2 летапісаў 33 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Дваццаць год было Манасу, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
Калі Манаса стаў царом, меў дваццаць гадоў, і пяцьдзесят пяць гадоў цараваў у Ерузаліме.
І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, подле ўсіх агідаў паган, каторых прагнаў СПАДАР ад відзеньня сыноў Ізраелявых.
А ён рабіў тое, што ліхім было ў вачах Госпада, па агіднасцях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля.
І ўзноў збудаваў узвышшы, каторыя разбурыў Гэзэка, айцец ягоны, і пастанавіў аброчнікі Ваалам, і насадзіў гаі, і кланяўся ўсяму войску нябёснаму, і служыў ім;
І, адвярнуўшыся ад Бога, аднавіў узгоркі, якія перавярнуў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалам, і зрабіў слупы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму ды служыў яму.
І збудаваў аброчнік у доме СПАДАРОВЫМ, праз каторы сказаў СПАДАР: «У Ерузаліме будзе імя Мае на векі»;
Пабудаваў таксама два ахвярнікі ў доме Госпада, аб якім Госпад сказаў: «У Ерузаліме імя Маё будзе вечна».
І збудаваў аброчнік усяму войску нябёснаму на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА.
Пабудаваў жа ахвярнікі для ўсяго войска нябеснага ў двух панадворках святыні Госпада.
Ён жа праводзіў сыноў сваіх перазь цяпло ў даліне сына Гінномавага, таксама ён назіраў часы, і чараваў, і варажыў, і ўстанавіў выгуканьнікаў нябошчыкаў і знахараў; шмат рабіў благога ў ваччу СПАДАРОВЫМ, квелячы Яго да гневу.
І ён перавёў сыноў сваіх праз агонь у лагчыне сыноў Гэнома. Займаўся варажбой, чарамі, служыў паганскім культам; меў пры сабе заклінальнікаў і вешчуноў; многа ліха рабіў перад абліччам Госпада, каб гнявіць Яго.
І пастанавіў выразаны балван, каторы зрабіў, у доме Божым, праз каторы казаў Бог Давіду а Салямону, сыну ягонаму: «У доме гэтым а ў Ерузаліме, каторы Я абраў з усіх плямёнаў Ізраелявых, Я палажу імя Свае на векі;
Таксама паставіў статую ідала, якога сам зрабіў, у доме Госпада, аб якім так казаў Бог Давіду і Саламону, сыну яго, кажучы: «У гэтым доме і ў Ерузаліме, які выбраў Я з усіх пакаленняў Ізраэля, пакіну імя Маё навечна.
І не крану наперад нагі Ізраеля ізь зямлі, каторую Я прызначыў бацьком вашым, абы адно яны стараліся паўніць усе, што Я расказаў ім, подле ўсяго Права а ўставаў а загадаў Масеям».
І не дазволю, каб нага Ізраэля вырушыла з гэтай зямлі, якую даў Я бацькам іх, калі толькі будуць пільнаваць тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, і прыказанні, а таксама пастановы, уведзеныя праз руку Майсея».
І зьвёў Манас Юдэю а жыхараў Ерузаліму дзеяць ліха горш за паган, каторых СПАДАР выгубіў перад сынамі Ізраелявымі!
Дык Манаса давёў Юду і жыхароў Ерузаліма, што яны паводзілі сябе горш, чым усе пагане, якіх Госпад знішчыў перад сынамі Ізраэля.
І гукаў СПАДАР Манасу а люду ягонаму, але яны не ўважалі.
І перасцярог Госпад яго і народ яго, і не пажадалі яны зважаць на гэта.
І прывёў СПАДАР на іх вайводцаў караля Асырскага; і яны нялі Манаса кручкамі, і акавалі яго ланцугамі, і павялі яго да Бабілёну.
Дзеля таго навёў на іх кіраўнікоў войска цара асірыйцаў; і яны Манасу закавалі ў кайданы, і, звязанага ланцугамі, павялі ў Бабілон.
І, як ён быў у гароце, ён маліў СПАДАРА, Бога свайго, і ўкарыўся вельма перад Богам айцоў сваіх.
Ён у горы сваім маліў Госпада, Бога свайго, і моцнай пакутай упакорыўся перад Богам бацькоў сваіх.
І маліўся Яму, і Ён даўся ўпрасіць, і пачуў маленьне ягонае, і зьвярнуў яго да Ерузаліму на каралеўства ягонае. І даведаўся Манас, што СПАДАР — Ён Бог.
Ды ўмольваў Яго, і Бог, літасцівы да яго, выслухаў маленне яго і вярнуў яго ў Ерузалім у яго царства; і пераканаўся Манаса, што толькі Госпад ёсць Бог.
І просьле гэтага збудаваў навонную сьцяну места Давідавага, на заходнім баку Ґігону, у даліне, аж да ўходу ў Рыбную браму, і правёў яе навокал Офелу, і ўзьняў яе на вельмі вялікую вышыню. І прызначыў вайводцаў па ўсіх умацаваных местах Юдэі;
Пасля пабудаваў мур за горадам Давіда на захад ад Гіхона ў даліне і аж да ўваходу Рыбнай брамы навокал Афэла, і многа яго павысіў; і паставіў кіраўнікоў над войскам па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі.
І выкінуў чужаземныя багі а балваны з дому СПАДАРОВАГА, і ўсі аброчнікі, што ён збудаваў на гары дому СПАДАРОВАГА і ў Ерузаліме, і выкінуў іх вонкі зь места.
І выкінуў чужых багоў і ідалаў з святыні Госпада, таксама ахвярнікі, якія пабудаваў на гары дома Госпада і ў Ерузаліме, ды выкінуў усё з горада.
І збудаваў аброчнік СПАДАРОЎ, і аброк на ім супакойныя аброкі а падзяку, і расказаў Юдэям служыць СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму.
Далей аднавіў ахвярнік Госпада і ўсклаў на яго ахвяры мірныя і падзякі, і загадаў Юдзе служыць Госпаду, Богу Ізраэля.
Але люд яшчэ абракаў на ўзвышшах, адно СПАДАРУ, Богу свайму.
Але і далей народ ускладаў ахвяры на ўзгорках Госпаду, Богу свайму.
Засталыя справы Манасавы, і малітва ягоная да Бога свайго, і словы відзеньнікаў, што гукалі яму ў імя СПАДАРА, Бога Ізраелявага, вось, яны ў кнізе каралёў Ізраельскіх.
Астатнія дзеянні Манасы ды яго маленне да Бога свайго, поруч словы прадракальнікаў, якія прамаўлялі да яго ў імя Госпада, Бога Ізраэля, — знаходзяцца ў запісах цароў Ізраэля.
Таксама малітвы ягоныя, і што Бог даўся ўпрасіць яму, і ўвесь грэх ягоны, і ізрада ягоная, і месцы, ідзе ён збудаваў узвышшы, і насадзіў гаі, і выразаў балваны перад скарэньням сваім, вось, яны запісаны ў словах відзеньніка.
Таксама яго маленне і выслухванне, і ўсе яго грахі, і злачынствы, а таксама месцы, на якіх ён пабудаваў узгоркі, і зрабіў слупы і ідалаў, перад тым як ён упакорыўся, запісаны ў Размовах Газая.
І супачыў Манас із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў собскім доме ягоным. І Амон, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.
Такім чынам, супачыў Манаса са сваімі бацькамі ды пахавалі яго ў яго доме. І па ім цараваў сын яго Амон.
Амону было дваццаць два гады, як ён загаспадарстваваў, і гаспадарстваваў два гады ў Ерузаліме.
Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і два гады быў царом у Ерузаліме.
І рабіў ліха ў ваччу СПАДАРА, як рабіў Манас, ацец ягоны; бо ўсім балваном, каторыя быў зрабіўшы Манас, айцец ягоны, абракаў Амон і служыў ім.
І чыніў зло перад абліччам Госпада, як рабіў бацька яго Манаса, і ўсім ідалам, якіх зрабіў Манаса, складаў ахвяры і пакланяўся.
І не скарыўся перад СПАДАРОМ, як Манас, айцец ягоны, скарыўся; але ён, Амон, памножыў віны свае.
І не ўпакорыўся перад абліччам Госпада, як упакорыўся Манаса, бацька яго, ды яшчэ болей грашыў.
І змовіліся супроці яго слугі ягоныя, і забілі яго ў собскім доме ягоным.
І тады паслугачы яго змовіліся супраць яго, і забілі яго ў яго палацы.
Але люд зямлі забіў усіх тых, што змовіліся супроці караля Амона; і люд зямлі ўстанавіў Ёсю, сына ягонага, за караля замест яго.
Затым народ зямлі, выразаўшы ўсіх, хто змовіўся супраць цара Амона, на яго месца паставіў царом сына яго Осію.