2 летапісаў 33 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Дванаццаць гадоў было Манасіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят пяць валадарыў у Ерусаліме,
Дваццаць гадоў было Манасе, калі ён пачаў валадарыць, і пяцьдзясят гадоў ён валадарыў у Ерусаліме.
і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА паводле ўсіх брыдотаў тых народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
і зноў зладзіў вышыні, якія разбурыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Ваалам, і ўладзіў дубровы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму;
І ён ізноў пабудаваў узвышшы, якія панішчыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Баалам, і зрабіў Астартаў, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў ім.
і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме будзе імя Маё вечна;
І пабудаваў ён ахвярнік у Доме ГОСПАДА, пра які сказаў ГОСПАД: «У Ерусаліме будзе імя Маё на вякі»;
і спарудзіў ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух дварах дома Гасподняга.
і пабудаваў ён ахвярнік усяму войску нябеснаму на абодвух панадворках Дому ГОСПАДА.
А ён правёў сыноў сваіх праз агонь у даліне сына Эномавага, і гадаў, і варажыў, і чараваў, і назначыў закліначоў і чараўнікоў: многа рабіў ён незаўгоднага ў вачах Госпада, для гневу Яго.
І ён праводзіў сыноў сваіх праз агонь у даліне Бэн-Гінном, і гадаў, і чараваў, і варажыў, і паставіў тых, якія выклікаюць мёртвых, і тых, якія выклікаюць духаў, і павялічваў учынкі ліхія ў вачах ГОСПАДА, каб гнявіць Яго.
І паставіў разьбёнага ідала, якога зрабіў, у доме Божым, пра якога і казаў Бог Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я пакладу імя Маё навек;
І паставіў ён выяву ідала, якую зрабіў, у Доме Божым, пра які казаў Бог Давіду і Салямону, сыну ягонаму: «У Доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я абраў з усіх каленаў Ізраіля, Я палажу імя Маё на вякі;
і ня дам наперад выступіць назе Ізраіля зь зямлі гэтай, якую Я замацаваў за бацькамі іхнімі, калі толькі яны будуць старацца выконваць усё, што Я наказаў ім, паводле ўсяго закона і пастановаў і загадаў, дадзеных рукою Майсея.
і не дазволю, каб выступіла нага Ізраіля з зямлі гэтай, якую Я прызначыў бацькам вашым, калі толькі яны будуць захоўваць выкананьне ўсяго, што Я загадаў ім, увесь Закон, і пастановы, і суды, [дадзеныя] рукой Майсея».
Але Манасія давёў Юдэю і жыхароў Ерусаліма да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якіх вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
І зьвёў Манаса Юду і жыхароў Ерусаліму, каб рабілі горш за народы, якіх ГОСПАД выгубіў перад абліччам сыноў Ізраіля!
І гаварыў Гасподзь Манасіі і народу яго, але яны ня слухалі.
І прамаўляў ГОСПАД да Манасы і народу ягонага, яле яны не зважалі.
І прывёў Гасподзь на іх ваеначальнікаў цара Асірыйскага, і закавалі яны Манасію ў кайданы і закавалі яго ланцугамі, і зьвялі яго ў Вавілон.
І прывёў ГОСПАД на іх начальнікаў войска валадара Асірыі; і яны схапілі Манасу гакамі, і закулі яго ў кайданы мядзяныя, і павялі яго ў Бабілон.
І ва ўціску сваім пачаў ён умольваць Госпада Бога свайго і глыбока ўпакорыўся прад Богам бацькоў сваіх.
І калі ён быў уцісканы, ён умольваў аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і скарыўся вельмі перад абліччам Бога бацькоў сваіх.
І памаліўся Яму, і Бог схіліўся да яго і пачуў малітву ягоную, і вярнуў яго ў Ерусалім на царства ягонае. І даведаўся Манасія, што Гасподзь ёсьць Бог.
І маліўся ён да Яго, і Ён даўся ўпрасіць, і пачуў маленьне ягонае, і вярнуў яго ў Ерусалім на валадарства ягонае. І даведаўся Манаса, што ГОСПАД, Ён [ёсьць] Бог.
І пасьля таго пабудаваў зьнешнюю сьцяну горада Давідавага, на заходнім баку Геона, па лагчыне і да ўваходу ў рыбную браму, і правёў яе вакол Афэла і высока падняў яе. І паставіў ваеначальнікаў па ўсіх умацаваных гарадах у Юдэі,
І пасьля гэтага ён пабудаваў мур вонкавы ў горадзе Давіда, на заходнім баку Гіхону ў даліне і пры ўваходзе ў браму Рыбную, і атачыў Афэл, і вельмі высока падняў яго. І паставіў начальнікаў войска ў-ва ўсіх гарадах умацаваных Юды.
і скінуў чужаземных багоў і ідалаў з дома Гасподняга, і ўсе капішчы, якія спарудзіў на гары дома Гасподняга ў Ерусаліме, і выкінуў іх за горад.
І выкінуў багоў чужых і выяву [ідала] з Дому ГОСПАДА, і ўсе ахвярнікі, якія пабудаваў на версе Дому ГОСПАДА і ў Ерусаліме, выкінуў іх навонкі, за горад.
І аднавіў ахвярнік Гасподні і прынёс на ім ахвяры мірныя і хвалебныя, і сказаў Юдэям, каб яны служылі Госпаду Богу Ізраілеваму.
І пабудаваў ён ахвярнік ГОСПАДА, і ахвяраваў на ім ахвяры мірныя і ўдзячныя, і сказаў да Юды, каб яны служылі ГОСПАДУ, Богу Ізраіля.
Але народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, хоць і Госпаду Богу свайму.
Але народ яшчэ складаў ахвяры на ўзвышшах, толькі [ўжо] ГОСПАДУ, Богу свайму.
Астатнія дзеі Манасіі, і малітва яго да Бога свайго, і словы празорліўцаў, якія гаварылі зь ім імем Госпада Бога Ізраілевага, яны ў запісах цароў Ізраілевых.
А іншыя дзеяньні Манасы, і малітва ягоная да Бога свайго, і словы відушчых, якія прамаўлялі да яго ў імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля, вось, яны ў летапісе валадароў Ізраіля.
І малітва ягоная, і тое, што Бог схіліўся да яго, і ўсе грахі ягоныя і беззаконьні ягоныя, і месцы, на якіх ён пабудаваў вышыні і паставіў выявы Астарты і балванаў, да таго як упакорыўся, апісаны ў запісах Хазая.
А малітва ягоная, і як [Бог] быў упрошаны ім, і ўвесь грэх ягоны, і нявернасьць ягоная, і месцы, на якіх ён пабудаваў узвышшы і паставіў Астартаў і балваноў перад скарэньнем сваім, вось, яны запісаныя ў Летапісе Хазая.
І спачыў Манасія з бацькамі сваімі і пахавалі яго ў доме ягоным. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Манаса з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў доме ягоным. І пачаў валадарыць Амон, сын ягоны, пасьля яго.
Дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме,
Дваццаць два гады было Амону, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў два гады ў Ерусаліме.
і рабіў незаўгоднае ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны; і ўсім балванам, якіх зрабіў Манасія, бацька ягоны, прыносіў Амон ахвяры і служыў ім.
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, як рабіў Манаса, бацька ягоны, і ўсім балванам, якія зрабіў Манаса, бацька ягоны, ён складаў ахвяры і служыў ім.
І не ўпакорыўся прад абліччам Гасподнім, як упакорыўся Манасія, бацька ягоны; наадварот, Амон памножыў свае грахі.
І ён не скарыўся перад абліччам ГОСПАДА, як скарыўся Манаса, бацька ягоны, але ён, Амон, памножыў правіны [свае].
І склалі супроць яго змову слугі ягоныя і забілі яго ў доме ягоным.
І змовіліся супраць яго слугі ягоныя, і забілі яго ў доме ягоным.
Але народ зямлі перабіў усіх, што былі ў змове супраць цара Амона, і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.
Але народ зямлі забіў усіх тых, якія змовіліся супраць валадара Амона; і народ зямлі паставіў Ёсію, сына ягонага, за валадара пасьля яго.