2 летапісаў 32 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Пасьля падзеяў гэтых і праўды гэтай, прыйшоў Сэнахерыў, валадар Асірыі, і ўвайшоў у Юду, і паставіў [намёты] супраць гарадоў умацаваных, і гаварыў, што здабудзе іх для сябе.
 
Па гэтых падзеях і па такой вернасці прыйшоў Санхэрыб, цар асірыйцаў, і, напаўшы на Юду, асадзіў умацаваныя гарады, хочучы іх узяць.

І ўбачыў Эзэкія, што прыйшоў Сэнахерыў, і аблічча ягонае, каб ваяваць супраць Ерусаліму.
 
Калі гэта заўважыў Эзэкія, гэта значыць, што падышоў Санхэрыб і што ўсю сілу вайны накіраваў на Ерузалім,

І радзіўся ён з князямі сваімі і з волатамі сваімі, каб спыніць ваду крыніцаў, якія звонку гораду; і яны дапамаглі яму.
 
параіўшыся з кіраўнікамі і наймужнейшымі ваярамі, вырашыў засыпаць вусці ручаёў, якія былі за горадам, і, паколькі ўсе былі аднае думкі аб гэтым,

І сабралася шмат народу, і яны спынілі ўсе крыніцы і ручай, які цячэ пасярод зямлі, кажучы: «Навошта, прыйшоўшы, валадары Асірыі маюць знайсьці шмат вады?»
 
сабралася вялікая грамада, і засыпалі ўсе ручаі і раку, якая працякала пасярэдзіне зямлі, кажучы: «Хай не прыходзяць асірыйскія цары і не знаходзяць многа вады!»

І ўмацаваўся [Эзэкія], і адбудаваў увесь разбураны мур, і падняў яго да вежаў, і другі мур звонку, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давіда, і зрабіў шмат зброі і шчытоў.
 
Дзейнічаў рупліва, адбудаваў таксама ўвесь мур, і пабудаваў на ім вежы, і знадворку — другі мур, і аднавіў Мэло ў горадзе Давіда, і зрабіў многа дзідаў і шчытоў.

І паставіў начальнікаў вайсковых над народам, і сабраў іх да сябе на плошчы каля брамы гораду, і прамовіў да сэрца іхняга, кажучы:
 
І паставіў ваенных кіраўнікоў над народам, і сазваў іх да сябе на плошчу гарадской брамы ды прамовіў да іх сэрца гэтыя словы:

«Будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся аблічча валадара Асірыі і аблічча ўсяго мноства, якое з ім, бо [Той, Хто] з намі, большы, чым [тыя, хто] з ім.
 
«Адважна дзейнічайце і будзьце дужымі! Не бойцеся, не дрыжыце перад царом асірыйцаў і вялікім мноствам, якое з ім. Многа бо больш з намі, чым з ім:

З ім рамяно цялеснае, а з намі ГОСПАД, Бог наш, каб дапамагаць нам і ваяваць у войнах нашых». І абаперся народ на словы Эзэкіі, валадара Юды.
 
з ім плячо чалавечае, а з намі — Госпад, Бог наш, Ён — Успаможца наш, будзе ваяваць за нас!» І народ ад гэтых слоў Эзэкіі, цара Юдэі, падняўся духам.

Пасьля гэтага Сэнахерыў, валадар Асірыі, паслаў слугаў сваіх у Ерусалім, а сам ён быў пад Ляхішам, і ўся сіла ягоная з ім, да Эзэкіі, валадара Юды, і да ўсяго Юды, які ў Ерусаліме, кажучы:
 
Пасля гэтага Санхэрыб, цар асірыйскі, — бо ён з усім войскам асаджаў Лахіс, — выслаў паслугачоў сваіх у Ерузалім, да Эзэкіі, цара Юдэі, і да ўсяго народа, што пражываў у горадзе, заяўляючы:

«Гэта кажа Сэнахерыў, валадар Асірыі. На што вы спадзеяцёся і сядзіце ў аблозе ў Ерусаліме?
 
«Гэта кажа Санхэрыб, цар асірыйцаў: “На каго вы маеце надзею, седзячы ў Ерузаліме ў асадзе?

Няхай не падманвае вас Эзэкія, каб аддаць вас на сьмерць ад голаду і смагі, кажучы: “ГОСПАД, Бог наш, выратуе нас ад рукі валадара Асірыі”.
 
Ці не зводзіць вас Эзэкія, каб выдаць вас на смерць ад голаду і смагі, сцвярджаючы, што Госпад, Бог ваш, вызваліць вас з рукі цара асірыйцаў?

Ці ня ён, Эзэкія, прыбраў узгоркі Ягоныя і ахвярнікі Ягоныя і сказаў Юдзе і Ерусаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце кадзіць”?
 
Ці ж Эзэкія не той, хто знішчыў узгоркі Яго і ахвярнікі ды загадаў Юдэі і Ерузаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце паліць ахвяры”?

Ці ж вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае ўсім народам земляў гэтых? Ці сапраўды маглі богі народаў земляў гэтых выратаваць зямлю іхнюю ад рукі маёй?
 
Ці ж вы не ведаеце, што я зрабіў і што зрабілі мае папярэднікі ўсім народам зямлі? Ці ж змаглі багі тых земляў выратаваць свой край ад маёй рукі?

Хто з усіх багоў народаў гэтых, якіх зрабілі закляцьцем бацькі мае, змог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа зможа Бог ваш выратаваць вас ад рукі маёй?
 
Хто ж паміж усіх багоў тых народаў, якіх знішчылі бацькі мае, хто змог вырваць свой народ з рукі маёй, каб і Бог ваш мог таксама вырваць вас з гэтае рукі?

І цяпер, няхай не падманвае вас Эзэкія і не ашуквае вас такім чынам, і ня верце яму, бо ня мог ніводзін бог ніводнага народу і валадарства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх. Таксама Бог ваш ня выратуе вас ад рукі маёй».
 
Дык хай не падманвае вас Эзэкія, і пустымі абяцаннямі хай не ашуквае, і не верце яму. Бо калі ніякі Бог ніякага народа або царства не змог вырваць свой народ з маёй рукі і з рукі маіх папярэднікаў, тым больш ваш Бог не зможа вырваць вас з маёй рукі».

І яшчэ прамаўлялі слугі ягоныя супраць ГОСПАДА Бога і супраць Эзэкіі, слугі Ягонага.
 
Але паслугачы яго яшчэ больш гаварылі супраць Госпада Бога і супраць Эзэкіі, слугі Яго.

І лісты пісаў [Сэнахерыў], каб зьневажаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і гаварыў супраць Яго, кажучы: «Як богі народаў земляў гэтых ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народ Свой ад рукі маёй».
 
Таксама напісалі ліст, поўны блюзнення на Госпада, Бога Ізраэля, і гаварылі супраць Яго: «Як багі народаў зямлі не змаглі вызваліць народаў сваіх з маёй рукі, так і Бог Эзэкіі не зможа вырваць народа свайго з гэтай рукі».

І крычалі яны голасам вялікім па-юдэйску да народу Ерусаліму, які [быў] на мурах, каб настрашыць яго, і напалохаць яго, і здабыць горад.
 
Апрача таго, крычалі вялікім крыкам на гебрайскай мове да народа ў Ерузаліме, які быў на муры, каб яго запалохаць і запужаць і так здабыць горад.

І гаварылі яны пра Бога Ерусаліму, як пра багоў народаў зямлі, выраб рук чалавечых.
 
І супраць Бога Ерузаліма Санхэрыб гаварыў, як супраць багоў народаў зямлі, якія ёсць творы рук чалавечых.

І маліўся пра гэта валадар Эзэкія і Ісая, сын Амоса, і крычалі да неба.
 
Дык цар Эзэкія і прарок Ісая, сын Амоса, маліліся дзеля блюзнення гэтага і прызывалі неба.

І паслаў ГОСПАД анёла, і ён зьнішчыў мужных ваяроў, і правадыра, і табар валадара Асірыі. І ён вярнуўся з сорамам аблічча ў зямлю сваю. І ён прыйшоў у дом бога свайго, і тыя, што выйшлі з нутра ягонага, забілі там яго мячом.
 
І паслаў Госпад анёла, які паразіў усіх дужых ваяроў і князёў у лагеры цара асірыйцаў; і ён вярнуўся з ганьбаю ў сваю зямлю. І калі ён увайшоў у дом бога свайго, сыны, якія выйшлі з нутра яго, — забілі яго там мечам.

І выратаваў ГОСПАД Эзэкію і жыхароў Ерусаліму ад рукі Сэнахерыва, валадара Асірыі, і ад рукі ўсіх; і вёў іх паўсюль.
 
Такім чынам, збавіў Госпад Эзэкію і жыхароў Ерузаліма ад рукі Санхэрыба, цара асірыйцаў, і ад рукі ўсіх ворагаў, і даў ім навокал супакой.

І шмат [людзей] прыносіла дары ГОСПАДУ ў Ерусалім і каштоўныя рэчы Эзэкіі, валадару Юды. І ён пасьля гэтага ўзьвялічыўся ў вачах усіх народаў.
 
Многія таксама прынеслі дары Госпаду ў Ерузаліме ды каштоўнасці Эзэкію, цару Юдэі, які ўзвысіўся па гэтых падзеях на віду ўсіх народаў.

У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І маліўся ён да ГОСПАДА; і Ён адказаў яму, і даў яму знак.
 
У тыя дні расхварэўся Эзэкія аж да смерці і маліў Госпада; і выслухаў яго Госпад, і даў яму знак.

Але не вярнуў Эзэкія [падзяку] паводле таго, што было зроблена яму, бо сэрца ягонае ўзганарылася. І быў гнеў [Божы] на яго, і на Юду, і на Ерусалім.
 
Эзэкія, аднак, не адплаціў за дабрадзействы, якія атрымаў, бо сэрца яго ўзнялося ў пыхлівасці; і ўзгарэўся супраць яго і супраць Юдэі і Ерузаліма гнеў Госпада.

І ўпакорыў Эзэкія ганарыстасьць сэрца свайго, ён і жыхары Ерусаліму, і не прыйшоў на іх гнеў ГОСПАДА ў дні Эзэкіі.
 
І потым Эзэкія ўпакорыўся дзеля пыхі сэрца свайго, як ён, так і жыхары Ерузаліма; і таму не прыйшоў гнеў Госпада на іх у дні Эзэкіі.

І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі шмат; і ён зрабіў сабе скарбніцу на срэбра і золата, і на камяні каштоўныя, і на пахошчы, і на шчыты, і на ўсялякія рэчы каштоўныя,
 
Эзэкія ж стаў вельмі багатым і слаўным; сабраў сабе вялікія скарбы срэбра, золата і каштоўнага каменя, духмянасцей, шчытоў ды ўсякага роду каштоўнасцей.

і сьвірны на ўраджай збожжа, віна і алею, і хлявы для ўсякай скаціны, і загародкі для чародаў.
 
Назапасіў у кладоўкі збожжа, віна, алівы ды ў хлявы для ўсякіх гатункаў жывёлы і ў аўчарнікі для статка.

І пабудаваў ён сабе гарады, і статкаў авечак і валоў [меў ён] мноства, бо даў яму Бог маёмасьць вельмі вялікую.
 
Нажыў сабе статкі і ў вялікай колькасці авечак і валоў, бо Бог даў яму вялікія багацці.

І ён, Эзэкія, спыніў верхні выхад водаў Гіхону і правёў іх уніз да заходняга боку гораду Давіда. І меў посьпех Эзэкія ў-ва ўсіх справах сваіх.
 
Гэта ён, Эзэкія, спыніў верхні працёк водаў Гіхона і павярнуў іх проста ўніз на заходні бок горада Давідава. Эзэкію шанцавала ва ўсіх яго прадпрыемствах.

І толькі пры пасланцах князёў Бабілону, якіх яны паслалі да яго, каб даведацца пра цуд, які адбыўся ў зямлі [ягонай], Бог пакінуў яго, каб выспрабаваць яго, каб даведацца ўсё, што ў сэрцы ягоным.
 
Калі, аднак, прыбылі паслы ад князёў Бабілона, пасланыя імі да яго, каб запытацца пра цуд, які здарыўся ў краі, тады пакінуў яго Бог, каб выпрабаваць, каб выявілася ўсё, што было ў яго сэрцы.

А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і дабрадзейства ягонае, вось, яны запісаныя ў відзежах Ісаі, сына Амоса, прарока, у Кнізе валадароў Юды і Ізраілю.
 
Рэшта дзеяў Эзэкіі і яго міласцівасць апісаны ў бачанні Ісаі, сына Амоса, прарока, і ў Кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.

І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго вышэй магілаў сыноў Давіда, і ўшанавалі яго пасьля сьмерці ягонай увесь Юда і жыхары Ерусаліму. І пачаў валадарыць Манаса, сын ягоны, пасьля яго.
 
Супачыў Эзэкія са сваімі бацькамі і пахавалі яго ля ўваходу да магіл сыноў Давіда. Пахаванне яму справіла ўся Юдэя ды ўсе жыхары Ерузаліма. Пасля яго цараваў Манаса, сын яго.