Найвышэйшая песьня 1 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Песьня песьняў Салямона.
 
Песня з песняў Саламона. «Хай ён пацалуе мяне пацалункам вуснаў сваіх!» «Бо каханне тваё лепшае за віно;

«Няхай ён цалуе мяне пацалункамі вуснаў сваіх!» «Бо пяшчоты твае лепшыя за віно.
 
за водар тваіх найлепшых алейкаў. Алеек разліты — імя тваё; таму любяць цябе дзяўчаты».

Пах алейкаў тваіх салодкі. Алей разьліты — імя тваё. Дзеля гэтага дзяўчыны кахаюць цябе».
 
«Прываблівай мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадар, у пакоі свае»; «Радавацца і цешыцца будзем табою, помніць больш пра каханне тваё, чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»

«Цягні мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадару, у пакоі свае». «Будзем радавацца і весяліцца з табою, будзем узгадваць пра пяшчоты твае [больш], чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»
 
«Чарнявая я, але зграбная, дочкі Ерузаліма, як палаткі Кедара, як заслоны Саламона.

«Чарнявая я, і зграбная, дочкі Ерусалімскія, як намёты Кедара, як палатніны Салямона.
 
Не глядзіце, што я смуглявая, бо апаліла мяне сонца. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, даручылі мне пільнаваць вінаграднік, а я свайго вінаградніку не ўпільнавала.

Не глядзіце на мяне, што я смуглявая, бо сонца апаліла мяне. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, паставілі мяне пільнаваць вінаграднікі, а я не ўпільнавала вінаграднік мой.
 
О ты, якога любіць душа мая, пакажы, дзе ты пасеш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між статкаў таварышаў тваіх».

Распавядзі мне, каханьне душы маёй, дзе ты пасьвіш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між чародаў таварышаў тваіх».
 
«Калі не ведаеш, о найпрыгажэйшая сярод жанчын, то выйдзі і ідзі па слядах статка, ды пасві казлянят сваіх каля палатак пастухоў.

«Калі ня ведаеш гэтага, найпрыгажэйшая між жанчынаў, дык ідзі па сьлядах авечак, і пасьві казьлянятаў тваіх каля буданоў пастушыных.
 
Я ўпадобніў цябе, сяброўка мая, да жарабіцы ў калясніцы фараона.

Да жаробкі ў калясніцы фараона я ўпадобніў цябе, сяброўка мая.
 
Гожыя шчокі твае пад завушніцамі, шыя твая — у каралях.

Прыгожыя шчочкі твае пад кляйнотамі, шыя твая — у каралях.
 
Мы зробім табе залатыя завушніцы са срэбранымі ўкрапінамі».

Мы зробім табе кляйноты залатыя з блішчыкамі срэбнымі».
 
«Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разліваў водар свой.

«Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разьліваў водар свой.
 
Улюбёны мой для мяне — пучок кіпера, што ляжыць на грудзях маіх.

Любы мой для мяне — як мяшэчак з мірам, які начуе на грудзях маіх.
 
Улюбёны мой для мяне — быццам гронка кіпровая у вінаградніках Эн-Гадзі».

Любы мой для мяне — як гронка кіпровая ў вінаградніках Эн-Геды».
 
«О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о, якая ты прыгожая: вочы твае галубіныя».

«Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая прыгожая! Вочы твае — як галубкі».
 
«О, які прыгожы ты, улюбёны мой, о, які прывабны! Ложак наш у кветках,

«Які прыгожы ты, любы мой, які цудоўны! Ложак наш — зеляніна,
 
бэлькі дамоў нашых кедравыя, столь наша — з кіпарысу».

страха дому нашага — кедры, столь нашая — кіпарысы».