2 летапісаў 5 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І закончылася ўся праца, якую вёў Саламон для дома Гасподняга. І прынёс Саламон пасьвечанае Давідам, бацькам ягоным, і срэбра і золата і ўсе рэчы аддаў у скарбніцы дома Божага.
 
І скончана была ўся праца, якую рабіў Салямон для Дому Божага. І прынёс Салямон сьвятыя [рэчы] Давіда, бацькі свайго, і срэбра, і золата, і ўсе начыньні палажыў у скарбніцу Дому Божага.

Тады сабраў Саламон старэйшынаў Ізраілевых і ўсіх узначальцаў плямёнаў, начальнікаў пакаленьняў сыноў Ізраілевых, у Ерусалім, дзеля перанясеньня каўчэга запавета Гасподняга з горада Давіда, зь Сіёна.
 
Тады паклікаў Салямон старшыняў Ізраіля і ўсіх галоваў плямёнаў, князёў [дамоў] бацькоў сыноў Ізраіля, у Ерусалім, каб перанесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гораду Давіда, значыць з Сыёну.

І сабраліся да цара ўсе Ізраільцяне на сьвята, на сёмым месяцы.
 
І сабраліся да валадара ўсе людзі Ізраіля на сьвята, якое ў сёмы месяц.

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя. Лявіты ўзялі каўчэг
 
І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля; і ўзялі лявіты Каўчэг,

і панесьлі каўчэг і скінію сходу і ўсе рэчы сьвяшчэнныя, якія ў скініі, — панесьлі іх сьвятары і лявіты.
 
і перанесьлі Каўчэг, і Намёт Спатканьня, і ўсе рэчы сьвятыя, якія ў Намёце, і панесьлі іх сьвятары і лявіты.

А цар Саламон і ўсё супольства Ізраілевае, якое сабралася да яго перад каўчэгам, прыносілі ахвяры з авечак і валоў, якіх немагчыма палічыць і вызначыць з прычыны мноства.
 
І валадар Салямон і ўся грамада Ізраіля, якая сабралася пры ім перад Каўчэгам, ахвяроўвалі авечак і валоў, якіх нельга было палічыць і запісаць з прычыны мноства.

І прынесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца яго, у давір храма — у Сьвятое Сьвятых пад крылы херувімаў.
 
І прынесьлі сьвятары Каўчэг Запавету ГОСПАДА на месца ягонае, у Давір Дому, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.

І херувімы распасьціралі крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы каўчэг і жэрдзі яго зьверху.
 
І былі херувімы з раскінутымі крыламі над месцам Каўчэгу, і херувімы ахіналі Каўчэг і насілы ягоныя.

І высунуліся жэрдзі, так што галоўкі жэрдак каўчэга відны былі перад давірам, але ня выходзілі вонкі, і яны там да гэтага дня.
 
І тыя насілы былі доўгія, і канцы насілаў Каўчэгу былі відаць перад Давірам, але не было іх відаць звонку; і яны там да сёньняшняга дня.

Ня было ў каўчэзе нічога, апрача двух скрыжаляў, якія паклаў Майсей на Харыве. Калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь Егіпта.
 
Нічога не было ў Каўчэгу, толькі дзьве табліцы, якія Майсей палажыў на Харэве, калі ГОСПАД заключыў запавет з сынамі Ізраіля, калі яны выйшлі з Эгіпту.

Калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе асьвяціліся без адрозьненьня аддзелаў;
 
І сталася, калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе сьвятары, якія былі там, асьвяціліся, і не было патрэбы захоўваць чэргі.

і лявіты сьпевакі, — усе яны, Асаф, Эман, Ідытун і сыны іхнія і браты іхнія, — апранутыя ў вісон, з кімваламі і псалтырамі і цытрамі стаялі на ўсходнім баку ахвярніка, і зь імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі трубамі,
 
А лявіты сьпевакі, усе яны, Асаф, Гэман, Едутун, і сыны іхнія, і браты іхнія, апранутыя ў вісон, з цымбаламі, псалтырамі і гусьлямі стаялі на ўсход ад ахвярніка, і з імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі ў трубы.

і былі як адзін трубачы і сьпевакі, якія ў адзін голас хвалілі і славасловілі Госпада, — і калі загрымеў гук трубаў і кімвалаў і музычных інструментаў, і хвалілі Госпада, бо вечная міласьць Яго; тады дом, дом Гасподні, напоўніла воблака,
 
І былі як адзін тыя, што трубілі, і тыя, што сьпявалі, даючы адзін голас на хвалу і праслаўленьне ГОСПАДА; і калі ўзьнёсься гук трубаў і цымбалаў, і музычных інструмэнтаў, і хвалілі ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная, тады Дом, Дом ГОСПАДА напоўніўся хмараю,

і не маглі сьвятары стаяць на служэньні з прычыны воблака, бо слава Гасподняя напоўніла дом Божы.
 
і не маглі сьвятары стаяць і служыць перада хмараю, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом Божы.