2 летапісаў 13 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Асьмінанцатага году дзяржавы Еровоама загаспадарстваваў Авія над Юдаю.
На васемнаццаты год царавання Ерабаама, Абія стаў царом у Юдэі.
Тры гады ён гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Міхая Урэлішка, з Ґівы. І была вайна ўв Авіі зь Еровоамом.
Тры гады цараваў Абія у Ерузаліме. І імя маці яго — Міхая, дачка Урыэля з Габы. І паміж Абіяй і Ерабаамам ішла вайна.
І наснудзіў Авія на вайну войска, што складалася зь людзёў харобрых, з чатырыста тысячаў выборных чалавекаў; а Еровоам вышаў супроці яго на вайну з асьмісот тысячаў чалавекаў, выборных, харобрых.
І калі Абія пачынаў вайну, меў чатырыста тысяч адборных, вельмі здатных да бою ваяроў, Ерабаам супраць іх выставіў фронт у восемсот тысяч ваяроў, і яны таксама былі адборныя і вельмі мужныя ў баях.
І стаў Авія на версе гары Цэмараімскае аднае з гораў Яхрэмавых, і сказаў: «Паслухайце мяне, Еровоаме а ўсі Ізраяляне!
Такім чынам, Абія размясціўся на гары Сэмараім, што на гары Эфраіма, і заявіў: «Слухайце, Ерабааме і ўвесь Ізраэль!
Ці ня ведаеце вы, што СПАДАР, Бог Ізраеляў, даў каралеўства Давіду над Ізраелям навекі, яму а сыном ягоным — змоваю солі?
Ці не ведаеце, што Госпад, Бог Ізраэля, даў уладу Давіду над Ізраэлем навек, яму і сынам яго па запавеце солі?
Але ўзьняўся Еровоам Невацёнак, слуга Салямона Давідзёнка, і збунтаваўся супроці спадара свайго.
І Ерабаам, сын Набата, паслугача Саламона, сына Давіда, узбунтаваўся супраць валадара свайго;
І зьберліся да яго пустыні, сынове веляла і ўмацаваліся супроці Рэговоама Салямоненка; Рэговоам жа быў малады а лентага сэрца, і ня вытрываў супроці іх.
і сабраліся пры ім самыя ліхія людзі, сыны Бэліяла, і выступілі сілай супраць Рабаама, сына Саламона. Прытым Рабаам быў малады і баязлівы сэрцам і не мог супрацьстаяць ім.
І цяпер вы думаеце вытрываць супроці каралеўства СПАДАРОВАГА ў руццэ сыноў Давідавых, і вас вялікая множасьць, і з вамі залатыя цяляты, каторыя Еровоам зрабіў вам за багоў.
Такім чынам, цяпер вы кажаце, што можаце процістаяць Валадарству Госпада, якое маеце праз сыноў Давіда; і маеце вельмі шмат народа і цялят залатых, якіх зрабіў вам Ерабаам, як багоў.
Ці ня вы выгналі сьвятароў СПАДАРОВЫХ, сыноў Ааронавых, і Левітаў, і нарабілі сьвятароў падобна да народаў земляў? Хто прыходзе да пасьвячэньня свайго зь цялём-бычком а ізь сяма баранамі, можа быць сьвятаром таму, хто ня Бог.
І выгналі вы святароў Госпадавых, сыноў Аарона, і левітаў, і паставілі сабе святароў, як пагане земляў. Кожны, хто прыходзіць і пасвячае руку сваю на быку з быкоў і на сямі баранах, становіцца ў вас святаром тых, хто не ёсць багі.
Але што да нас — СПАДАР Бог наш, і мы не пакінулі Яго, і СПАДАРУ служаць сьвятарове, сынове Ааронавы, і Левітаве на сваім занятку.
А для нас Бог ёсць Госпад, Якога мы не пакінулі; і служаць Госпаду святары з сыноў Аарона і левіты па сваім парадку.
І кадзяць яны СПАДАРУ, абракаюць усепаленьні кажнае раніцы й кажнага вечара й пахнючае кадзіла, і выкладаюць хлеб на чыстым стале, і залаты сьветач а лянпы, каб гарэлі кажнага вечара; бо мы дзяржым загаду СПАДАРА, Бога свайго, а вы пакінулі Яго.
Таксама штодзень, раніцай і вечарам, складаюць Госпаду цэласпаленні, пах духмянасцей, ды кладуць хлябы на вельмі чыстым стале. І ў нас ёсць таксама залаты падсвечнік і лямпы яго, каб гарэлі заўсёды вечарам: мы бо пільнуем прыказанні Госпада, Бога нашага, ад Якога вы адвярнуліся.
І вось, у нас на чале Бог, і сьвятарове Ягоныя, каб трубіць супроці вас. Сынове Ізраелявы! не ваюйце із СПАДАРОМ, Богам айцоў сваіх, бо не адзяржыце дасьпеху».
Такім чынам, у нашым войску Бог правадыр і Яго святары, якія трубяць у трубы і адклікаюцца да вас, сыны Ізраэля; не ваюйце супраць Госпада, Бога бацькоў вашых, бо гэта не карысна вам».
І Еровоам загадаў засадзе зайсьці адзаду ім, так што быў сьпераду Юдэяў, а засада адзаду іх.
А Ерабаам паслаў дружыну ў засаду, каб ішла яна пасля іх, і яны апынуліся перад юдэямі, і засада за імі.
І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду й адзаду; і загаласілі яны да СПАДАРА, а сьвятарове затрубілі ў трубы.
І, прыгледзеўшыся, юдэі ўбачылі, што чакае іх бой спераду і ззаду, дык паклікалі яны Госпада, і святары пачалі трубіць у трубы,
І гукнулі Юдэі; і, як гукнулі мужы Юдэйскія, Бог паразіў Еровоама а ўсіх Ізраялян перад відам Авіі а Юды.
і ўсе юдэі паднялі крык, і, вось, калі яны крычалі, Бог пабіў Ерабаама ды ўвесь Ізраэль перад абліччам Абіі і Юдэі.
І ўцякалі сынове Ізраелявы ад Юдэяў, і аддаў іх Бог у рукі іхныя.
І ўцяклі сыны Ізраэля ад Юдэі, але аддаў іх Бог у іх рукі.
І Авія, і люд ягоны паразілі іх вялікаю паразаю: і пала забітых у Ізраелю пяцьсот тысячаў чалавекаў выборных.
Такім чынам, паразіў іх Абія і народ яго плягаю страшнай; і пала пабітых ізраэльцаў пяцьсот тысяч мужных ваяроў.
І ўкарыліся сынове Ізраелявы таго часу, і былі дужыя сынове Юдзіны, бо здаваліся на СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
І былі ўпакораны сыны Ізраэля ў той час, і сыны Юдэі ўзмацніліся, таму што ўскладалі надзею на Госпада, Бога бацькоў сваіх.
І гнаўся Авія за Еровоамам, і ўзяў у яго месты: Бэт-Эль а местачкі яго, і Ешану а местачкі яе, і Ефрон а местачкі яго.
І пераследаваў Абія Ерабаама, што ўцякаў, ды ўзяў гарады яго Бэтэль і ваколіцы яго, Есану з ваколіцамі яе, Эфон таксама з яго ваколіцамі.
І не падужэў ужо Еровоам за дзён Авііных. І паразіў яго СПАДАР, і ён памер.
І за жыццём Абіі Ерабаам ужо не мог набрацца сілы. Пакараў яго Госпад, і ён памёр.
Авія ж умацаваўся; і ўзяў сабе чатырнанцаць жонак, і нарадзіў дваццаць двух сыноў і шаснанцаць дачок.
Абія ж набраўся сіл, і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак, і быў бацькам дваццаці двух сыноў і шаснаццаці дачок.
І засталыя справы Авііны, і дарогі ягоныя, і мовы ягоныя апісаны ў зьясьненьню прарокі Ідды.
А астатнія дзеянні Абіі, і дарогі, і словы яго запісаны ў апавяданні прарока Адо.