Ісаі 63 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хто гэта ідзе з Эдому, у шатах барвовых з Боцры? Хто такі прыгожы ў строях Сваіх крочыць з вялікай сілай Сваёй? «[Гэта] Я, Які прамаўляе ў праведнасьці, вялікі ў збаўленьні».
 
Хто гэта йдзець ізь Едому, у чырвоным адзецьцю з Восры, гэты ўбраўшыся ў вуборах Сваіх, ступаючы ў вялікасьці сілы Свае? «Я — гукаючы ў справядлівасьці, вялікі спасаць!»

Чаму чырвонае адзеньне Тваё, і шаты Твае — як у таго, які топча [вінаград] у тоўчні?
 
Чаму чырвоныя ўборы Твае, і адзецьце Твае, як у тога, што таўчэць у таўчэльні?

«Я Сам таптаў у тоўчні і не было з народаў нікога са Мною. Я таптаў іх у гневе Маім, таптаў іх у абурэньні Маім. Сок апырскаў шаты Мае, і папляміў Мне ўсё адзеньне Маё.
 
«Я адзін тоўк у таўчэльні, і нікога зь людаў ня было з Імною; Я тоўк яго ў гневе Сваім і таптаў яго ў вабурэньню Сваім, і пырскала кроў найдужшых іхных на адзецьце Мае, і ўсі ўборы Свае Я запляміў;

Бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год адкупленьня Майго надыйшоў.
 
Бо дзень помсты ў сэрцу Маім, і год адкупленых Маіх прышоў.

І Я глядзеў, і не было таго, хто дапамагае, і зьдзівіўся, бо не было таго, хто падтрымаў Мяне. І дапамагло Мне рамяно Маё, і гнеў Мой падтрымаў Мяне.
 
І Я аглянуўся, але ня было памачніка, і зьдзівіўся, што ня было нікога падперці Мяне; але плячо Мае памагло Імне, і абурэньне Мае падперла Мяне.

І Я стаптаў народы ў гневе Маім, і сьцёр іх у абурэньні Маім, і выліў кроў іхнюю на зямлю».
 
Я патаптаў люды ў гневе Сваім, і ўпаіў іх у вабурэньню Сваім, і спусьціў на зямлю кроў найдужшых іхных».

Буду ўзгадваць міласэрнасьць ГОСПАДА, праслаўляць ГОСПАДА за ўсё, што ГОСПАД для нас учыніў, і за мноства дабрадзействаў для дому Ізраіля, якія Ён учыніў для нас у ласкавасьці Сваёй і паводле вялікай ласкі Сваёй.
 
Вымяную міласэрдзі СПАДАРОВЫ, хвалы СПАДАРОВЫ з усёга, што СПАДАР выказаў нам, і вялікую дабрыню да дому Ізраелявага, каторую Ён выказаў ім із спагады Свае і з множасьці Міласэрдзя Свайго,

І Ён сказаў: «Яны, сапраўды, — народ Мой, сыны, якія не падманваюць!» І Ён стаў для іх Збаўцам.
 
І сказаў: «Напэўна яны люд Мой, дзеці неманлівыя», і Ён быў Спасам іхным.

У кожным уціску іхнім цесна [было] і Яму, і анёл аблічча Ягонага выбаўляў іх. У любові Сваёй і ў ласкавасьці Сваёй Ён Сам адкупіў іх, і ўзяў іх, і насіў іх усе дні старадаўнія.
 
У вусіх гаротах іхных і Ён гараваў, і Ангіл віду Ягонага спасаў іх, зь любосьці а жаласьлівасьці адкупіў іх; падыймаў іх і насіў іх усі дні веку.

Але яны сталіся непаслухмянымі і засмуцілі Духа Сьвятога Ягонага, і стаўся Ён для іх ворагам, і пачаў ваяваць з імі.
 
Але яны збунтаваліся й зьнемарасьцілі Сьвятога Духа Ягонага; і Ён абярнуўся ў непрыяцеля іх, і ваяваў зь імі.

І ўзгадаў народ Ягоны дні старадаўнія, дні Майсея. Дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? Дзе Той, Які зьмясьціў у нутро іхняе Духа Свайго Сьвятога?
 
Тады люд Ягоны ўспомнеў дні веку Масеявага: ідзе Тый, што ўзьвёў іх із мора з пастыром авец Сваіх? ідзе Тый, Каторы ўлажыў у нутр ягоны Сьвятога Духа Свайго,

[Дзе] Той, Які вёў Майсея за правую руку рамяном велічы Сваёй, Які разьдзяліў воды перад абліччам іхнім, каб зрабіць Сабе імя вечнае,
 
Каторы вёў за правіцу Масея плячом пазору Свайго, перацінаючы воды перад імі, каб учыніць Сабе вечнае імя,

Які вёў іх праз бяздоньні, як каня ў пустыні, і яны не спатыкаліся?
 
Каторы вёў іх пераз глыбіню, як каня па сьцепе, і яны не спатыкаліся?

Як жывёлу, якая зыходзіць у лагчыну, так Дух ГОСПАДА вёў іх да супачынку. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе імя велічнае.
 
Як чарада спушчаецца ў даліну, і Дух СПАДАРОЎ прыводзе яе да супакою, так Ты вёў люд Свой, каб учыніць сабе пазорнае імя.

Глянь з неба і пабач з Сялібы сьвятасьці Тваёй і велічы Тваёй! Дзе рэўнасьць Твая і магутнасьць Твая? Узрушанасьці нутра Твайго і ласкавасьці Тваёй да мяне ня стрымлівай.
 
Глянь ізь нябёс і глядзі ізь сялібы сьвятасьці Свае а пазору Свайго: ідзе рупатлівасьць Твая а магутнасьць Твая? узрушэньне нутра Твайго і жаласьлівасьць Твая да мяне? ці яны задзяржаны?

Бо Ты — Айцец наш! Бо Абрагам ня ведае нас, і Ізраіль не пазнае нас. Ты, ГОСПАДЗЕ, — Айцец наш, Адкупіцель наш — гэта імя Тваё адвечна.
 
Бо Ты Айцец наш, хоць Абрагам ня ведае праз нас, і Ізраель не пазнаець нас; Ты, СПАДАРУ, Айцец наш, спрадвеку імя Твае: Адкупіцель наш.

Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты дазволіў нам збочыць са шляхоў Тваіх, зрабіў цьвёрдым сэрца нашае, каб мы не баяліся Цябе? Вярніся дзеля слугаў Тваіх, дзеля племені спадчыны Тваёй.
 
Нашто СПАДАРУ, дапусьціў нас зблудзіць із дарогаў Тваіх, закалянеламу сэрцу нашаму ад боязьні Твае? Зьвярніся дзеля слугаў Сваіх, плямёнаў спадку Свайго.

На кароткі час завалодалі прыгнятальнікі нашыя народам сьвятасьці Тваёй, патапталі сьвятыню Тваю.
 
Люд сьвяты Твой карыстаў зь яго малы час; уцісканьнікі нашы патапталі сьвятыню Тваю.

Мы сталіся як тыя, над якімі Ты ад вякоў не панаваў, і [як тыя], над якімі ня клікалі імя Тваё.
 
Мы Твае былі ад веку; іх Ты ня радзіў, ані названы былі яны імям Тваім.