2 летапісаў 12 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Калі царства Раваама ўцьвердзілася, і ён зрабіўся моцны, тады ён пакінуў закон Гасподні, і ўвесь Ізраіль зь ім.
І сталася, калі ўмацавалася валадарства Рэхабаама, і ён стаў дужым, пакінуў ён Закон ГОСПАДА, і ўвесь Ізраіль з ім.
На пятым годзе валадараньня Раваама, Сусакім, цар Егіпецкі, пайшоў на Ерусалім, — бо яны адступіліся ад Госпада, —
І сталася ў пятым годзе валадара Рэхабаама, што ўзыйшоў Шышак, валадар Эгіпту, на Ерусалім, бо яны былі няверныя ГОСПАДУ,
з тысячаю і дзьвюмастамі калясьніц і шасьцюдзесяцьцю тысячамі коньнікаў; і ня было ліку народу, які прыйшоў зь ім зь Егіпта, Лівійцаў, Сукхітаў і Эфіопаў;
з тысяча двумастамі калясьніцамі і шасьцюдзесяцьцю тысячамі вершнікаў; і не было ліку народу, які прыйшоў з ім з Эгіпту, — Лібійцам, Суккійцам і Кушанам.
і ўзяў умацаваныя гарады ў Юдэі і прыйшоў да Ерусаліма.
І ён здабыў гарады ўмацаваныя ў Юдзе, і прыйшоў да Ерусаліму.
Тады Самэй прарок прыйшоў да Раваама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерусалім, ратуючыся ад Сусакіма, і сказаў ім: так кажа Гасподзь: вы пакінулі Мяне, затое і Я пакіну вас у рукі Сусакіму.
І Шэмая прарок прыйшоў да Рэхабаама і князёў Юды, якія сабраліся ў Ерусаліме, [уцякаючы] перад абліччам Шышака, і сказаў ім: «Гэта кажа ГОСПАД. Вы пакінулі Мяне, і таму Я пакіну вас у руцэ Шышака».
І ўпакорыліся князі Ізраілевыя і цар і сказалі: справядлівы Гасподзь.
І ўпакорыліся князі Ізраіля і валадар, і сказалі: «Праведны ГОСПАД!»
Калі ўбачыў Гасподзь, што яны ўпакорыліся, тады было слова Гасподняе Самэю, і сказана: яны ўпакорыліся; ня зьнішчу іх і неўзабаве дам і ўратаваньне, і не пральецца гнеў Мой на Ерусалім рукою Сусакіма;
І калі ўбачыў ГОСПАД, што яны ўпакорыліся, было слова ГОСПАДА да Шэмаі, кажучы: «Яны ўпакорыліся. Я ня выгублю іх і дам неўзабаве ратунак, і ня выльецца гнеў Мой на Ерусалім праз руку Шышака,
аднак яны будуць слугамі ягонымі, каб ведалі, як служыць Мне і служыць царствам зямным.
бо яны будуць слугамі ягонымі і даведаюцца, што значыць Мне і служыць валадарствам зямным».
І прыйшоў Сусакім, цар Егіпецкі, ў Ерусалім і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага; усё ўзяў ён, узяў і шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.
І ўзыйшоў Шышак, валадар Эгіпту, на Ерусалім, і забраў скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і ён узяў усё, і забраў шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон.
І зрабіў цар Раваам замест іх шчыты медныя, і аддаў іх на рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход дома царскага.
І зрабіў валадар Рэхабаам замест іх шчыты мядзяныя, і аддаў іх у рукі начальніку ганцоў, якія сьцераглі ўваход у дом валадара.
Калі выходзіў цар у дом Гасподні, прыходзілі целаахоўцы і несьлі іх, і потым зноў выносілі іх у палату целаахоўцаў.
І было, што калі валадар уваходзіў у Дом ГОСПАДА, прыходзілі ганцы, і несьлі іх, а [потым] адносілі іх у камору ганцоў.
І калі ён упакорыўся, тады адхіліўся ад яго гнеў Госпада, і не загубіў яго да канца; прытым і ў Юдэі было нешта добрае.
І калі ён упакорыўся, тады адвярнуўся ад яго гнеў ГОСПАДА, і Ён ня зьнішчыў яго аж да загубленьня; і таксама ў Юдзе ішлі справы добра.
І ўмацаваўся цар Раваам у Ерусаліме і валадарыў. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які з усіх плямёнаў Ізраілевых выбраў Гасподзь, каб там было імя Ягонае. Імя маці яго Наама, Аманіцянка.
І ўмацаваўся валадар Рэхабаам у Ерусаліме, і валадарыў; бо сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён заваладарыў, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх каленаў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. А імя маці ягонай — Наама Аманянка.
І рабіў ён ліхое, бо ня схіліў сэрца свайго да таго, каб уісьціць Госпада.
І рабіў ён ліхоту, бо не падрыхтаваў сэрца свайго, каб шукаць ГОСПАДА.
Дзеі Раваамавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самэя прарока і Ады празорліўца пры радаводах. І былі войны ў Раваама зь Ераваамам ва ўсе дні.
І дзеяньні Рэхабаама, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў дзеях Шэмаі прарока і Іддо відушчага ў сьпісах радаводных. І [былі] войны ў Рэхабаама з Ерабаамам усе дні.
І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны ў горадзе Давідавым. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда. І заваладарыў Абія, сын ягоны, замест яго.