2 да Карынфянаў 9 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Мне, зрэшты, лішне пісаць вам пра службу сьвятым,
Бо праз памогу сьвятым лішне імне пісаць вам,
бо я ведаю руплівасьць вашую, і хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія гатовая яшчэ зь леташняга году; а стараннасьць вашая падахвоціла многіх.
Бо ведаю гатоў вашу, каторай я хваліўся Македонянам, што Ахая прыгатаваўшыся ад леташняга году, і рупатлівасьць ваша захоціла вялікі лік.
А братоў паслаў я на тое, каб пахвала мая вам не прапала марна ў гэтым выпадку, а каб вы, як я казаў, былі падрыхтаваныя,
Братоў жа я паслаў, каб гэна пахвала наша вамі ня была пустой узглядам гэтага, каб, як я казаў, вы былі прыгатаваўшыся,
і каб, калі прыйдуць са мною Македонцы і застануць вас негатовых, не пасаромлены былі мы, — не кажу «вы», — пахваліўшыся так упэўнена.
Каб не прылучылася, як прыйдуць із імною Макядоняне і засьпеюць вас непрыгатаваўшыся, што былі б мы (не кажу вы) засаромлены з гэтага даверу.
Вось чаму я палічыў патрэбным упрасіць братоў, каб яны першыя пайшлі да вас і папярэдне паклапаціліся, каб абвешчанае ўжо дабраславеньне ваша было гатовае, як дабраславеньне, а не як прымусовая даніна.
Затым я ўважаў за канечне патрэбнае маліць братоў пайсьці да вас і загадзя скончыць уперад абешчанае дабраславенства вашае, каб яно магло быць гатова, як дабраславенства, а ня як гальлівасьць.
Пры гэтым (скажу): хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.
Гэта ж так: хто сее шчадна, і жаць будзе шчадна; а хто сее дабраславенства, і пажнець дабраславенства.
Хай кожны ўзычвае, як сэрца ягонае прыхіляе, а ня з прыкрасьцю і ня з прынукаю; бо Бог любіць таго, хто самахоць дае з радасьцю.
Кажны, як замерыў у сэрцу сваім, ня ў смутку ані з прынукі, бо ахвотна даючага любе Бог.
А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усякаю мілатою, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсякія добрыя дзеі,
Бог жа можа забагаціць вас кажнай ласкаю, каб вы заўсёды і ўсяго мелі даволі, каб былі багатыя кажным добрым учынкам,
як напісана: «рассыпаў, раздаў убогім; праўда ягоная трывае вавекі».
Як напісана: «Рассыпаў, даў бедным, справядлівасьць Ягоная трывае на векі».
А Той, Хто дае насеньне сейбіту і хлеб на ежу, дасьць і шчодрасьць пасеянаму вамі і памножыць плады праведнасьці вашай,
Тый жа, што дастаўляе сяўбу сяўбіту, даставе й хлеб на ежу, і памножа сяўбу вашу, і прыспора плады справядлівасьці вашае,
так, каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчадроту, якая праз нас узносіць падзяку Богу.
Каб вы ўсяляк забагацелі дзеля кажнае шчырае шчодрасьці, каторая пераз нас дзее дзякаваньне Богу.
Бо справа служэньня гэтага ня толькі дапаўняе ўбогасьць сьвятых, але нараджае ў многіх удзячнасьць Богу;
Бо памога слугаваньня гэтага ня толькі запаўняе нястачу сьвятых, але й збыткуе ў шмат дзякаваньняў Богу.
бо, бачачы досьвед у гэтым служэньні, яны славяць Бога за пакору вызнаванаму вамі Дабравесьцю Хрыстоваму і за шчырую супольнасьць зь імі і з усімі,
З даведаньня гэтае службы яны славяць Бога за падаўкосьць вызнаньня вашага Дабравесьці Хрыстовае і за шчырае ўзаем’е зь імі а з усімі,
молячыся за вас, па прыхільнасьці да вас, за шчодра сутную ў вас мілату Божую.
І моляцца за вас, і тужаць па вас з прычыны нязьмернае ласкі Божае вам.
Дзякуй Богу за нявымоўны дар Ягоны!
Дзякі Богу за неапісальны дар Ягоны!