2 летапісаў 22 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І ўстанавілі жыхары Ерузаліму за караля Агазю, найменшага сына ягонага, замест яго, бо ўсіх старшых пабіла вятка, што прыходзіла з Арабамі да табару, і загаспадарстваваў Агазя, сын Егорама, караля Юдэйскага.
 
А на яго месца жыхары Ерузаліма выбралі царом Ахазію, найменшага яго сына, бо ўсе старэйшыя былі забіты шайкай, якая з арабамі напала на лагер; і цараваў Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі.

Дваццаць два гады было Агазю, як загаспадарстваваў, і адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Афаля Омрышка.
 
А калі стаў ён царом, меў Ахазія дваццаць два гады, і адзін год быў ён царом у Ерузаліме. Імя маці яго — Аталія, дачка Амры.

Ён таксама хадзіў дарогамі дому Агавовага, бо маці ягоная была парадніцаю яму рабіць нягодна.
 
Але і ён пайшоў дарогамі сям’і Ахаба; бо маці яго падштурхнула яго, каб ён дзейнічаў нягодна.

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, падобна да дому Агавовага, бо яны былі яму параднікі, па сьмерці айца ягонага, на згубу яму.
 
Такім чынам, рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, як дом Ахаба; бо яны на яго загубу былі яму дарадчыкамі па смерці яго бацькі.

Подле рады іхнае ён таксама пайшоў ізь Егорамам Агавёнкам, каралём Ізраельскім, на вайну з Газаелям, каралём Арамскім, да Рамофу Ґілеадзкага. І ранілі Арамляне Ёрама,
 
І ішоў за іх парадамі, і пайшоў з Ярамам, сынам Ахаба, царом Ізраэля, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот Галаадскі, і сірыйцы ранілі Ярама.

І зьвярнуўся ён да Ізраелю лячыцца ад ранаў, каторыя яму зрабілі ў Раме, як ён ваяваў із Газаелям, каралём Арамскім. І Агазя Егораменак, кароль Юдэйскі, прышоў даведацца Ёрама Агавёнка да Ізраелю, бо гэты быў хворы.
 
Ён вярнуўся, каб лячыцца ў Езрагэлі ад ран, якія атрымаў у вышэй названым баі. Дык Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, выбраўся, каб наведаць Ярама, сына Ахаба, які ў Езрагэлі хварэў.

І ад Бога гэта было на згубу Агазі, што ён прышоў да Ёрама; бо, прышоўшы, ён вышаў зь Егорамам супроці Егу Німшанка, каторага памазаў СПАДАР на выгубленьне дому Агавовага.
 
Але воляй Божай было супраць Ахазіі, каб ён наведаў Ярама; і калі ён прыбыў, то разам з Ярамам пайшоў супраць Егу, сына Намсі, якога Госпад намасціў на цара, каб ён знішчыў дом Ахаба.

Як Егу ўчыніў суд над домам Агавовым, тады ён знайшоў князёў Юдэйскіх і братанічаў Агазіных, што служылі Агазі, і забіў іх.
 
Такім чынам, у час, калі Егу спраўляў суд над домам Ахаба, знайшоў князёў Юдэі і сыноў братоў Ахазіі, якія служылі яму, і забіў іх.

І ён шукаў Агазі, і схапілі яго, як ён хаваўся ў Самары, і прывялі яго да Егу, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: «Ён сын Ясапатаў, каторы шукаў СПАДАРА з усёга сэрца свайго». І дом Агазін ня меў сілы дзяржаць ужо каралеўства.
 
І шукаў потым самога Ахазію, і схапілі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і завялі да Егу, і ён забіў яго. І пахавалі яго таму, што казалі, што ён сын Язафата, які ўсім сэрцам сваім шукаў Госпада. І не было тады нікога з нашчадкаў Ахазіі, хто мог бы быць царом.

Бо Афаля, маці Агазіна, абачыўшы, што памер сын ейны, устала й выгубіла ўсе каралеўскае насеньне дому Юдзінага.
 
Калі Аталія, маці Ахазіі, даведалася, што сын яе памёр, паднялася і загубіла ўсіх нашчадкаў царскага дому Юдэі.

Але Егошавеаф, дачка каралёва, узяла Еаша Агазёнка, і ўкрала яго з памеж забіваных каралеўскіх сыноў, і памясьціла ў спальні яго а няньку ягоную; і гэткім парадкам Егошавеаф, дачка караля Егорама, жонка Егояда сьвятара, сястра Агазіна, схавала Ёаша ад Афалі, і яна не забіла яго.
 
Але Ёсабэт, дачка цара, узяла Ёаса, сына Ахазіі, і ўкрала яго паміж сыноў цара, калі іх забівалі, і схавала яго разам з нянькай яго ў спальным пакоі. Ёсабэт ж, якая схавала яго, была дачкой цара Ярама, жонкаю Ёяды першасвятара, сястрой Ахазіі; і з-за таго Аталія не забіла яго.

І быў ён у іх, у доме Божым, хаваны шэсьць год; Афаля ж гаспадарствавала ў зямлі.
 
Таму прабываў ён з імі, схаваны ў доме Божым, шэсць гадоў, у якія царавала над краем Аталія.