2 летапісаў 13 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
На васямнаццатым годзе валадараньня Ераваама зацараваў Авія над Юдай:
У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама заваладарыў Абія над Юдаю.
тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Міхая, дачка Урыілавая, з Гівы. І была вайна ў Авіі зь Ераваамам.
Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай — Міхая, дачка Урыэля з Гівы. І была вайна паміж Абіям і Ерабаамам.
І вывеў Авія на вайну войска зь людзей адважных, з чатырохсот тысяч чалавек адборных; а Ераваам выступіў супроць яго на вайну з васьмюстамі тысяч чалавек, таксама адборных, адважных.
І скіраваў Абія на вайну войска, ваяроў спраўных чатырыста тысячаў выбранцоў; а Ерабаам выйшаў супраць яго на вайну з васьмістамі тысячамі выбранцоў, ваяроў мужных.
І стаў Авія на вяршыні гары Цэмараімскай, адной з гор Яфрэмавых, і казаў: паслухайце мяне, Ераваам і ўсе Ізраільцяне.
І стаў Абія на вяршыні гары Цэмараім, якая ў гарах Эфраіма, і сказаў: «Паслухайце мяне, Ерабаам і ўвесь Ізраіль!
Ці ня ведаеце вы, што Гасподзь Бог Ізраілеў даў царства Давіду над Ізраілем навек, яму і сынам ягоным, па запавеце солі?
Ці ж вы ня ведаеце, што ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў валадарства Давіду над Ізраілем на вякі, яму і сынам ягоным, як запавет солі?
Але паўстаў Ераваам, сын Наватаў, раб Саламона, сына Давідавага, і ўзбунтаваўся супроць гаспадара свайго.
І паўстаў Ерабаам, сын Навата, слуга Салямона, сына Давіда, і збунтаваўся супраць гаспадара свайго.
І сабраліся вакол яго людзі, людзі распусныя, і ўмацаваліся супроць Раваама, сына Саламонавага; а Раваам быў малады і слабы сэрцам і ня ўстояў супроць іх.
І сабраліся да яго людзі пустыя, сыны Бэліяла, і ўмацаваліся супраць Рэхабаама, сына Салямона. А Рэхабаам быў малады і слабы сэрцам, і ня вытрымаў перад абліччам іхнім.
І цяпер вы думаеце ўстояць супроць царства Гасподняга ў руцэ сыноў Давідавых, бо вас вялікае мноства, і ў вас залатыя цяляты, якіх Ераваам зрабіў вам багамі.
І цяпер вы кажаце, што вытрымаеце перад абліччам валадарства ГОСПАДА, [якое] ў руцэ сыноў Давіда, і вас вялікае мноства, і з вамі быкі залатыя, якіх Ерабаам зрабіў для вас як багоў.
Ці ня вы выгналі сьвятароў Гасподніх, сыноў Аарона, і лявітаў, і паставілі ў сябе сьвятароў, якія ў народаў іншых земляў? Кожны, хто прыходзіць для пасьвячэньня свайго зь цялём і зь сямю баранамі, робіцца ў вас сьвятаром фальшывых багоў.
Ці ж ня вы выгналі сьвятароў ГОСПАДА, сыноў Аарона, і лявітаў, і нарабілі для сябе сьвятароў, як [робяць] народы земляў [гэтых]? Кожны, хто прыходзіць, каб напоўніць руку сваю, з цялём, маладым бычком і з сямёма баранамі, становіцца сьвятаром для таго, хто ня ёсьць Богам.
А ў нас — Гасподзь Бог наш; мы не пакідалі Яго, і Госпаду служаць сьвятары, сыны Ааронавыя, і лявіты пры сваёй справе.
А мы [маем] ГОСПАДА, Бога нашага, і мы не пакінулі Яго, і сьвятары, якія служаць ГОСПАДУ — сыны Аарона, і лявіты пры працы сваёй.
І паляць яны Госпаду цэласпаленьні кожнае раніцы і кожнага вечара, і пахучае дымленьне, і кладуць радамі хлябы на стале чыстым, і запальваюць залатую сьвяцільню і лампады яе, каб гарэлі кожнага вечара, бо мы выконваем устаноўленае Госпадам Богам нашым, а вы пакінулі Яго.
І яны складаюць ГОСПАДУ цэласпаленьні кожную раніцу, і кожны вечар — пахкае кадзіла, і хлябы пакладныя — на стале чыстым, і сьвечнік залаты і лямпы ягоныя запальваюць кожны вечар, бо мы захоўваем загады ГОСПАДА, Бога нашага, а вы пакінулі Яго.
І вось, у нас на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучнагалосыя, каб грымець супроць вас. Сыны Ізраілевыя, не ваюйце з Госпадам Богам бацькоў вашых, бо ня мецьмеце посьпеху.
І вось, з намі на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучныя, каб трубіць супраць вас. Сыны Ізраіля, не ваюйце з ГОСПАДАМ, Богам бацькоў вашых, бо не пераможаце».
Між тым Ераваам паслаў атрад у засаду з тылу ім, так што сам ён быў наперадзе Юдэяў, а засада за імі.
І Ерабаам выправіў засаду, каб зайшла ззаду іх, і быў ён перад абліччам Юды, а засада — ззаду іх.
І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду і ззаду; і залямантавалі яны да Госпада, а сьвятары затрубілі ў трубы.
І павярнуўся Юда, і вось, у іх бітва сьпераду і ззаду. І клікалі яны да ГОСПАДА, і сьвятары затрубілі ў трубы.
І ўсклікнулі Юдэі. І калі ўсклікнулі Юдэі, Бог пабіў Ераваама і ўсіх Ізраільцянаў перад абліччам Авіі і Юды.
І закрычалі людзі Юды. І сталася, калі закрычалі людзі Юды, Бог ударыў Ерабаама і ўсяго Ізраіля перад абліччам Абіі і Юды.
І пабеглі сыны Ізраілевыя ад Юдэяў, і перадаў іх Бог у рукі ім.
І ўцяклі сыны Ізраіля перад абліччам Юды, і аддаў іх Бог у руку іхнюю.
І ўчынілі ў іх Авія і народ ягоны разгром вялікі; і загінула ў Ізраіля пяцьсот тысяч чалавек адборных.
І ўдарылі іх Абія і народ ягоны паразаю вялікаю, і ўпала забітых у Ізраілі пяцьсот тысячаў мужоў выбраных.
І ўпакорыліся тады сыны Ізраілевыя, і былі моцныя сыны Юдавыя, бо спадзяваліся на Госпада Бога бацькоў сваіх.
І былі ўпакораныя сыны Ізраіля ў той час, і былі ўмацаваныя сыны Юды, бо яны абапіраліся на ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
І перасьледаваў Авія Ераваама і ўзяў у яго гарады: Вэтыль і залежныя ад яго гарады, і Ешану і залежныя ад яе гарады, і Эфрон і залежныя ад яго гарады.
І гнаўся Абія за Ерабаамам, і здабыў у яго гарады: Бэтэль і вёскі ягоныя, і Ешану і вёскі ейныя, і Эфрон і вёскі ягоныя.
І не ўваходзіў больш у сілу Ераваам у дні Авіі. І пабіў яго Гасподзь, і ён памёр.
І не аднавіў ужо сілу Ерабаам у дні Абіі. І ўдарыў яго ГОСПАД, і ён памёр.
А Авія ўзмацнеў; і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак і спарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дочак.
І ўмацаваўся Абія, і ўзяў чатырнаццаць жонак, і нарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дачок.
Астатнія дзеі Авіі і ягоныя ўчынкі і словы апісаны ў сказаньні прарока Ады.
А рэшта дзеяньняў Абіі, і шляхі ягоныя, і словы ягоныя запісаныя ў гісторыі прарока Іддо.