Ісаі 18 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Гора зямлі бразгатлівых крылляў, што за рэкамі Этыёпіі!
Бяда зямлі ў сьценю крылаў, каторая за ракамі Ефіопскімі,
Яна выпраўляе паслоў праз мора і ў чаўнах папірусавых па вадзе: «Ідзіце, пасланцы хуткія, да народа рослага і бліскучага, да народа страшнага раней і цяпер, да народа дужага і пераможнага, хто падаўляе, рэкі якога раздзяляюць зямлю».
Што пасылае паслоў па мору і ў трысьніковых караблёх па вадзе! Ідзіце, лягкія пасланцы, да народу падгалага і з бліскучаю, да люду страшнага ад пачатку дагэтуль, народу мераючага а топчучага, каторага зямлю перанялі рэкі.
Вы, усе жыхары свету, якія насяляеце зямлю, убачыце, як будзе падняты знак на гарах, і пачуеце, як затрубіць труба!
Усі жыхары сьвету й жывучыя на зямлі, глядзіце, як харугва падыймецца на горах, як трубнае граньне пачуеце;
Бо гэта сказаў Госпад мне: «Адпачну і назіраць буду з месца Свайго, як цяпло гарачае па з’яўленні святла ды як воблака роснае ў гарачае жніво.
Бо так сказаў імне СПАДАР: «Я буду ціхі й буду глядзець у сялібе Сваёй, як прасьветны вад на сьвятліні, як булак расы ў часе ваду ў жніво»;
Бо перад зборам вінаграду, калі квецень ападзе і плодная гронка даспее, абрэжа сучкі вінаградныя нажніцамі, а атожылкі адрэжа і выкіне;
Бо перад зборам, калі скончылася квіценьне, і квет стаў сьпелаю ягадаю, Ён адатнець розкі сярпамі, адатнець голі і кіне іх.
будуць разам пакінуты для горных птушак і зямных звяроў; і летам будуць імі жывіцца драпежныя птушкі, а ўсе дзікія звяры зямныя будуць імі жыравацца зімой».
Усі разам будуць пакінены дзярлівым гаравым птушкам і зьвяром земным; і дзярлівыя птушкі будуць там летаваць, і ўсі зьвяры земныя будуць там зімаваць.
У той час будзе складзена ахвяра Госпаду Магуццяў народам рослым і бліскучым, народам страшным раней і цяпер, народам дужым і пераможным, хто падаўляе, рэкі якога раздзяляюць зямлю, да месца імя Госпада Магуццяў, да гары Сіён.
Таго часу прынясець дар СПАДАРУ войскаў люд падгалы і з бліскучаю, і люд страшны ад пачатку дагэтуль, народ мераючы а топчучы, каторага зямлю перанялі рэкі, на месца імені СПАДАРА войскаў, на гару Сыён.