2 летапісаў 2 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І пастанавіў Саламон пабудаваць дом імю Госпада і дом царскі сабе.
І сказаў Салямон пабудаваць Дом для імя ГОСПАДА і дом для валадарства свайго.
І вызначыў Саламон семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў у гарах і наглядчыкаў над імі тры тысячы шасьцьсот.
І прызначыў Салямон семдзясят тысячаў чалавек насіць цяжары, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над імі.
І паслаў Саламон да Хірама, цара Тырскага, сказаць: як рабіў ты з Давідам, бацькам маім, і прыслаў яму кедры на пабудову дома, каб яму жыць, так зрабі і са мною.
І паслаў Салямон да Хурама, валадара Тыру, кажучы: «Як ты дапамагаў Давіду, бацьку майму, і пасылаў яму кедры, каб ён пабудаваў дом, каб жыць у ім, так зрабі і мне.
Вось я будую дом імю Госпада Бога майго, дзеля прысьвячэньня Яму, каб паліць перад ім пахучае дымленьне, прыносіць пастаянна пакладныя хлябы і ўзносіць там цэласпаленьні раніцай і ўвечары ў суботы, і на маладзіка, і ў сьвяты Госпада Бога нашага, што назаўсёды наказана Ізраілю.
Вось, я будую Дом для імя ГОСПАДА, Бога майго, каб сьвяціць Яго і кадзіць перад абліччам Ягоным пахкае кадзіла, і каб заўсёды [былі там] хлябы пакладныя і цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, у суботы і ў маладзік, і ва ўрачыстасьці ГОСПАДА, Бога нашага. Гэта на вякі ў Ізраілі.
І дом, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, вышэй за ўсіх багоў.
І Дом гэты, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, [большы] за ўсіх багоў.
І ці хопіць у каго сілы пабудаваць Яму дом, калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Яму дом? Хіба толькі дзеля дымленьня прад абліччам Ягоным.
І ці стане ў каго сілы пабудаваць Дом для Яго, бо неба і нябёсы нябёсаў не зьмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Дом для Яго? Хіба толькі [магу] кадзіць перад абліччам Ягоным.
Дык вось прышлі мне чалавека, які ўмее рабіць вырабы з золата, і з срэбра, і зь медзі, і з жалеза, і з прадзіва пурпуровага, барвовага і яхантавага колеру, і выразаць разьбу, разам з мастакамі, якія ёсьць у мяне ў Юдэі і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
І цяпер прышлі мне чалавека мудрага, каб працаваць з золатам і срэбрам, з медзьдзю, жалезам, пурпурам, кармазынам і блакітам, які ўмее выразаць рэзьбы, [каб працаваць] з мудрымі людзьмі, якія ў мяне ў Юдзе і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
І прышлі мне кедровай драўніны, і кіпарысу і пеўговага дрэва зь Лівана, бо я ведаю, што рабы твае ўмеюць сячы дрэвы Ліванскія. І вось рабы мае пойдуць з рабамі тваімі,
І пашлі мне дрэва кедровае, кіпарысавае і сандалавае з Лібану, бо я ведаю, што слугі твае ўмеюць сячы дрэвы ў Лібане. І вось, слугі мае [будуць] са слугамі тваімі,
каб прыгатаваць мне многа дрэў, бо дом, які я будую, вялікі і цудоўны.
каб падрыхтаваць мне шмат дрэва, бо Дом, які я будую, [будзе] вялікі і цудоўны.
І вось лесарубам, якія сякуць дрэвы, рабам тваім, я даю ў ежу: пшаніцы дваццаць тысяч кораў, і ячменю дваццаць тысяч кораў, і віна дваццаць тысяч батаў, і аліўкавага алею дваццаць тысяч батаў.
І вось, для дрывасекаў, якія сякуць дрэвы, слугаў тваіх, я даў на ежу дваццаць тысячаў кораў пшаніцы, і дваццаць тысячаў кораў ячменю, і дваццаць тысячаў батаў віна, і дваццаць тысячаў батаў алею».
І адказваў Хірам, цар Тырскі, лістом, які прыслаў Саламону: па любові да народу Свайго, Гасподзь паставіў цябе царом над ім.
І сказаў Хурам, валадар Тыру, у лісьце, і паслаў Салямону: «Палюбіў ГОСПАД народ Свой, і паставіў цябе за валадара над ім».
І сказаў Хірам: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стварыў неба і зямлю, даў цару Давіду сына мудрага, які мае сэнс і розум, які намераны будаваць дом Госпаду і дом царскі сабе.
І сказаў Хурам: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які ўчыніў неба і зямлю, Які даў Давіду валадару сына мудрага, які мае розум і веданьне, які пабудуе Дом ГОСПАДУ і дом для валадарства свайго.
Дык вось, я пасылаю: чалавека разумнага, які мае веды, Хірама-Авія,
І цяпер я паслаў чалавека мудрага, які мае веданьне і ўменьні, Хурам-Абію,
сын жанчыны з дочак Данавых, а бацька яго Тыранін, — і ён умее рабіць вырабы з золата і з срэбра, зь медзі, з жалеза, з каменю і з дрэва, з прадзіва пурпуровага, яхантавага колеру, і зь вісону і з барвяніцы, і выразаць усялякую разьбу, і выконваць усё, што будзе даручана яму разам з мастакамі тваімі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго.
сына жанчыны з дачок Дана, і бацькі ягонага, чалавека з Тыру. Ён умее рабіць з золата, срэбра, медзі, жалеза, камяня, дрэва, пурпуру, блакіту, вісону і кармазыну; і выразаць усялякую разьбу, і майстраваць усялякае мастацтва, якое будзе дадзена яму [рабіць] з майстрамі тваімі і майстрамі пана майго Давіда, бацькі твайго.
А пшаніцу і ячмень, аліўкавы алей і віно, пра якія казаў ты, гаспадар мой, пашлі рабам тваім.
І цяпер пшаніцу, ячмень, алей і віно, пра якія гаварыў гаспадар мой, пашлі для слугаў тваіх.
А мы насячом дрэў зь Лівана, колькі табе трэба, і прыгонім іх у плытах па моры ў Яфу, а ты завязеш іх у Ерусалім.
І мы будзем сячы дрэвы з Лібану, паводле ўсіх патрэбаў тваіх, і прыгонім іх табе плытамі па моры ў Яфу, і ты завязеш іх у Ерусалім».
І палічыў Саламон усіх прыбылых, якія былі ў зямлі Ізраілевай, пасьля пералічэньня, зробленага Давідам, бацькам ягоным, — і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот.
І палічыў Салямон усіх прыхадняў, якія ў зямлі Ізраіля, пасьля сьпісу, якім палічыў іх Давід, бацька ягоны, і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шэсьцьсот.
І зрабіў ён зь іх семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў на горах і тры тысячы шасьцьсот наглядчыкаў, каб яны пануквалі народ да працы.
І прызначыў ён з іх семдзясят тысячаў для нашэньня цяжараў, і восемдзясят тысячаў каменяроў у гарах, і тры тысячы шэсьцьсот наглядчыкаў над працамі народу гэтага.