Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Летапісу 36 2 Летапісу 36 разьдзел

1 І ўзяў люд зямлі Егоагаза Ёсянка, і ўстанавілі яго за караля ў Ерузаліме, замест айца ягонага.
2 Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме.
3 І ськінуў яго ў Ерузаліме кароль Ягіпецкі, і налажыў на зямлю кары сто таланяў срэбра і талань золата.
4 І ўстанавіў кароль Ягіпецкі над Юдэяю а Ерузалімам Елякіма, брата ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; а Егоагаза, брата ягонага, узяў Нехо й павёў яго да Ягіпту.
5 Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго.
6 І супроці яго ўзышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і закаваў яго ў мядзяныя ланцугі, каб павесьці яго да Бабілёну.
7 І із судзьдзя дому СПАДАРОВАГА прывёз Невухаднецар да Бабілёну, і палажыў іх у палацу сваім у Бабілёне.
8 Засталыя справы Егоякімовы й агіды ягоныя, якія ён рабіў, і якія знойдзены ў яго, вось, яны апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх. І загаспадарстваваў Егояхін, сын ягоны, замест яго.
9 Восем год было Егояхіну, як загаспадарстваваў, і тры месяцы й дзесяць дзён гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
10 Як мінуў год, паслаў кароль Невухаднецар, і прывялі яго да Бабілёну разам із дарагім судзьдзям дому СПАДАРОВАГА, і прызначыў за гаспадара над Юдаю а Ерузалімам Сэдэку, брата ягонага.
11 Дваццаць адзін год быў Сэдэку, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
12 І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго. Ён не скарыўся перад Ярэмаю, прарокам, што праракаў ад вуснаў СПАДАРОВЫХ;
13 І таксама збунтаваўся супроці караля Невухаднецара, што ўзяў ізь яго прысягу Богам, і закаляніў завыек свой, і закаляніў сэрца свае да тога, што не навярнуўся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
14 Таксама ўсі начэльнікі сьвятароў а люд вельма шмат ізраджалі, подле ўсіх агідаў паган, і плюгавілі дом СПАДАРОЎ, каторы Ён пасьвяціў у Ерузаліме.
15 І пасылаў СПАДАР, Бог айцоў іхных, да іх пасланцоў сваіх, рана ўстаючы й пасылаючы; бо меў Ён жаласьць над людам Сваім і над сялібаю Сваёю.
16 Але яны сьміяліся з пасланцоў Божых, і ўлегцы мелі словы Ягоныя, і зьдзекаваліся з прарокаў Ягоных, пакуль не паўстаў гнеў СПАДАРОЎ на люд Ягоны, ажно ня было леку.
17 І Ён узьвёў на іх караля Хальдэйскага, каторы зрабіў сьмерць маладзёнам іхным мячом у доме сьвятыні іхнай, і не пажалеў ані маладзёна, ані дзеўкі, ані старога, ані сівога, — усе аддаў у рукі ягоныя.
18 І ўсе судзьдзе дому Божага, вялікае й малое, і скарбы дому СПАДАРОВАГА, і скарбы караля а князёў ягоных, — усе завёз ён да Бабілёну.
19 І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерузаліму, і ўсі палацы яго спалілі цяплом, і ўсі дарагія рэчы яго зьнішчылі.
20 І перасяліў ён засталых ад мяча да Бабілёну; і былі яны слугамі ягонымі а сыноў ягоных, аж да ўлады гаспадарства Пэрскага.
21 Каб споўніліся словы СПАДАРОВЫ вуснамі Ярэмы, пакуль зямля не здаволілася із спустошаньня сыботаў сваіх. Усі дні яна супачывала да сканчэньня семдзясят год.
22 А першага году Кіра, караля Пэрскага, каб скончыўся рок словам СПАДАРОВЫМ вуснамі Ярэмы, узрушыў СПАДАР дух Кіра, караля Пэрскага, і ён агаласіў па ўсім каралеўстве сваім, і таксама пісома, кажучы:
23 «Гэтак кажа Кір, кароль Пэрскі: "Усі каралеўствы зямлі даў імне СПАДАР, Бог нябёсны; і Ён расказаў імне пастанавіць Яму дом у Ерузаліме, каторы ў Юдэі. Хто ё з вас, з усёга люду Ягонага, СПАДАР, Бог ягоны, зь ім, і хай ён узыйдзе"».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісу, 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.