Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Летапісу 9 2 Летапісу 9 разьдзел

1 І караліца Шэвы пачула праз славу Салямонаву, і прыехала выпрабаваць Салямона загадкамі да Ерузаліму, зь вельмі шмат прыданымі, і зь вярблюдамі, пахнючыя рэчы нясучымі, і множасьцьмі золата а дарагога каменьня. І прышла да Салямона, і мужавала зь ім праз усе, што было ў яе на сэрцу.
2 І зьясьніў Салямон ёй усі словы ейныя, і не знайшлося нічагусенькі няведамага Салямону, чаго не зьясьніў бы ён ёй.
3 І абачыла караліца Шэўская мудрасьць Салямона й дом, што ён пастанавіў,
4 І ежу за сталом ягоным, і сяданьне слугаў ягоных, і стаяньне паслугачых яму, і ўборы іхныя; таксама чашнікаў ягоных а ўборы іхныя, і ўсходы, каторымі ён узыходзіў да дому СПАДАРОВАГА, і заняло ёй дух.
5 І сказала каралю: «Праўдзівае тое слова, што я чула ў маёй зямлі празь дзеяльнасьць тваю а праз мудрасьць тваю;
6 Але я не верыла словам празь іх, пакуль ня прышла й не абачыла ачыма сваімі. І вось, імне й палавіцы не сказалі праз множасьць мудрасьці твае: ты пераходзіш галасы, якія я чула.
7 Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя служцы твае, каторыя кажначасна становяцца перад табою й слухаюць мудрасьць тваю!
8 Хай будзе дабраславёны СПАДАР, Бог твой, Каторы зычыў пасадзіць цябе на пасад Свой за караля ў СПАДАРА, Бога твайго. Зь любосьці Бога да Ізраеля, каб умацаваць яго на векі, устанавіў цябе за караля над ім, чыніць суд а справядлівасьць».
9 І яна падаравала караля сто дваццацьма таланямі золата; вялікаю множасьцю пахнючых рэчаў, і дарагім каменьням; і ня бывала такіх пахнючых рэчаў, якімі падаравала караліца Шэўская караля Салямона.
10 І служцы Гурамовы, і служцы Салямонавы, што прывезьлі золата з Офіру, прывезьлі й дзерва альґуміну, і дарагога каменьня.
11 І зрабіў кароль із тога дзерва альґуміну масткі да дому СПАДАРОВАГА а да палацу каралеўскага, і гарпы, і псалтыры пяюном. І ня бачана было падобнага, да гэтага ўперад у зямлі Юдэйскай.
12 Кароль жа Салямон падараваў караліцу Шэўскую ўсім, чаго яна зычыла і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла каралю. І яна выправілася, паехала да зямлі свае, яна а служцы ейныя.
13 Вагі ж золата, што прыходзіла да Салямона за адзін год, было шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць таланяў золата,
14 Апрача таго, паслы й купцы прыносілі, і ўсі каралі Арабскія, і дзяржаўцы краю прыносілі золата а срэбра Салямону.
15 І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, — па шасьцьсот каванага золата пайшло на кажны шчыт, —
16 І трыста шчытоў малых із каванага золата, — па трыста золата пайшло на кажны шчыт; і пастанавіў іх кароль у доме зь лібанскага лесу.
17 І зрабіў кароль вялікі пасад із сланёвае косьці, і пацягнуў чыстым золатам,
18 І шэсьць уступцоў да пасаду, і залатая казулька, да пасаду прыроблена, і поручні паабапал седава, і два лявы, ля поручняў стаячыя,
19 І двананцаць лявоў, там на шасьцёх уступцох паабапал стаячых. Ня бывала такога ў ні водным каралеўстве.
20 І ўсе судзьдзё да піцьця ў караля Салямона із золата, і ўсе судзьдзё ў доме зь лібанскага лесу із золата выборнага; нічога із срэбра, яго за дзён Салямонавых мелі за нішто;
21 Бо караблі каралёвы хадзілі да Таршышу із служцамі Гурамовымі, і за тры гады раз зварачаліся караблі з Таршышу, і прывозілі золата а срэбра, сланёвую косьць а налпы а павы.
22 І перайшоў кароль Салямон усіх каралёў зямлі багацьцям а мудрасьцю.
23 І ўсі каралі зямлі жадалі бачыць Салямона, каб паслухаць мудрасьці ягонае, каторую ўлажыў Бог у сэрца ягонае.
24 І прыносіў кажны свой дар, судзьдзё срэбнае, і судзьдзё залатое, і адзецьці, зброю й пахнючыя рэчы, коні а аслы, кажную рэч упару.
25 І меў Салямон чатыры тысячы стайняў, і цялежак, і двананцаць тысячаў коньнікаў, каторыя ён памясьціў у цялежкавых местах і пры каралю — у Ерузаліме.
26 І панаваў ён над усімі каралямі, ад Ракі аж да зямлі Пілісцкае і аж да граніцаў Ягіпту.
27 І даў кароль срэбра ў Ерузаліме, як каменьня, і кедраў даў, як сыкамораў, каторых множасьць у далінах.
28 І прыводзілі Салямону коні зь Ягіпту і з усіх земляў.
29 Засталыя справы Салямонавыя, першыя й апошнія, ці не апісаны ў кнізе Нафана прарокі, і ў прароцтве Агіі Шыляніна, і ў відзенях Ідда відзеньніка празь Еровоама Невацёнка?
30 І караляваў Салямон у Ерузаліме над усім Ізраелям сорак год.
31 І супачыў Салямон із бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце Давіда, айца ягонага. І закараляваў Рэговоам, сын ягоны замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісу, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.