Ісаі 66 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Гэта кажа Госпад: «Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, або якое месца для супачынку Майго?
Гэтак кажа СПАДАР: «Неба — пасад Мой, а зямля — казулька пад ногі Мае; ідзе вы пастановіце дом Імне, і йдзе месца супачынку Майго?
Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта, ды ўсё гэта Маё, — кажа Госпад. — Але вось да каго Я буду прыглядацца: да беднага і прыгнечанага духам, і да таго, хто трымціць перад словамі Маімі.
Усе гэта ўчыніла рука Мая, і сталася ўсе гэта, — агалашае СПАДАР. — І на гэтага Я буду глядзець: на ўбогага а патрышчанага духам а на дрыжачага на слова Мае.
Ёсць такі, што забівае на ахвяру вала і забівае чалавека; што забівае на ахвяру авечку і скручвае галаву сабаку; складае ахвяру з ежы і поруч з крыві парсюка, паліць кадзіла і дабраслаўляе ідала. Падобна, як тыя выбралі сабе дарогі і душы іх адчуваюць асалоду ад агіднасцей іх,
Хто рэжа вала — забівае людзіну, абракае авечку — ломе завыек сабаку, абракае хлебны аброк — сьвіную кроў, кадзе кадзіла — дабраславе бяспраўе. Але як яны абралі дарогі свае, і душа іхная любуе агіды іхныя, —
так і Я выберу ім долю іх ліхую, і тое, чаго яны баяцца, напушчу на іх, бо Я клікаў — і не было каму адказаць, гаварыў — а не слухалі, і дапускаліся ліхоты на вачах Маіх, ды, што Мне не падабалася, выбралі».
Дык і Я абяру пасьмехі іхныя; чаго яны баяцца, прывяду на іх; бо Я гукаў, — ніхто не адказаваў, і Я казаў — яны ня слухалі, рабілі ліха ў ваччу Маім і абралі, што нялюба Імне».
Слухайце слова Госпада, якія трымціце перад словам Яго. Сказалі браты вашы, якія ненавідзяць вас і якія вас адганяюць дзеля Майго імя: «Хай Госпад пакажа Сваю славу, каб мы аглядалі вашу радасць», але яны пасаромеюцца.
Слухайце слова СПАДАРОВА, вы, што дрыжыце на слова Ягонае: «Казалі браты вашы, што ненавідзілі вас, што адпіхаюць вас за імя Мае: "Няхай СПАДАР уславіцца, і абачым радасьць вашу". Але яны будуць паганбены.
Голас крыку з горада, голас са святыні, голас Госпада, Які дае адплату непрыяцелям Сваім.
Грымучы голас ізь места, голас із палацу, голас СПАДАРОЎ, Каторы плаце непрыяцелям Сваім.
Перш чым пакутавала родамі, нарадзіла дзіця, перш чым прыйшлі роды яе, нарадзіла хлопца.
Перш, чымся труднілася, радзіла; уперад чымся прышлі болі ёй, яна абрадзілася сынам.
Хто калі чуў такія рэчы? Ды хто бачыў штосьці падобнае? Ці ж родзіцца зямля ў адзін дзень, ці ж народ родзіцца імгненна? Бо Сіён толькі пачаў пакутаваць родамі, ужо нарадзіў сваіх сыноў.
Хто чуваў гэта? хто бачыў падобнае да гэтага? ці родзе зямля за адзін дзень? ці радзіўся народ адразу; бо як пачала трудніцца, так і радзіла сваіх сыноў маці Сыёну.
«Няўжо ж Я адчыняю ўлонне і не дам нарадзіць?» — кажа Госпад. «Ці ж Я, Які даю нарадзіць, зачыню ўлонне?» — кажа твой Бог.
Нягож Я, адчыняючы ўлоньне дзеля нараджэньня, ня дам абрадзіцца? — кажа СПАДАР. — Нягож Я, даючы Сілу радзіць, запыню? — кажа Бог твой.
Цешцеся разам з Ерузалімам, весяліцеся ў ім усе, якія шануеце яго; радуйцеся з ім радасцю ўсе, якія смуткавалі над ім,
Цешчася зь Ерузалімам і весяліцеся ў ім, усі, што любіце яго; цешчася з радасьці зь ім, усі, што ў жалобе па ім;
каб ссаць маглі вы і насыціліся з грудзей яго пацехі, каб даілі і ў раскошы выплывалі з грудзей яго пахвалы.
Бо вы будзеце ссаць і насыціцеся зь пелькаў пацехаў яго, бо вы можаце любаваць яснасьць славы яго».
Бо гэта кажа Госпад: «Вось жа, Я накірую да яго супакой, як раку, і славу народаў, як паводкавы ручай. Будзеце ссаць, і будуць насіць вас на руках і на каленях будуць песціць вас.
Бо гэтак кажа СПАДАР: «Вось, Я расьцягну да яго супакой, як раку, і, як цурэй, што разьліўся, чэсьць народаў; тады вы будзеце ссаць, будзеце ношаны на сьцёгнах і кукоблены на ўлоньнях.
Як каго калі маці пацяшае, так Я пацешу вас, і ў Ерузаліме будзеце пацешаны».
Як людзіну цеша маці ягоная, так Я буду цешыць вас, і вы ў Ерузаліме будзеце пацешаны.
Убачыце, і будзе радавацца сэрца ваша, і косці вашы набяруць свежасці, як мурог, ды рука Госпадава аб’явіцца на паслугачах Яго, а гнеў — на Яго ворагах.
І абачыце, і пацешыцца сэрца вашае, і косьці вашы, як зяленіва, расквіцяць, і ведамная будзе рука СПАДАРОВА слугам Ягоным, і абурэньне — непрыяцелям Ягоным;
Бо, вось, Госпад прыйдзе ў агні і калясніцы Яго — быццам віхор, каб аддаць у абурэнні гневу Свайго, і пагрозай Сваёй у полымі агню;
Бо вось, СПАДАР у цяпле прыйдзе, і цялежкі Ягоныя, — як віхор, каб аднавіць гнеў Свой палкім гневам і ганеньне Свае ў полымянях цяпла;
бо агнём Госпад судзіць будзе і мечам Сваім кожнае цела, і шмат будзе забітых Госпадам.
Бо цяплом Сваім СПАДАР будзе судзіць суд і мячом кажнае цела, і шмат будзе забітых СПАДАРОМ.
«Тыя, якія пасвячаюцца і ачышчаюцца, каб увайсці ў сады за іншым, які стаіць у сярэдзіне, якія ядуць свіное мяса, і мярзоту, і мышэй, прападуць разам, — кажа Госпад. —
Тыя, што пасьвячаюцца а чысьцяцца ў гародах, адзін за адным па сярэдзіне, ядучы сьвіное мяса а агіду а мышы, — загінуць разам, — агалашае СПАДАР. —
Я, вось, ведаючы дзейнасць іх і намеры іх, прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць і ўбачаць славу Маю.
Бо Я ведаю ўчынкі іхныя й думкі іхныя; прыходзе пара, зьберці ўсі народы а мовы, і яны прыйдуць і абачаць славу Маю.
І пастаўлю ў іх знак, і пашлю некаторых з іх, якія будуць збаўлены, да народаў у Тарсіс, Пут, Луд, Масок, Рос, Тубал і Яван, да астравоў далёкіх, да тых, якія не чулі пра Мяне і не бачылі Маёй славы. Яны абвясцяць Маю славу народам
І палажу знак на іх, і пашлю ўцеклых да народаў, да Таршышу, Пулу а Луду, што напінаюць лук, да Тувалу а Явану, на далёкія абтокі, каторыя ня чулі галасоў празь Мяне й ня бачылі славы Мае; і яны будуць агалашаць народам славу Маю.
і прывядуць з усякіх народаў у ахвяру для Госпада ўсіх вашых братоў на конях, на калясніцах, на насілках, на мулах і на драмадэрах на святую Маю гару ў Ерузаліме, — кажа Госпад, — падобна, як сыны Ізраэля прыносяць ахвяры ў чыстым посудзе да дома Госпада.
І прывядуць усіх братоў вашых із усіх народаў на аброк СПАДАРУ конна а на цялежках а на нашулках а на мулах а на вярблюдзіцах, — на сьвятую гару Маю Ерузалім, — кажа СПАДАР, — падобна да тога, як сынове Ізраелявы абракаюць у чыстай судзіне ў доме СПАДАРОВЫМ.
І Я вазьму з іх некаторых у святары і ў левіты, — кажа Госпад.
І таксама зь іх Я вазьму сьвятароў а Левітаў, — кажа СПАДАР;
Бо як нябёсы новыя і зямля новая, якія Я зраблю, будуць трываць перада Мною, — кажа Госпад, — так трываць будзе ваша патомства і ваша імя.
Бо, як тыя новыя нябёсы й новая зямля, каторыя ўчыню Я, стануць перад Імною, — агалашае СПАДАР, — так насеньне ваша а імя ваша застануцца.
І будзе: пры кожным маладзіку і ў кожны шабат прыйдзе кожная жывая істота, каб пакланіцца перад абліччам Маім, — кажа Госпад. —
І станецца, што ад маладзіка да маладзіка, і ад сыботы да сыботы будзе прыходзіць кажнае цела пакланіцца перад відам Маім, — кажа СПАДАР.
І выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія ўзбунтаваліся супраць Мяне. Бо чарвяк іх не памрэ і агонь іх не згасне, і будуць яны агіднасцю для кожнай жывой істоты».
І выйдуць, і абачаць трупы людзёў, што выступ зрабілі супроці Мяне; бо чарвяк іхны не памрэць, і цяпло іхнае ня згасьне; і яны будуць агідаю кажнаму целу».