Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 16 2-я Летапісаў 16 разьдзел

1 У трыццаць шостым годзе валадараньня Асы пайшоў Бааша, валадар Ізраіля, супраць Юды, і пачаў будаваць Раму, каб не дазволіць выходзіць ад Асы, валадара Юды, ані прыходзіць.
2 І вынес Аса срэбра і золата са скарбніцы Дому ГОСПАДА і дому валадара, і паслаў да Бэн-Гадада, валадара Сірыі, які жыў у Дамаску, кажучы:
3 «Запавет [ёсьць] паміж мною і табою, паміж бацькам маім і бацькам тваім. Вось, я пасылаю табе срэбра і золата. Пайдзі, паруш запавет твой з Баашам, валадаром Ізраілю, і ён адступіцца ад мяне».
4 І паслухаў Бэн-Гадад валадара Асу, і паслаў начальнікаў войска, якія ў яго, супраць гарадоў Ізраіля, і яны зруйнавалі Іён, Дан, Абэль-Маім і ўсе сьвірны [запасаў] у гарадах Нэфталі.
5 І сталася, калі пачуў [пра гэта] Бааша, ён пакінуў будаваць Раму і спыніў працу сваю.
6 І валадар Аса сабраў усяго Юду, і яны вынесьлі камяні з Рамы і дрэвы ейныя, якія ўжываў Бааша на будоўлю, і ён пабудаваў з іх Гіву і Міцпу.
7 У той час прыйшоў Ханані, відушчы, да Асы, валадара Юды, і сказаў яму: «За тое, што ты абапіраўся на валадара Сірыі, а не абапіраўся на ГОСПАДА, Бога твайго, войска валадара Сірыі ўцякло з рукі тваёй.
8 Ці не былі Кушане і Лібійцы войскам вялікім з калясьніцамі і вершнікамі вельмі шматлікімі? Але калі ты абапёрся на ГОСПАДА, Ён аддаў іх у руку тваю.
9 Бо ГОСПАД вачыма Сваімі абыходзіць усю зямлю, каб умацоўваць тых, чыё сэрца цалкам з Ім. Дрэнна ты зрабіў. Бо цяпер будуць у цябе войны».
10 І зазлаваўся Аса на відушчага, і кінуў яго ў вязьніцу, бо ён быў загневаны на яго з гэтай прычыны. І ўціскаў Аса [некаторых] з народу ў гэты час.
11 І вось дзеяньні Асы, першыя і апошнія, і вось, яны запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраілю.
12 І захварэў Аса на ногі ў трыццаць дзявятым годзе валадараньня свайго, і хвароба ягоная была цяжкая, але нават у хваробе сваёй ён шукаў ня ГОСПАДА, але лекараў.
13 І супачыў Аса з бацькамі сваімі, і памёр у сорак першым годзе валадараньня свайго.
14 І пахавалі яго ў магіле ягонай, якую ён выкапаў сабе ў горадзе Давіда; і палажылі яго на ложку, які быў напоўнены пахошчамі і рознымі масьцямі, прыгатаванымі работай мяшальніка масьцяў, і спалілі іх для яго агнём вельмі вялікім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісаў, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023