і неўзабаве дам і ўратаваньне, і не пральецца гнеў Мой на Ерусалім рукою Сусакіма;
Як абачыў СПАДАР, што яны ўкарыліся, тады было слова СПАДАРОВА да Шэмаі, кажучы: «Яны ўкарыліся; ня выгублю іх, і неўзабаве дам ім выбаўленьне, і ня выльлецца гнеў Мой на Ерузалім рукою Шышаковаю;
аднак яны будуць слугамі ягонымі, каб ведалі, як служыць Мне і служыць царствам зямным.
Будуць яны, адылі, нявольнікамі ягонымі, каб ведалі, што знача служыць Імне і служыць каралеўствам земным».
І прыйшоў Сусакім, цар Егіпецкі, ў Ерусалім і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага; усё ўзяў ён, узяў і шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.
І ўзышоў Шышак, кароль Ягіпецкі, да Ерузаліму, і ўзяў скарбы дому СПАДАРОВАГА й скарбы дому каралеўскага; усе ўзяў ён: узяў і малыя шчыты залатыя, каторыя зрабіў Салямон.
І зрабіў цар Раваам замест іх шчыты медныя, і аддаў іх на рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход дома царскага.
І зрабіў кароль Рэговоам замест іх малыя шчыты мядзяныя, і паручыў іх начэльніку ганцоў, што сьцераглі ўход да дому каралеўскага.
Калі выходзіў цар у дом Гасподні, прыходзілі целаахоўцы і несьлі іх, і потым зноў выносілі іх у палату целаахоўцаў.
І, як толькі кароль уходзіў да дому СПАДАРОВАГА, прыходзілі ганцы, і несьлі іх, і адносілі іх ізноў да пакою ганцоў.
І калі ён упакорыўся, тады адхіліўся ад яго гнеў Госпада, і не загубіў яго да канца; прытым і ў Юдэі было нешта добрае.
І як ён укарыўся, тады адвярнуўся ад яго гнеў СПАДАРОЎ і ня згубіў яго канчальна; дый у Юдэі было шмат чаго добрага.
І ўмацаваўся цар Раваам у Ерусаліме і валадарыў. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які з усіх плямёнаў Ізраілевых выбраў Гасподзь, каб там было імя Ягонае. Імя маці яго Наама, Аманіцянка.
І ўмацаваўся кароль Рэговоам у Ерузаліме, і гаспадарстваваў; бо сорак адзін год быў Рэговоаму, як ён загаспадарстваваў, і сямнанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме, у месьце, што з усіх плямёнаў Ізраелявых абраў СПАДАР, каб там перабывала імя Ягонае. Імя маці ягонае Наама Амонянка.
І рабіў ён ліхое, бо ня схіліў сэрца свайго да таго, каб уісьціць Госпада.
І рабіў ён ліха, бо не прыгатаваў сэрца свайго да тога, каб шукаць СПАДАРА.
Дзеі Раваамавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самэя прарока і Ады празорліўца пры радаводах. І былі войны ў Раваама зь Ераваамам ва ўсе дні.
І справы Рэговоамовы, першыя й апошнія, ціж не апісаны яны ў кнігах Шэмаі прарокі й Адды відзеньніка: «Радаводныя кнігі»? І былі войны ў Рэговоама зь Еровоамом усі дні.
І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны ў горадзе Давідавым. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Рэговоам із айцамі сваімі, і пахаваны ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Авія, сын ягоны, замест яго.