2 летапісаў 9 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона, прыйшла выпрабаваць Саламона загадкамі ў Ерусалім, з даволі вялікім багацьцем і зь вярблюдамі, наўючанымі пахошчамі і мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было на сэрцы ў яе.
І валадарка Шэвы пачула пра славу Салямона, і прыйшла ў Ерусалім, каб выспрабаваць Салямона загадкамі, з вельмі вялікім багацьцем і з вярблюдамі, якія несьлі пахошчы і мноства золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і размаўляла з ім пра ўсё, што было ў яе ў сэрцы.
І раскрыў ёй Саламон усе словы яе, і не знайшлося нічога невядомага Саламону, чаго ён не раскрыў бы ёй.
І растлумачыў Салямон ёй усе пытаньні ейныя, і не было нічога невядомага Салямону, што ён не патлумачыў ёй.
І ўбачыла царыца Саўская мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,
І ўбачыла валадарка Шэвы мудрасьць Салямона і дом, які ён пабудаваў,
і ежу за сталом ягоным, і чыннасьць слугаў ягоных і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных і вопратку іхнюю, і ход, якім ён хадзіў у дом Гасподні, — і была яна не ў сабе.
і ежу на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў ягоных, і адзеньні іхнія; таксама чашнікаў ягоных і адзеньне іхняе, і сходы, па якіх ён узыходзіў у Дом ГОСПАДА, і была яна ў захапленьні.
І сказала цару: правільна тое, што я чула ў зямлі маёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю,
І сказала яна валадару: «Праўдзівае тое слова, якое я чула ў зямлі маёй пра справы твае і пра мудрасьць тваю.
але я ня верыла словам пра яе, пакуль ня прыйшла і ня ўбачыла на свае вочы. І вось, мне і палавіны ня сказана пра вялікую мудрасьць тваю: ты пераўзыходзіш пагалоскі, якія я чула.
І я ня верыла словам пра іх, пакуль не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі. І вось, не распавялі мне нават паловы пра мноства мудрасьці тваёй. Ты пераўзыходзіш тыя весткі, якія я чула.
Шчасныя людзі твае, і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю.
Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад абліччам тваім і слухаюць мудрасьць тваю!
Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які ўдабраволіў пасадзіць цябе на трон Свой царом у Госпада Бога твайго. Па любові Бога твайго да Ізраіля, каб уцьвердзіць яго навекі, Ён паставіў цябе царом над ім — чыніць суд і праўду.
Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які меў ласку для цябе, каб даць табе пасад Свой як валадару ў ГОСПАДА, Бога твайго, паводле любові Бога твайго да Ізраіля, каб умацаваць яго на вякі, і Ён паставіў цябе як валадара над ім, каб чыніць суд і праведнасьць».
І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўных камянёў; і ня бывала такіх пахошчаў, якія падарыла царыца Саўская цару Саламону.
І яна падаравала валадару сто дваццаць талентаў золата і вялікае мноства пахошчаў і камянёў каштоўных; і не было такіх пахошчаў, як тыя, што падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону.
І слугі Хірамавыя і слугі Саламонавыя, якія прывезьлі золата з Афіра, прывезьлі і чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
І таксама слугі Хурама і слугі Салямона, якія прывозілі золата з Афіру, прывезьлі дрэва сандалавае і камяні каштоўныя.
І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва лесьвіцы да дома Гасподняга і да дома царскага, і цытры і псалтыры сьпевакамі. І ня відаць было падобнага на гэта раней у зямлі Юдэйскай.
І зрабіў валадар з дрэва сандалавага сходы ў Доме ГОСПАДА і ў доме валадара, і гусьлі, і псалтыры для сьпевакоў. І ня бачна было падобнага да іх уперад у зямлі Юды.
А цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна хацела і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла цару. І яна выправілася назад у зямлю сваю, яна і слугі яе.
І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна зажадала і што прасіла, апрача таго, што яна прывезла валадару. І яна выправілася [назад], і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя.
Вагі ў золаце, якое прыходзіла Саламону за год, было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў золата.
А вагі золата, якое прыходзіла да Салямона за адзін год, было шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талентаў золата,
Звыш таго, паслы і купцы прыносілі, і ўсе цары Аравійскія і начальнікі абласныя прыносілі золата і срэбра Саламону.
акрамя таго, што прыносілі падарожнікі і купцы. І ўсе валадары Арабскія, і намесьнікі Краю прыносілі золата і срэбра Салямону.
І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, — па шасьцьсот сікляў каванага золата пайшло на кожны шчыт,
І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з кутага золата, шэсьцьсот [сыкляў] золата ішло на адзін шчыт,
і трыста шчытоў меншых з каванага золата, — па трыста сікляў золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь Ліванскага дрэва.
і трыста шчытоў малых з кутага золата, трыста [сыкляў] золата ішло на адзін шчыт; і паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага.
І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці, і абклаў яго чыстым золатам,
І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам,
і шэсьць прыступак да трона і залатое падножжа, да трона прыробленае, і лакотнікі абапал каля сядзеньня, і двух ільвоў, якія стаялі каля лакотнікаў,
і шэсьць прыступак да пасаду, і падножжа з золата, прымацаванае да пасаду, і парэнчы паабапал месца сядзеньня, і два ільвы, якія стаяць каля парэнчаў.
і яшчэ дванаццаць ільвоў, якія стаялі там на шасьці прыступках, абапал. Ня бывала такога ў ніводным царстве.
І дванаццаць ільвоў стаяла там на шасьці прыступках з аднаго і другога боку. Не было такога зроблена ў-ва ўсіх [іншых] валадарствах.
І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў з золата, і ўвесь посуд у доме зь Ліванскага дрэва быў з золата адборнага; срэбра ў дні Саламона лічылася нічым,
І ўсе начыньні да піцьця ў валадара Салямона [былі] з золата, і ўсе начыньні ў доме з лесу Лібанскага [былі] з золата шчырага; нічога [не было] са срэбра. Яго ў дні Салямона мелі за нішто,
бо караблі цара хадзілі ў Тарсіс са слугамі Хірама, і ў тры гады раз вярталіся караблі з Тарсіса і прывозілі золата і срэбра, слановую косьць і малпаў і паваў.
бо караблі валадара хадзілі ў Таршыш са слугамі Хурама, і раз на тры гады прыходзілі караблі з Таршышу, і прывозілі золата і срэбра, косьць слановую і малпаў, і паваў.
І пераўзышоў цар Саламон усіх цароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.
І перавышаў валадар Салямон усіх валадароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.
І ўсе цары зямлі спрабавалі ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.
І ўсе валадары зямлі шукалі аблічча Салямона, каб паслухаць мудрасьць ягоную, якую ўлажыў Бог у сэрца ягонае.
І кожны зь іх падносіў ад сябе ў дарунак посуд срэбны і посуд залаты і вопратку, зброю і пахошчы, коней і кабыл, год у год.
І прыносілі яны кожны дар свой, начыньні срэбныя, і начыньні залатыя, і адзеньне, і зброю, і пахошчы, і коней, і мулаў, [адпаведную] рэч з году ў год.
І было ў Саламона чатыры тысячы стойлаў для коней і калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры цары — у Ерусаліме;
І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней і калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў, і памясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме.
і панаваў ён над усімі царамі ад ракі Еўфрата да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта.
І панаваў ён над усімі валадарамі ад ракі аж да зямлі Філістынскай і аж да межаў Эгіпту.
І зрабіў цар золата і срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным простаму каменю, а кедры, ад мноства, зрабіў роўнавартаснымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
І зрабіў валадар срэбра ў Ерусаліме як камяні, і кедры зрабіў як сікаморы, якіх мноства ў Шэфэлі.
Коней прыводзілі Саламону зь Егіпта і з усіх земляў.
І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з усіх земляў.
Астатнія дзеі Саламонавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Натана прарока і ў прароцтве Ахіі Сіламляніна і ў відзежах празорліўца Ёіля пра Ераваама, сына Наватавага.
А рэшта дзеяньняў Салямона, першых і апошніх, вось, яны запісаныя ў дзеях Натана прарока, і ў прароцтве Ахіі з Шыло, і ў відзежах Іддо відушчага пра Ерабаама, сына Навата.
А валадарыў Саламон у Ерусаліме над усім сорак гадоў.
І валадарыў Салямон у Ерусаліме над усім Ізраілем сорак гадоў.
І спачыў Саламон з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Раваам, сын ягоны замест яго.
І супачыў ён з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І валадарыў Рэхабаам, сын ягоны, замест яго.