Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

2 Летапісаў 14 2-я Летапісаў 14 разьдзел

1 І супачыў Абія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда. І заваладарыў Аса, сын ягоны, пасьля яго. У дні ягоныя была ў супакоі зямля дзесяць гадоў.
2 І рабіў Аса добрае і слушнае ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго.
3 І прыбраў ён ахвярнікі чужых [багоў], і ўзгоркі, і разьбіў слупы, і пасьсякаў [сьвятыя] гаі.
4 І сказаў да Юды, каб шукалі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і выконвалі Закон і прыказаньні.
5 І прыбраў ён у-ва ўсіх гарадах Юды ўзгоркі і выявы сонца. І было ў супакоі валадарства перад абліччам ягоным.
6 І пабудаваў ён гарады ўмацаваныя ў Юдзе, бо была ў супакоі зямля, і не было ў яго вайны ў тыя гады, бо ГОСПАД даў яму супакой.
7 І сказаў ён Юдзе: «Пабудуем гарады гэтыя, і аточым [іх] мурамі і вежамі, брамамі і заваламі, пакуль зямля наша перад абліччам нашым, бо мы шукалі ГОСПАДА, Бога нашага. Мы шукалі [Яго], і Ён даў нам супакой навокал». І яны будавалі, і мелі посьпех.
8 І было ў Асы войска: тых, якія носяць вялікія шчыты і дзіды — трыста тысячаў, і з Бэн’яміна тых, якія носяць шчыты і нацягваюць лук — дзьвесьце восем тысячаў, усе яны — ваяры мужныя.
9 І выйшаў на іх Зэрах Кушанін з войскам, [якое мела] тысячу тысячаў і трыста калясьніцаў, і дайшоў да Марэшы.
10 І выйшаў Аса перад аблічча ягонае, і пашыхтаваліся на бітву ў даліне Цэфат каля Марэшы.
11 І клікаў Аса да ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, няма [нікога], акрамя Цябе, каб дапамагчы шматлікаму, [або таму, хто] ня мае сілы. Дапамажы нам, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, бо мы на Цябе спадзяемся і ў імя Тваё мы выйшлі супраць мноства гэтага. ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог наш! Няхай ня спыніць Цябе чалавек».
12 І пабіў ГОСПАД Кушанаў перад абліччам Асы і перад абліччам Юды, і ўцякалі Кушане.
13 І гнаў іх Аса і народ, які быў з ім, аж да Герару, і падалі Кушане, ажно ў іх нікога не [засталося] жывога, бо яны былі зьнішчаныя перад абліччам ГОСПАДА і перад абліччам табару Ягонага. І панесьлі яны здабычы вялікае мноства.
14 І пабілі яны ўсе гарады вакол Герару, бо напаў на іх жах перад ГОСПАДАМ; і рабавалі ўсе гарады, бо шмат здабычы было ў іх.
15 І таксама намёты [пастухоў] статкаў яны зьнішчылі, і забралі мноства авечак і вярблюдаў, і вярнуліся ў Ерусалім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісаў, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023