2 летапісаў 5 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І скончана была ўся работа, каторую рабіў Салямон да дому Божага. Салямон унёс пасьвячэньне, што Давід, айцец ягоны, быў пасьвяціўшы: і срэбра, і золата, і ўсі снадзі палажыў да скарбніцы дому Божага.
І так закончана была ўся праца, якую зрабіў Саламон у доме Госпада. Тады ўнёс Саламон усё, што прыракаў Давід, бацька яго: срэбра і золата, дый увесь посуд памясціў у скарбоўнях дома Божага.
Тады згукаў Салямон старцоў Ізраеля і ўсі галавы плямёнаў, галоўных із айцоў сыноў Ізраельскіх, да Ерузаліму, узьнесьці скрыню змовы СПАДАРОВАЕ зь места Давідавага, каторае Сыён.
Затым сазваў старэйшын Ізраэля, і ўсіх кіраўнікоў пакаленняў, і князёў родаў Ізраэля ў Ерузалім, каб перанесці каўчэг прымірэння Госпадава з горада Давіда, якім з’яўляецца Сіён.
І зьберліся да караля кажны Ізраелец на сьвята сёмага месяца.
Дык сабраліся да цара ўсе ізраэльцы ў дзень урачыстага сёмага месяца.
І прышлі ўсі старцы Ізраелявы; і панесьлі Левіты скрыню;
І калі прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля, тады левіты ўзялі каўчэг
І ўзьнесьлі скрыню а будан збору а ўсі рэчы сьвятыя, што ў вітальні, — узьнесьлі іх сьвятары а Левіты.
і ўнеслі яго ў палатку сустрэчы, ды ўсе прыналежнасці святыя, што былі ў палатцы. Перанеслі іх святары і левіты.
Кароль жа Салямон а ўвесь збор Ізраеляў, што зьберся да яго перад скрыняю, абракалі аброкі з авец а валоў, каторых нельга палічыць а азначыць з прычыны множасьці.
Цар жа Саламон ды ўся супольнасць Ізраэля, сабраная пры ім перад каўчэгам, складалі ў ахвяру авечак і валоў без ліку: такое бо было мноства ахвяр.
І прынесьлі сьвятары скрыню змовы СПАДАРОВАЕ на месца яе, да нутранога пакою дому, да Сьвятога-Сьвятых, пад крылы херуваў.
І ўнеслі святары каўчэг прымірэння Госпадавага на яго месца, у Дабір святыні, у святое з святых, пад крылы херубінаў,
І былі херувы з распушчанымі крыламі над месцам скрыні, і херувы ахіналі скрыню а нашулкі яе.
так што херубіны раскідвалі свае крылы над месцам, у якім размясцілі каўчэг, і накрывалі сам каўчэг і яго жэрдкі зверху.
І падоўжылі нашулкі, і канцы нашулак былі відаць із скрыні перад нутраным пакоям, звонку, адылі, ня было іх відаць; і былі яны там дагэтуль.
А канцы жэрдак, на якіх неслі каўчэг, — бо былі жэрдкі даволі доўгія, — віднеліся перад Дабірам; а калі хто быў звонку, то бачыць іх не мог. Такім чынам, быў там каўчэг і застаецца ён там па сённяшні дзень.
Нічога ня было ў скрыні, апрача дзьвюх табліцаў, каторыя Масей палажыў у Горыве, як СПАДАР учыніў змову із сынамі Ізраелявымі, як яны вышлі зь Ягіпту.
І ў каўчэгу не было нічога іншага, акрамя дзвюх табліц, якія паклаў Майсей у Гарэбе, калі Госпад заключыў запавет з сынамі Ізраэля ў час іх выхаду з Егіпта.
І сталася, як сьвятары вышлі ізь сьвятыні, — бо ўсі сьвятары, што былі прытомныя, усьвяціліся, дык ня было патрэбы дзяржаць радоўкі.
Калі ж святары выйшлі з месца святое з святых, — бо ўсе святары, якія знаходзіліся там, былі асвячоныя, нягледзячы на чаргу і парадак службы,
І Левіты пяюны, — усі яны, Асаф, Гэмая, Ідуфун, і сыны іхныя, і браты іхныя, — адзеўшыся ў цянюсенькае палатно, з цымбаламі а з псалтырамі а гусьлямі стаялі ля ўсходняга канца аброчніка і зь імі сто дваццацёх сьвятароў, у трубы трубячых,
і левіты ўсе, што былі спевакамі пад Асафам, і якія былі пад Геманам, і якія былі пад Ідытунам, сыны і браты іх, апранутыя ў вісон, стаялі на ўсход ад ахвярніка, граючы на цымбалах, і псалтэрыёнах, і цытрах, і з імі сто дваццаць святароў, што гралі на трубах, —
І былі, як адзін, трубялі а пяюны, выдаючы адзін голас на выхваленьне а дзякаваньне СПАДАРУ; і як разьлёгся гук трубаў а цымбалаў а музыцкіх снадзяў, і выхвалялі СПАДАРА, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае; тады булак напоўніў дом, дом СПАДАРОЎ.
такім чынам, калі ўсе як адзін і затрубілі, і заспявалі, і зайгралі на цымбалах і іншых музычных інструментах, і высока ўзнялі голас, пачалі яны славіць Госпада аднагалосна і казаць: «Дзякуйма Госпаду, бо Ён добры, бо вечная ёсць міласэрнасць Яго», — запоўніўся воблакам дом Божы,
І не маглі сьвятары ўстоіць служыць з прычыны булаку, бо слава СПАДАРОВА напоўніла дом Божы.
і не змаглі святары там заставацца і спаўняць службу дзеля воблака, бо слава Госпада запоўніла дом Божы.