Ісаі 46 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Упаў Бэль, сагнуўся Нэво. Сталіся ідалы іхнія для зьвяроў і для скаціны. Тое, што насілі вы [на руках], палажылі як цяжар на змучаную [жывёлу].
Віл укляк, Нево сьхінаецца,балваны іхныя пераданы зьвяром а статку; наклады вашы былі цяжкія, цяжар стомленаму.
Разам яны пазгіналіся і паваліліся, не змаглі вытрымаць цяжару, і душы іхнія пайшлі ў палон.
Яны сьхінаюцца, яны клякаюць разам, яны не маглі ўратаваць накладу, самы пайшлі ў палон.
Паслухайце Мяне, дом Якуба і ўся рэшта дому Ізраіля, якіх Я ўзяў ад улоньня [маці], насіў [на руках] ад нараджэньня.
«Слухайце Мяне, доме Якаваў і ўся астача дому Ізраелявага, прынятыя ад жывата, ношаныя ад дзетніцы:
І да вашай старасьці Я — Той Самы, і да сівізны Я буду трымаць вас; Я зрабіў [вас], і Я буду насіць [вас], буду трымаць і збаўляць.
І аж да старасьці вашае Я тый, і аж да сівізны Я буду цягаць; Я ўчыніў і Я буду насіць, нават Я буду цягаць і выбаўлю.
Да каго падобным і роўным вы зробіце Мяне? І з кім Мяне параўнаеце і да каго ўпадобніце?
Да каго, будзеце ўважаць, падобны Я, і раўнаваць, і прыраўнуеце Мяне, каб мы былі падобныя?
Тыя, што выцягваюць золата з капшука і срэбра важаць на вагах, наймаюць залатара, каб зрабіў бога, і кленчаць перад ім, і пакланяюцца яму,
Яны шчодра высыпаюць золата з капшука, важаць срэбра на вазе, наймаюць літоўніка, і ён робе зь яго бога; яны падаюць і нават кланяюцца.
падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе.
Носяць яго на плячох, цягаюць яго й становяць яго на сваім месцу; і ён стаіць, із свайго месца ня кратаецца; нават крычаць яму, але ён не адказуе і яго зь бяды не вывальняе.
Памятайце пра гэта і будзьце дарослымі! Вазьміце гэта да сэрца, адступнікі!
Памятуйце гэта й пакажыце сябе мужамі; зьвярніцеся вы, выступнікі, да сэрца;
Памятайце пра [падзеі] мінулыя, адвечныя, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, няма падобнага да Мяне.
Успомніце бытае ад веку, бо Я СПАДАР, і няма яшчэ іншага, Бог, і няма падобнага да Мяне.
Я прадказваю ад пачатку тое, што мае быць, і наперад — тое, што [яшчэ] ня сталася. Я кажу: «Рада Мая зьдзейсьніцца, і Я выканаю ўсю волю Маю».
Абяшчаю з пачатку канец і з даўнейшых часоў, што ня зроблена, кажучы: "Мае пастановы стануцца, і ўсе Свае жаданьне Я зраблю".
Я клічу з усходу птушку драпежную, і з зямлі далёкай — чалавека, [які выканае] раду Маю. Што Я прамовіў, тое і споўню, і што вырашыў, тое і зраблю.
Гукаю з усходу дзярлівую птушку, і з далёкага краю мужа радаў Сваіх. Але, як казаў, так здойсьню; Я хармаваў і так зраблю гэта.
Слухайце Мяне, цьвёрдыя сэрцам, далёкія ад праведнасьці!
Слухайце Мяне, дужыя сэрцам, што далёкія да справядлівасьці.
Я наблізіў праведнасьць Маю, яна ўжо недалёка, і збаўленьне Маё не замарудзіць, і Я дам на Сыёне збаўленьне, і Ізраілю — славу Маю.
Я дабліжыў справядлівасьць Сваю, каб яна ня была далёка, і спасеньне Мае не зацягнецца; і Я дам у Сыёне спасеньне, Ізраелю славу Сваю.