2 летапісаў 25 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Дваццаць пяць год было Амасі, як ён загаспадарстваваў, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Егоаддань, зь Ерузаліму.
Дваццаць пяць гадоў меў Амазія, калі стаў царом, і дваццаць дзевяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Ёадэн з Ерузаліма.
І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, але ня супоўным сэрцам.
І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не са шчырым сэрцам.
І было: як умацавалася за ім каралеўства, тады ён пазабіваў слугаў сваіх, што забілі караля, айца ягонага.
І, калі ён убачыў, што ўмацаваў сваю ўладу, то забіў паміж паслугачоў сваіх тых, якія забілі бацьку яго, цара,
Але дзяцей іхных не пазібаваў, бо напісана ў Законе, у кнізе Масеявай, ідзе расказаў СПАДАР, кажучы: «Ня маюць быць забіваны бацькі за дзеці, і дзеці ня маюць быць забіваныя за бацькоў; але кажны за свой грэх мае памерці».
але не забіў іх сыноў згодна з тым, што напісана ў кнізе закону Майсея, дзе загадаў Госпад, кажучы: «Хай не будуць забітыя бацькі за сыноў, ані сыны за сваіх бацькоў, але кожны памрэ за свой грэх».
І зьбер Амася Юдэю, і прызначыў ім па дамох айцоў князёў над тысячамі і князёў над сотнямі, у вусёй Юдэі а Веняміне; і палічыў іх ад дваццацёх год і вышэй, і знайшоў іх трыста тысячаў чалавекаў выборных, на вайну выходзячых, дзіду а шчыт дзяржачых.
Такім чынам, сабраў Амазія жыхароў Юдэі, і паставіў іх па родах тысячнікамі і сотнікамі для ўсёй Юдэі ды Бэньяміна. І далей палічыў ён усіх ад дваццаці гадоў і вышэй, і выявіў трыста тысяч юнакоў, здатных да бою і трымаючых дзіду і шчыт.
І наняў з Ізраялян сто тысячаў харобрых вояў за сто таланяў срэбра.
Прытым наняў з Ізраэля сто тысяч баявых ваяроў за сто талентаў срэбра.
Але чалавек Божы прышоў да яго і сказаў: «Каролю! хай ня йдзець із табою войска Ізраельскае, бо нямаш СПАДАРА з Ізраялянмі, з усімі сынамі Яхрэмавымі.
А прыйшоў да яго чалавек Божы і кажа: «О цар, хай не ідзе з табой войска Ізраэля; бо Госпад не з Ізраэлем ані з ніводным сынам Эфраіма.
Але йдзі ты, рабі, пасіліся да бітвы, бо СПАДАР можа ўчыніць, што ты спатыкнешся перад непрыяцелям, бо ё моц у Бога памагчы й прычыніць спатыкненьне».
Калі думаеш, што войны абапіраюцца на сілу войска, то Бог дасць ворагам перамогу над табою: у моцы бо Божай і дапамагаць, і да ўцёку змушаць».
І сказаў Амася чалавеку Божаму: «А што будзе із стома таланямі, каторыя я аддаў вятцы Ізраельскай?» І сказаў чалавек Божы: «Можа СПАДАР даць табе болей за гэта».
Ды сказаў Амазія чалавеку Божаму: «Дык што станецца са ста талентамі, якія я выдаў ваярам Ізраэля?» І чалавек Божы адказаў яму: «Госпад мае моц даць табе значна больш за гэта».
І аддзяліў іх Амася, — войска, што прышло да яго зь Яхрэму, — каб яны йшлі на свае месца. І вельмі ўзгарэўся гнеў на Юдэю, і яны зьвярнуліся дамоў у вялікай злосьці.
Такім чынам, Амазія раздзяліў войска, што прыйшло да яго з Эфраіма, каб вярнуліся ў свае мясціны; а яны, надта ўзлаваўшыся на Юдэю, вярнуліся ў сваю краіну.
Амася ж акрыяў, і павёў люд свой, і пайшоў на даліну Салоную, і паразіў сыноў Сэіру дзесяцёх тысячаў;
Потым Амазія ўпэўнена вывеў войска сваё, і павёў у Саляны лог і пабіў там дзесяць тысяч сыноў Сэіра.
І дзесяцёх тысячаў жывых узялі сынове Юдзіны ў палон; і прывялі іх на верх скалы, і ськінулі зь верху скалы, і ўсі яны чыста разьбіліся.
І іншых дзесяць тысяч ваяроў сыны Юды ўзялі ў палон, і прывялі да абрыву якойсьці скалы, і спіхнулі іх з вяршыні ў бездань, так што ўсе пазабіваліся.
Сяброве ж вяткі, што Амася адаслаў назад, каб яна ня йшла зь ім на вайну, рассыпаліся па местах Юдэі, ад Самары аж да Вефгорону; і забілі ў іх тры тысячы, і наглабалі множасьць здабытку.
А тое войска, якое Амазія адправіў, каб не ішло з ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі аж па Бэтарон, ды, забіўшы тры тысячы ваяроў, узялі яны вялікую здабычу.
Амася, прышоўшы просьле паразы Едомлян, прынёс багоў сыноў Сэіру, і пастанавіў іх у сябе за багоў, і перад імі кланяўся, і ім кадзіў.
Амазія ж, пабіўшы ідумейцаў, прынёс багоў сыноў Сэіра ды паставіў іх у сябе багамі, і пакланяўся перад імі, і ўспальваў ім.
І ўзгарэўся гнеў СПАДАРА на Амасю, і паслаў Ён да яго прароку, і тый сказаў яму: «Нашто ты шукаеш багоў люду, каторыя ня выбавілі свайго собскага люду ад рукі твае?»
З гэтае прычыны разгневаўся Госпад на Амазію ды паслаў да яго прарока, каб сказаў яму: «Чаму пакланяешся багам, якія не абаранілі свайго народа ад тваёй рукі?»
І было, як ён казаў яму, што кароль адказаў: «Ціж за парадніка каралеўскага пастанавілі цябе? перастань, нашто ж маюць забіць цябе». І перастаў прарока, сказаўшы: «Ведаю, што пастанавіў Бог згубіць цябе, бо ты зрабіў гэта і ня слухаў рады мае».
І калі ён гэта яму казаў, той адказаў яму: «Ці ж мы зрабілі цябе дарадчыкам цара? Перастань! Каб не забіў я цябе!» І перастаў прарок, сказаўшы: «Але я ведаю, што рашыў Бог забіць цябе, бо ты зрабіў такое і не паслухаў маёй парады».
І парадзіўся Амася, кароль Юдэйскі, і паслаў да Ёаша, сына Егоагаза Ежанка, караля Ізраельскага, сказаць: «Выходзь, пабачымся аблічна».
Такім чынам, Амазія, цар Юдэі, параіўшыся, паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць: «Прыйдзі, пабачымся!»
І паслаў Ёаш, кароль Ізраельскі, да Амасі, караля Юдэйскага, кажучы: «Асот, каторы на Лібане, паслаў да кедры, што на Лібане ж, кажучы: "Аддай дачку сваю за жонку сыну майму". Але праходзіў дзікі зьвер, каторы на Лібане, і патаптаў гэты асот.
А ён паслаў вестуна сказаць: «Церн на Лібане пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю за жонку майму сыну”. І вось, дзікія звяры, што былі на Лібане, прабеглі і патапталі церн.
Ты кажаш: "Вось, я паразіў Едома", узьнялося сэрца твае да пыхі. Сядзі валей у сябе дома. Нашто табе пачынаць небясьпечную справу? Упадзеш ты а Юдэя з табою».
Ты сказаў: “Пабіў эдомцаў!” І таму падымаецца сэрца тваё ў пыхлівасць. Сядзі ў сваім доме! Нашто выклікаеш бяду на сябе, каб упаў і ты, і Юдэя з табою?»
Але не паслухаў Амася, бо ад Бога гэта, каб аддаць іх у рукі Ёаша, за тое, што пачалі шукаць багоў Едомскіх.
Але Амазія не пажадаў выслухаць, таму што воляй Госпада было, каб быў ён аддадзены ў рукі ворагаў дзеля культу шанавання багоў Эдома.
І выступіў Ёаш, кароль Ізраельскі, і абачыліся аблічна, ён і Амася, кароль Юдэйскі, у Вефшэмішу Юдэйскім.
Такім чынам, выступіў Ёас, цар Ізраэля, і ўбачыліся сам на сам ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе юдэйскім.
І была разьбіта Юдэя Ізраелям, і паўцякалі кажны да будану свайго.
І Юдэя была разбіта ізраэльцамі і ўцякла ў свае палаткі.
І Амасю, караля Юдэйскага, сына Ёаша Агазёнка, захапіў Ёаш, кароль Ізраельскі, у Вефшэмішу, і прывёў яго да Ерузаліму, і разбурыў сьцяну Ерузалімскую, ад брамы Яхрэмавае аж да брамы Рагавое, на чатырыста локцяў;
Амазію ж, цара Юдэі, сына Ёаса, сына Ёахаза, схапіў у Бэтсамэсе Ёас, цар Ізраэля, ды завёў яго ў Ерузалім, і разваліў мур яго ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў.
І ўзяў усе золата а срэбра а ўсе судзьдзе, што былі ў доме Божым ля Овед-Едому, і скарбы дому каралеўскага, і закладнікаў, і зьвярнуўся да Самары.
Забраў таксама ўсё золата і срэбра, і ўсе пасудзіны, што знайшоў у святыні Божай і ў Абэдэдома ды ў скарбоўнях палаца царскага, а таксама палонных адвёў у Самарыю.
І жыў Амася Ёашонак, кароль Юдэйскі, па сьмерці Ёаша Егоагазёнка, караля Ізраельскага, пятнанцаць год.
А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў па смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля.
Засталыя справы Амасіны, першыя й апошнія, ціж не апісаны яны гэта ў кнізе каралёў Юдэйскіх а Ізраельскіх?
А астатнія дзеянні Амазіі, ад першых да апошніх, запісаны ў Кнізе Цароў Юдэі і Ізраэля.
І адгэнуль, як Амася адступіў ад СПАДАРА, зрабілі супроці яго змову ў Ерузаліме, і ён уцёк да Лахішу. І паслалі за ім да Лахішу, і забілі яго там.
Ад часу, калі Амазія адвярнуўся ад Госпада, зрабілі змову супраць яго ў Ерузаліме; і калі ён уцёк у Лахіс, паслалі за ім у Лахіс і там забілі яго.
І прывезьлі яго коньмі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі ў месьце Юдзіным.
І перавезлі яго коньмі, і пахавалі з бацькамі яго ў горадзе Давіда.