Ісаі 20 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У год, калі Тартан прыйшоў да Ашдоду, калі паслаў яго Саргон, валадар Асірыі, і ён ваяваў супраць Ашдоду, і здабыў яго,
 
Таго году, калі Тартон прышоў да Ашдоду, як паслаў яго Сарґон, кароль Асырскі, і ваяваў з Ашдодам, і перамог яго,

у гэты час прамовіў ГОСПАД праз рукі Ісаі, сына Амоса, кажучы: «Ідзі і разьвяжы зрэбніцу на сьцёгнах тваіх, і здымі сандалы твае з ног тваіх!» І ён зрабіў так, ходзячы голы і босы.
 
У тым самым часе казаў СПАДАР Ісаям Амасёнкам, кажучы: «Ідзі й здыймі зрэбніну ізь сьцёгнаў сваіх, і разуй вобуй з ног сваіх». І ён зрабіў так, ходзячы голы а босы.

І сказаў ГОСПАД: «Як слуга Мой Ісая хадзіў голы і босы тры гады — [гэта] знак і цуд адносна Эгіпту і [зямлі] Куш,
 
І сказаў СПАДАР: «Як слуга Мой Ісая хадзіў голы а босы тры гады на знак а чуда ўзглядам Ягіпту а Ефіопы,

[што] так валадар Асірыі павядзе палонных Эгіпту і выгнанцаў Кушу, маладых і старых, голых і босых, і з адкрытымі азадкамі. Голы [будзе] Эгіпет!
 
Так кароль Асырскі павядзець вязьняў Ягіпцян і палоненікаў Ефіоплян, дзяцюкоў і старых, голых а босых, нават із аголенымі сьцёгнамі, на сорам Ягіпту.

І спалохаюцца, і зьбянтэжацца з прычыны [зямлі] Куш, надзеі іхняй, і з прычыны Эгіпту, пахвальбы іхняй.
 
І будуць баяцца а сароміцца за Ефіопу, спадзеву сваю, і за Ягіпет, славу сваю.

І скажа ў той дзень жыхар узьбярэжжа: “Вось такая надзея нашая, да якой мы зьвярталіся па дапамогу, каб выратавала нас ад аблічча валадара Асірыі! І як [цяпер] уратуемся мы самі?”»
 
І таго дня скажуць жыхары таго ўзьбярэжжа: "Гля, такая наша спадзева, куды ўцякалі помачы на вывальненьне ад караля Асырскага; і як мы ўцячэм?"»