2 летапісаў 34 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Восем гадоў было Ёсіі, калі ён зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме,
 
Восьмі год было Ёсі, як ён загаспадарстваваў, і трыццаць адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме.

і рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні налева, ні направа.
 
І рабіў ён справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў дарогамі Давіда, айца свайго, і не адхінуўся ані направа, ані налева.

На восьмым годзе валадараньня свайго, яшчэ калі быў хлопчыкам, ён пачаў прыходзіць да Бога Давіда, бацькі свайго, а на дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юдэю і Ерусалім ад вышыняў і прысьвечаных дрэў і ад разьбёных і літых куміраў.
 
І восьмага году дзяржавы свае, — а ён быў яшчэ малец, — ён пачаў шукаць Бога Давіда, айца свайго, а двананцатага году пачаў пратаць Юдэю а Ерузалім ад узвышшаў а гаёў і выразаных а выліваных абразоў.

І разбурылі перад абліччам ягоным ахвярнікі Ваалаў і статуі, якія ўзвышаліся над імі; і прысьвечаныя дрэвы ён сьсек, і разьбёныя літыя куміры паламаў і пабіў у пыл, і рассыпаў па магілах тых, якія прыносілі ім ахвяры,
 
І разбурылі перад ім аброчнікі Ваалаў, і сонечныя стаўпы, што былі на вышыні над імі, ён парэзаў; і гаі, і выразаныя а выліваныя балваны ён разьбіў а зьмяжджуліў а расьцярушыў на грабох тых, што ім абракалі;

і косьці жрацоў спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юдэю і Ерусалім,
 
І косьці сьвятароў ён спаліў на аброчніках іхных, і выпратаў Юдэю а Ерузалім.

і ў гарадах Манасіі і Яфрэма і Сімяона, да калена Нэфталімавага, і ў спустошаных ваколіцах іх
 
І ў местах Манасавых а Яхрэмавых а Сымонавых, аж да плямені Наффалімовага, і ў спустошаных аколіцах іхных

ён разбурыў ахвярнікі і прысьвечаныя дрэвы, і куміры разьбіў у пыл, і ўсе статуі пакрышыў і па ўсёй зямлі Ізраільскай, і вярнуўся ў Ерусалім.
 
Разламіў аброчнікі а гаі, і выразаныя балваны зьмяжджуліў, і пасек усі сонечныя стаўпы па ўсёй зямлі Ізраельскай; і ён зьвярнуўся да Ерузаліму.

На васямнаццатым годзе цараваньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і дома Божага, ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю начальніка горада і Ёаха, сына Ёахазавага, дзеяпісальніка, аднавіць дом Госпада Бога свайго.
 
Асьмінанцатага году дзяржавы свае, па выпратаньню зямлі а дому, ён паслаў Шафана Ацалёнка а Маасэю гараднічага а Ёага Ёагазёнка пісара, паправіць дом СПАДАРА, Бога свайго.

І прыйшлі яны да Хэлкіі першасьвятара і аддалі срэбра, прынесенае ў дом Божы, якое лявіты, якія стаяць на варце каля парога, сабралі з рук Манасіі і Яфрэма, і ўсіх іншых Ізраільцянаў, і ад усяго Юды і Веньяміна і ад жыхароў Ерусаліма,
 
І прышлі яны да Гілкі, найвышшага сьвятара, і аддалі срэбра, прынесенае да дому Божага, каторае Левітаве, на старожы ля парогу стаячыя, зьберлі з рук Манаса а Яхрэма а ўсіх засталых Ізраялян, і ад усёга Юды а Веняміна, і ад жыхараў Ерузаліму;

і аддалі ў рукі майстрам работ, што прыстаўленыя да дома Гасподняга, каб яны раздавалі яго работнікам, якія працуюць у доме Гасподнім на папраўленьні і аднаўленьні дома.
 
І аддалі ў рукі майстром-нагляднікам над домам СПАДАРОВЫМ, а гэтыя далі іх работнікам, што рабілі ў доме СПАДАРОВЫМ, каб паправіць а ўмацавадь дом.

І яны раздавалі цесьлярам і будаўнікам на куплю часанага каменю і дрэва на зьвязь і пакрыцьцё будынкаў, якія спустошылі цары Юдэйскія.
 
І яны далі цесьлям а будаўніком, купляць часаныя камяні а дзерва на вязі а на балькі дамоў, каторыя каралёве Юдэйскія папсавалі.

Людзі гэтыя дзеялі сумленна ў працы, і дзеля нагляду над імі былі пастаўлены Яхат і Авадыя, лявіты з сыноў Мэрарыных, і Захар і Мэшулам з сыноў Каатавых, і ўсе лявіты, якія ўмелі граць на музычных спарудах.
 
Людзі гэтыя рабілі работу пасьціва; а за нагляднікаў над імі прызначаны Ягаф а Овада, Левіты зь Мерарычаў, Захара ж а Мешулам із Когафічаў кіраваць, — кажны ж Левіт знаўся на музыцкіх снадзях.

Яны ж былі прыстаўнікамі над насільшчыкамі і назіралі за ўсімі работнікамі ў кожнай працы; а зь лявітаў былі і пісцы, і наглядчыкі, і брамнікі.
 
А над нашэньнікамі цяжараў, і нагляднікамі над робячымі работу, і над усякім служэньням былі зь Левітаў пісары а ўраднікі а брамнікі.

Калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, тады Хэлкія сьвятар знайшоў кнігу закона Гасподняга, дадзеную рукою Майсея.
 
І як яны вымалі срэбра, прынесенае да дому СПАДАРОВАГА, Гілка, сьвятар, знайшоў кнігу Закону СПАДАРОВАГА, даную Масеям.

І пачаў Хэлкія, і сказаў Шафану пісцу: кнігу закона знайшоў я ў доме Гасподнім. І падаў Хэлкія тую кнігу Шафану.
 
І Гілка адказаў, і сказаў Шафану, пісару: «Я знайшоў кнігу Закону ў доме СПАДАРОВЫМ». І Гілка падаў кнігу Шафану.

І панёс Шафан кнігу да цара, і прынёс пры гэтым цару вестку: усё, што даручана рабам тваім, яны робяць;
 
І прынёс Шафан кнігу каралю, ды прынёс каралю ведамку, кажучы: «Усе, што паручана слугам тваім, яны робяць»;

і высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім і перадалі яго ў рукі прыстаўнікам і ў рукі майстрам работ.
 
І высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ, і аддалі яго ў рукі нагляднікаў а ў рукі робячым работу.

І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Хэлкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.
 
Тады Шафан, пісар, азнайміў каралю: «Кнігу даў імне Гілка сьвятар». І чытаў яе Шафан перад каралём.

Калі пачуў цар слова закона, дык падраў вопратку на сабе.
 
Як пачуў кароль словы Закону, то разьдзер адзецьці свае.

І даў цар загад Хэлкію і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Аўдону, сыну Міхея, і Шафану пісцу, і Асаю, слузе царскаму, кажучы:
 
І расказаў кароль Гілку а Агікаму Шафанёнку а Аўдону Міхеёнку а Шафану, пісару, а Асаі, слузе каралеўскаму, кажучы:

ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за пазасталых у Ізраіля і за Юду пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Госпада, які загарэўся на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова Гасподняга, каб дзеяць паводле ўсяго напісанага ў кнізе гэтай.
 
«Пайдзіце, даведайцеся ў СПАДАРА празь мяне а праз засталых у Ізраелю а ў Юдэі што да словаў знойдзенае кнігі гэтае; бо вялікі гнеў СПАДАРОЎ выліты на нас за тое, што не дзяржалі айцове нашы слова СПАДАРОВАГА, каб рабіць подле ўсёга, напісанага ў кнізе гэтай».

І пайшоў Хэлкія і тыя, якія ад цара, да Алданы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Таўкегата, сына Хасры, захавальніка вопраткі, — а жыла яна ў другой частцы Ерусаліма, — і гаварылі зь ёю пра гэта.
 
І пайшоў Гілка й тыя, што ад караля, да Гульды прарокі, жонкі Шалумовае, сына Токафа Гасранка, вартаўніка адзецьцяў, — а жыла яна ў другой часьці Ерузаліму, — і гукалі зь ёю праз гэта.

І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце таму чалавеку, які паслаў вас да мяне,
 
І адказала яна ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Скажыце таму чалавеку, каторы паслаў вас да мяне:

так кажа Гасподзь: вось Я навяду бедства на месца гэтае і на жыхароў яго ўсе праклёны, напісаныя ў кнізе, якую чыталі перад абліччам цара Юдэйскага,
 
Гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я навяду бяду на месца гэта і на жыхараў яго ўсі праклёны, напісаныя ў кнізе, каторую чыталі перад відам караля Юдэйскага.

за тое, што яны пакінулі Мяне і дымілі багам іншым, каб гнявіць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх. І гнеў Мой загарыцца над месцам гэтым і не патухне.
 
За тое, што яны пакілулі Мяне і кадзілі багом іншым, каб квяліць Мяне да гневу ўсімі работамі рук сваіх, гнеў Мой выльлецца на гэтае месца і ня згасьне’".

І цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, дык скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:
 
А каралю Юдэйскаму, што паслаў вас даведацца ў СПАДАРА, гэтак вы скажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, што да слоў, каторыя ты чуў:

таму што зьмягчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Богам, пачуўшы словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў яго, — і ты ўпакорыўся прад Мною, і падраў вопратку на сабе, і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.
 
’Затым што зьмякчэла сэрца твае, і ты ўкарыўся перад Богам, як пачуў словы праз гэтае месца а праз жыхараў яго, і ты ўкарыўся перад Імною, і разьдзер адзецьці свае, і плакаў перад Імною, то й Я пачуў, — агалашае СПАДАР. —

Вось Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў яго. І прынесьлі цару адказ.
 
Вось, Я забяру цябе да айцоў тваіх, і ты будзеш забраны да гробу свайго ў супакою, ані вочы твае ня будуць бачыць усяе бяды, што Я навяду на месца гэтае а на жыхараў яго’"». І зьвярнуліся да караля з адказам.

І паслаў цар, і сабраў усіх старэйшын Юдэі і Ерусаліма,
 
Тады кароль паслаў і зьбер усіх старцоў Юдэі а Ерузаліму.

і пайшоў цар у дом Гасподні, і зь ім усе Юдэі і жыхары Ерусаліма, і сьвятары і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага да малога; і ён прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.
 
І пайшоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і ўсі мужы Юдэі, і жыхары Ерузаліму, і сьвятарове, і Левітаве, і ўвесь люд, ад вялікага аж да малога; і чытаў у вушы ім усі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ.

І стаў цар на месцы сваім, і заключыў запавет прад абліччам Госпада сьледаваць Госпаду і захоўваць запаведзі Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя і пастановы Ягоныя ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, каб выканаць словы запавету, напісаныя ў кнізе гэтай.
 
І стаў кароль на стані сваёй, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ, хадзіць за СПАДАРОМ і дзяржаць расказаньні ягоныя а сьветчаньні ягоныя а ўставы ягоныя з усёга сэрца свайго із усяе душы свае, каб паўціць словы змовы, запісаныя ў гэтай кнізе.

І загадаў цар пацьвердзіць гэта ўсім, хто быў у Ерусаліме і ў зямлі Веньямінавай; і пачалі дзеяць жыхары Ерусаліма паводле запавета Бога, Бога бацькоў сваіх.
 
І ён сьхінуў усіх, прытомных у Ерузаліме а ў Веняміне, стаяць за гэта. І жыхары Ерузаліму зрабілі подле змовы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.

І выкінуў Ёсія ўсе мярзоты з усіх земляў, якія ў сыноў Ізраілевых, і загадаў усім у зямлі Ізраілевай служыць Госпаду Богу свайму. І ва ўсе дні жыцьця ягонага яны не адступаліся ад Госпада Бога бацькоў сваіх.
 
І Ёся адкінуў усі агіды з усіх краёў сыноў Ізраелявых, і прысіліў усіх, прытомных у Ізраелю, служыць СПАДАРУ, Богу свайму. Усі дні яго яны не адступалі ад СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.