Ісаі 25 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог мой! Я буду ўзьвялічваць Цябе і хваліць імя Тваё, бо Ты ўчыніў цуды, выканаў намеры даўнейшыя, праўдзівыя.
 
СПАДАРУ! Ты Бог мой; я буду ўзьвялічаць Цябе, я буду выхваляць імя Твае, бо Ты ўчыніў чудоснае, рады здаўна, вернасьць учыніў Ты верны;

Ты ператварыў горад у купу [друзу], горад умацаваны — у руіны; палацу чужынцаў няма больш у горадзе, і ня будзе ён адбудаваны на вякі.
 
Бо Ты абярнуў места ў кучу, вялікае абароннае места ў разьвярненьне; палацы чужаземцаў ня ё места, яно ніколі ня будзе адбудавана.

Дзеля гэтага будзе славіць Цябе народ моцны, горад народаў гвалтоўных будзе баяцца Цябе.
 
Затым люд дужы будзе ўслаўляць Цябе, вялікае места страшных народаў будзе баяцца Цябе;

Бо Ты стаўся цьвярдыняй для беднага, цьвярдыняй для ўбогага ў бядзе ягонай, прыстанішчам ад буры, ценем ад сьпёкі, бо подых моцных — як бура супраць сьцяны.
 
Бо Ты быў моцаю галечы, моцаю патрабуючаму ў гароце ягонай, прытулішчам ад буры, сьценям ад ваду; бо выбух страшных быў, як бура на сьцяну.

Як сьпёку ў пустыні, гэтак чужынцаў Ты супакоіў; як сьпёку [спыняе] цень хмары, Ты спыніў песьню моцных.
 
Як вад на сухой мясцовасьці, Ты ўслышыш вераск чужаземцаў; як вад сьценям булаку, пяцьцё страшных будзе паніжана.

І зробіць ГОСПАД Магуцьцяў на гары гэтай для ўсіх народаў гасьціну [са страваў] тлустых, гасьціну з вінаў адборных, з тлустым шпікам і адборнымі вінамі найвыдатнейшымі.
 
Справе СПАДАР войскаў усім людам на гэтай гары чэсьць із сытых ежаў, чэсьць ізь вінаў захаваных, сытых шпікоў, зь вінаў захаваных, добра ачышчаных.

І Ён зьнішчыць на гары гэтай заслону, якая закрывае ўсе плямёны, і пакрыцьцё, якое ляжыць на ўсіх народах.
 
І глынець на гэтай гары запінашку віду, запінашку, што на ўсіх людах, і запон, што пакрывае ўсі народы.

Будзе зьнішчана сьмерць назаўсёды, і вытра Госпад ГОСПАД сьлязу з кожнага аблічча, і ганьбу народу Свайго здыме Ён з усёй зямлі, бо ГОСПАД прамовіў [гэта].
 
Праглынена будзе сьмерць у перамозе; і вытра Спадар СПАДАР сьлёзы з усіх відаў і ганьбу люду Свайго адверне з усяе зямлі; бо СПАДАР сказаў.

І скажуць у той дзень: «Вось, Бог наш, Той, на Якога мы спадзяваліся, і Ён збавіў нас! Гэта ГОСПАД, на Якога мы спадзяваліся, будзем цешыцца і радавацца ў збаўленьні Ягоным!»
 
І скажуць таго дня: «Вось, гэта Бог наш; мы спадзяваліся на Яго, і Ён спас нас; гэта СПАДАР; мы спадзяваліся на Яго; будзем весяліцца а цешыцца ў спасеньню Ягоным»,

Бо супачыне рука ГОСПАДА на гары гэтай, а Мааў будзе стаптаны на месцы сваім, як топчуць салому ў гной.
 
Бо будзе супачываць рука СПАДАРОВА на гэтай гары. І будзе патаптаны Моаў на сваім месцу, як топчуць салому на кучы гною.

І выцягне ён пасярод [сябе] рукі свае, як выцягвае іх той, хто плыве, каб плысьці; і [Госпад] упакорыць пыху ягоную разам з намаганьнямі рук ягоных.
 
І выцягне рукі свае сярод іх, як плаваючы выцягуе, каб плаваць; і Ён паніжа гордасьць іхную разам із глабаньням рук іхных.

І магутныя ўмацаваньні муроў тваіх Ён разваліць, пераверне і скіне на зямлю, аж у пыл.
 
І высокія ўмацаваньні сьценаў тваіх ён абура, ськіне, кіне на зямлю ў пыл.