2 летапісаў 26 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азію, якому было шаснаццаць гадоў, і паставіў яго царом на месца бацькі ягонага Амасіі.
І ўзяў увесь люд Юдэйскі Узю, катораму было шаснанцаць год, і ўстанавілі яго за караля замест айца ягонага Амасі.
Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як спачыў цар з бацькамі сваімі.
Ён забудаваў Елоф і зьвярнуў яго Юдэі просьле тога, як супачыў кароль із айцамі сваімі.
Шаснаццаць гадоў было Азіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ехалія зь Ерусаліма.
Шаснанцаць год было Узі, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Ехоля, зь Ерузаліму.
І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Амасія, бацька ягоны;
І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ чыста так, як рабіў Амася, айцец ягоны;
і прыходзіў ён да Бога ў дні Захара, які вучыў страху Божаму; і ў тыя дні, калі ён прыходзіў да Госпада, даваў яму Бог посьпех.
І шукаў ён СПАДАРА за дзён Захары, каторы меў зразуменьне ў відзенях Божых; і тых дзён, што ён шукаў СПАДАРА, шчасьціў яму Бог.
І ён выйшаў і біўся зь Філістымлянамі, і разбурыў сьцены Гэта і сьцены Яўнэі і сьцены Азота; і пабудаваў гарады ў вобласьці Азоцкай і ў Філістымлянаў.
І ён вышаў, і ваяваў зь Пілішчанмі; і разбурыў сьцены Ґафу а сьцены Яўнеі а сьцены Ашдоду; і пабудаваў месты ў Ашдодзе а Пілісьце.
І памагаў яму Бог супроць Філістымлянаў і супроць Аравіцянаў, якія жылі ў Гур-Ваале, і супроць Мэўніцянаў;
І памагаў яму Бог супроці Пілішчан а супроці Арабаў, што жывуць у Ґур-Ваале, і Маонян;
і давалі Аманіцяне даніну Азіі, і дайшло імя яго да межаў Егіпта, таму што ён быў даволі моцны.
І Амоняне давалі дары Узі, і разышлося імя ягонае аж да ўходу ў Ягіпет; бо пасіліўся ён надзвычайна.
І пабудаваў Азія вежы ў Ерусаліме над брамамі вуглавымі і над брамамі даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
І збудаваў Узя вежы ў Ерузаліме ля Рагавое брамы, ля брамы даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
І пабудаваў вежы ў пустыні, і зрабіў многа вадаёмаў, бо меў шмат быдла, і ў нізіне і на раўніне, і землеўладальнікаў і садоўнікаў на гарах і на Карміле, бо ён любіў земляробства.
І пабудаваў вежы на пустыні, і выкапаў шмат жаролаў, бо ён меў шмат стадаў, і ў даліне, і на раўніне, і ралейнікаў, і садаўнічых у горах а на Карміле; бо ён любіў ралейніцтва.
Было ў Азіі і войска, якое выходзіла на вайну атрадамі, і па ліку ў сьпісе іх, складзеным рукою Еэла пісца і Маасэі наглядчыка, пад кіраўніцтвам Хананіі, аднаго з галоўных саноўнікаў царскіх.
Было ў Узі й войска, што выходзіла на вайну вяткамі, подле лічбы ў сьпісаньню іх, складзеным рукою Ееля пісара а Маасэі наглядніка, пад рукою Ганані, аднаго з князёў каралеўскіх.
Уся лічба ўзначальцаў пакаленьняў, з адважных воінаў, было дзьве тысячы шасьцьсот,
Увесь лік галоў айцоў дужасілаў — дзьве тысячы шасьцьсот;
і пад рукою ў іх ваеннай сілы трыста сем тысяч пяцьсот, што ўступалі ў бітву з воінскай мужнасьцю, на дапамогу цару супроць няпрыяцеля.
І пад іх рукою ваеннае сілы трыста сем тысячаў пяцьсот, што ўступалі ў бітву з вайсковай мужнасьцяй, на помач каралю супроці непрыяцеля.
І падрыхтаваў для іх Азія, для ўсяго войска, шчыты і дзіды і шаломы і латы, і лукі і прашчныя камяні.
І прыгатаваў ім Узя, усяму войску, шчыты а дзіды, шоламы а панцыры а лукі а пушчальнае каменьне.
І зрабіў ён у Ерусаліме вынаходліва прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах і на вуглах для кіданьня стрэл і вялікіх камянёў. І пранеслася імя яго далёка, бо ён дзівосна асланіў сябе і зрабіўся моцны.
І зрабіў ён у Ерузаліме ўмела прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах а на рагох дзеля пушчаньня стрэлаў а вялікіх камянёў. І разьнеслася імя ягонае далёка, бо дзіўную помач меў, пакуль умацаваўся.
Але калі ён зрабіўся моцны, заганарылася сэрца ягонае на пагібель яго, і ён зрабіўся злачынцам прад Госпадам Богам сваім, бо ўвайшоў у храм Гасподні, каб задыміць фіміям на алтары кадзільным.
Але як ён умацаваўся, загардзела сэрца ягонае аж да згубы, і ён ізрадзіў СПАДАРА, Бога свайго, бо ўвыйшоў у дом СПАДАРОЎ, каб кадзіць на аброчніку кадзельным.
І пайшоў за ім Азарыя сьвятар, і зь ім восемдзесят сьвятароў Гасподніх, людзей выдатных,
І пайшоў за ім Азара сьвятар, і ізь ім асьмідзясят сьвятароў СПАДАРОВЫХ, людзёў мужных.
і ўсупрацівіліся Азію цару і сказалі яму: не табе, Азія, кадзіць Госпаду; гэта сьвятарам, сынам Ааронавым, пасьвечаным для каджэньня; выйдзі са сьвятыні, бо ты зрабіў беззаконна, і ня будзе табе гэта ў гонар у Госпада Бога.
І спрацівіліся яны Узі, каралю, і сказалі яму: «Не табе, Узя, кадзіць СПАДАРУ, гэта сьвятаром, сыном Ааронавым, пасьвячаным да кадзеньня; выйдзі ізь сьвятыні, бо ты ізрадзіў, і ня будзе табе гэта да сьці ў СПАДАРА Бога».
І разгневаўся Азія, — а ў руцэ ў яго кадзільніца для каджэньня; і калі разгневаўся ён на сьвятароў, праказа явілася на лобе ў яго, перад абліччам сьвятароў, у доме Гасподнім, каля алтара кадзільнага.
І загневаўся Узя, — а ў руццэ ў яго кадзільніца кадзіць; і, як загневаўся ён на сьвятароў, праказа засьвітала на чале ў яго, перад сьвятарамі, у доме СПАДАРОВЫМ, ля аброчніка кадзельнага.
І зірнуў на яго Азарыя першасьвятар і ўсе сьвятары; і вось у яго праказа на лобе ягоным. І змушалі яго выйсьці адтуль, ды і сам ён сьпяшаўся выйсьці, бо пакараў яго Гасподзь.
І абярнуўся да яго Азара, найвышшы сьвятар, а ўсі сьвятарове, і вось, у яго праказа на чале. І сілілі яго выйсьці стуль, дый сам ён барзьдзіў выйсьці, бо выцяў яго СПАДАР.
І быў цар Азія пракажоны да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме і адлучаны быў ад дома Гасподняга. А Ёатам, сын ягоны, начальнічаў над домам царскім і кіраваў народам зямлі.
І быў кароль Узя пракажаны аж да дня сьмерці свае, і жыў у васобным доме, і адлучаны быў ад дому СПАДАРОВАГА. А Ёфам, сын ягоны, быў над домам каралеўскім, судзячы люд зямлі.
Астатнія дзеі Азіі, першыя і апошнія, апісаў Ісая, сын Амоса прарок.
Засталыя справы Узіны, першыя й апошнія, апісаў Ісая Амосёнак, прарока.
І спачыў Азія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі царскіх магільніц, бо казалі: ён пракажоны. І зацараваў Ёатам, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Узя з айцамі сваімі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі на полю грабоў каралеўскіх; бо казалі: «Ён пракажаны». І загаспадарстваваў Ёфам, сын ягоны, замест яго.