2 летапісаў 13 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
На васямнаццатым годзе валадараньня Ераваама зацараваў Авія над Юдай:
Асьмінанцатага году дзяржавы Еровоама загаспадарстваваў Авія над Юдаю.
тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Міхая, дачка Урыілавая, з Гівы. І была вайна ў Авіі зь Ераваамам.
Тры гады ён гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Міхая Урэлішка, з Ґівы. І была вайна ўв Авіі зь Еровоамом.
І вывеў Авія на вайну войска зь людзей адважных, з чатырохсот тысяч чалавек адборных; а Ераваам выступіў супроць яго на вайну з васьмюстамі тысяч чалавек, таксама адборных, адважных.
І наснудзіў Авія на вайну войска, што складалася зь людзёў харобрых, з чатырыста тысячаў выборных чалавекаў; а Еровоам вышаў супроці яго на вайну з асьмісот тысячаў чалавекаў, выборных, харобрых.
І стаў Авія на вяршыні гары Цэмараімскай, адной з гор Яфрэмавых, і казаў: паслухайце мяне, Ераваам і ўсе Ізраільцяне.
І стаў Авія на версе гары Цэмараімскае аднае з гораў Яхрэмавых, і сказаў: «Паслухайце мяне, Еровоаме а ўсі Ізраяляне!
Ці ня ведаеце вы, што Гасподзь Бог Ізраілеў даў царства Давіду над Ізраілем навек, яму і сынам ягоным, па запавеце солі?
Ці ня ведаеце вы, што СПАДАР, Бог Ізраеляў, даў каралеўства Давіду над Ізраелям навекі, яму а сыном ягоным — змоваю солі?
Але паўстаў Ераваам, сын Наватаў, раб Саламона, сына Давідавага, і ўзбунтаваўся супроць гаспадара свайго.
Але ўзьняўся Еровоам Невацёнак, слуга Салямона Давідзёнка, і збунтаваўся супроці спадара свайго.
І сабраліся вакол яго людзі, людзі распусныя, і ўмацаваліся супроць Раваама, сына Саламонавага; а Раваам быў малады і слабы сэрцам і ня ўстояў супроць іх.
І зьберліся да яго пустыні, сынове веляла і ўмацаваліся супроці Рэговоама Салямоненка; Рэговоам жа быў малады а лентага сэрца, і ня вытрываў супроці іх.
І цяпер вы думаеце ўстояць супроць царства Гасподняга ў руцэ сыноў Давідавых, бо вас вялікае мноства, і ў вас залатыя цяляты, якіх Ераваам зрабіў вам багамі.
І цяпер вы думаеце вытрываць супроці каралеўства СПАДАРОВАГА ў руццэ сыноў Давідавых, і вас вялікая множасьць, і з вамі залатыя цяляты, каторыя Еровоам зрабіў вам за багоў.
Ці ня вы выгналі сьвятароў Гасподніх, сыноў Аарона, і лявітаў, і паставілі ў сябе сьвятароў, якія ў народаў іншых земляў? Кожны, хто прыходзіць для пасьвячэньня свайго зь цялём і зь сямю баранамі, робіцца ў вас сьвятаром фальшывых багоў.
Ці ня вы выгналі сьвятароў СПАДАРОВЫХ, сыноў Ааронавых, і Левітаў, і нарабілі сьвятароў падобна да народаў земляў? Хто прыходзе да пасьвячэньня свайго зь цялём-бычком а ізь сяма баранамі, можа быць сьвятаром таму, хто ня Бог.
А ў нас — Гасподзь Бог наш; мы не пакідалі Яго, і Госпаду служаць сьвятары, сыны Ааронавыя, і лявіты пры сваёй справе.
Але што да нас — СПАДАР Бог наш, і мы не пакінулі Яго, і СПАДАРУ служаць сьвятарове, сынове Ааронавы, і Левітаве на сваім занятку.
І паляць яны Госпаду цэласпаленьні кожнае раніцы і кожнага вечара, і пахучае дымленьне, і кладуць радамі хлябы на стале чыстым, і запальваюць залатую сьвяцільню і лампады яе, каб гарэлі кожнага вечара, бо мы выконваем устаноўленае Госпадам Богам нашым, а вы пакінулі Яго.
І кадзяць яны СПАДАРУ, абракаюць усепаленьні кажнае раніцы й кажнага вечара й пахнючае кадзіла, і выкладаюць хлеб на чыстым стале, і залаты сьветач а лянпы, каб гарэлі кажнага вечара; бо мы дзяржым загаду СПАДАРА, Бога свайго, а вы пакінулі Яго.
І вось, у нас на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучнагалосыя, каб грымець супроць вас. Сыны Ізраілевыя, не ваюйце з Госпадам Богам бацькоў вашых, бо ня мецьмеце посьпеху.
І вось, у нас на чале Бог, і сьвятарове Ягоныя, каб трубіць супроці вас. Сынове Ізраелявы! не ваюйце із СПАДАРОМ, Богам айцоў сваіх, бо не адзяржыце дасьпеху».
Між тым Ераваам паслаў атрад у засаду з тылу ім, так што сам ён быў наперадзе Юдэяў, а засада за імі.
І Еровоам загадаў засадзе зайсьці адзаду ім, так што быў сьпераду Юдэяў, а засада адзаду іх.
І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду і ззаду; і залямантавалі яны да Госпада, а сьвятары затрубілі ў трубы.
І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду й адзаду; і загаласілі яны да СПАДАРА, а сьвятарове затрубілі ў трубы.
І ўсклікнулі Юдэі. І калі ўсклікнулі Юдэі, Бог пабіў Ераваама і ўсіх Ізраільцянаў перад абліччам Авіі і Юды.
І гукнулі Юдэі; і, як гукнулі мужы Юдэйскія, Бог паразіў Еровоама а ўсіх Ізраялян перад відам Авіі а Юды.
І пабеглі сыны Ізраілевыя ад Юдэяў, і перадаў іх Бог у рукі ім.
І ўцякалі сынове Ізраелявы ад Юдэяў, і аддаў іх Бог у рукі іхныя.
І ўчынілі ў іх Авія і народ ягоны разгром вялікі; і загінула ў Ізраіля пяцьсот тысяч чалавек адборных.
І Авія, і люд ягоны паразілі іх вялікаю паразаю: і пала забітых у Ізраелю пяцьсот тысячаў чалавекаў выборных.
І ўпакорыліся тады сыны Ізраілевыя, і былі моцныя сыны Юдавыя, бо спадзяваліся на Госпада Бога бацькоў сваіх.
І ўкарыліся сынове Ізраелявы таго часу, і былі дужыя сынове Юдзіны, бо здаваліся на СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
І перасьледаваў Авія Ераваама і ўзяў у яго гарады: Вэтыль і залежныя ад яго гарады, і Ешану і залежныя ад яе гарады, і Эфрон і залежныя ад яго гарады.
І гнаўся Авія за Еровоамам, і ўзяў у яго месты: Бэт-Эль а местачкі яго, і Ешану а местачкі яе, і Ефрон а местачкі яго.
І не ўваходзіў больш у сілу Ераваам у дні Авіі. І пабіў яго Гасподзь, і ён памёр.
І не падужэў ужо Еровоам за дзён Авііных. І паразіў яго СПАДАР, і ён памер.
А Авія ўзмацнеў; і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак і спарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дочак.
Авія ж умацаваўся; і ўзяў сабе чатырнанцаць жонак, і нарадзіў дваццаць двух сыноў і шаснанцаць дачок.
Астатнія дзеі Авіі і ягоныя ўчынкі і словы апісаны ў сказаньні прарока Ады.
І засталыя справы Авііны, і дарогі ягоныя, і мовы ягоныя апісаны ў зьясьненьню прарокі Ідды.