Ісаі 24 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Вось, ГОСПАД пустошыць зямлю і нішчыць яе, і руйнуе аблічча ейнае, і жыхароў ейных расьцярушвае.
 
Вось, СПАДАР парожне зямлю, і пустоша яе, і адмяняе выгляд яе, і цяруша вонкі жыхараў яе.

І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; што са слугою, тое і з гаспадаром ягоным; што са служкай, тое і з гаспадыняй ейнай; што з тым, хто купляе, тое і з тым, хто продае; што з тым, хто пазычае, тое і з тым, хто дае; што з вінаватым [грошы], тое і з павернікам, [які даў грошы] яму.
 
І будзе як ізь людам, так ізь сьвятаром; як із слугою, так із гаспадаром ягоным; як ізь нявольніцаю, так із гаспадыняю ейнай; як із купаўніком, так із прадаўніком; як із даўжбітом, так із пазычэньнікам; як із пазычаючым на працэнты, так із квотнікам.

Спусташэньнем будзе спустошана зямля і рабаваньнем разрабаваная, бо ГОСПАД прамовіў гэткае слова.
 
Чыста спустошана будзе зямля і супоўна аглабана, бо СПАДАР сказаў гэтае слова.

Высахла, зьвяла зямля, змарнеў і зьвяў сусьвет, змарнелі магнаты народу зямлі.
 
Плача й вяне зямля, адцяты й зьвяў сьвет, адцяты пыхаты люд зямлі.

І зямля апаганеная жыхарамі ейнымі, бо яны парушылі Закон, не спаўнялі пастановаў, зламалі запавет вечны.
 
І зямля сплюгаўлена пад жыхарамі сваімі, бо яны выступілі з права, адмянілі ўставы, зламілі вечную змову.

Дзеля гэтага праклён зьядае зямлю, і пакутуюць жыхары ейныя. Дзеля гэтага чэзнуць жыхары зямлі, і засталося няшмат людзей.
 
Затым праклён пажэр зямлю, і сталі віннымі жывучыя на ёй; затым жыхары зямлі сьпятрэлі, і засталося мала людзёў.

Сумуе маладое віно, вяне вінаграднік, уздыхаюць усе, якія радаваліся ў сэрцы [сваім].
 
Плача вінны сок, аднята вінішча, уздыхаюць усі вясёлага сэрца.

Заціхла вясёласьць бубнаў, змоўк гоман тых, якія весяляцца; заціхла вясёласьць гусьляў.
 
Радасьць тамбурыны перастала; гом тых, што вяселяцца, канчаецца; перастала радасьць гарпы.

Ня п’юць са сьпевамі віна, згоркла сікера для тых, якія п’юць [яе].
 
Ня будуць піць віна зь песьнямі; хмельны напітак будзе гаркі п’ючым яго.

Зруйнаваны, спустошаны горад, зачынены ўсе дамы, нельга ўвайсьці [ў іх].
 
Разбурана запусьцелае места; усі дамы замкнёны, нельга ўвыйсьці.

Крык на вуліцах дзеля [нястачы] віна, зьнікла ўсякая радасьць, пайшла ў палон вясёласьць зямлі.
 
Плачуць па віне на вуліцах; уся радасьць зацьмела; весялосьць краю выгнана.

Засталася ў горадзе [толькі] пустэча, брама разьбітая ўшчэнт.
 
Засталося ў месьце спустошаньне, у разьвярненьню разьбітыя брамы.

Бо станецца пасярод зямлі, паміж народаў так, як пры абтрасаньні алівак, як пры зьбіраньні [рэштак], калі скончыўся збор вінаграду.
 
Бо так будзе сярод усяе зямлі, памеж людаў, як пры трасеньню аліўкаў, як пры зьбіраньню віна, як віназбор зроблены.

Яны падымуць голас свой, будуць выслаўляць веліч ГОСПАДА, будуць голасна клікаць ад мора.
 
Яны падыймуць голас свой і будуць весяліцца ў вяліччу СПАДАРА, будуць голасна крычэць з мора.

Дзеля гэтага слаўце ГОСПАДА на ўсходзе, і на астравах марскіх — імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
 
Затым услаўце СПАДАРА ў краёх сьвятліні, на абтоках морскіх імя СПАДАРА, Бога Ізраелявага.

З канцоў зямлі мы чуем сьпяваньне: «Слава Праведнаму!» Але я сказаў: «Я гіну, я гіну, гора мне! Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і, ліхадзейнічаючы, ліхадзеі ліхадзейнічаюць».
 
Ад канцоў зямлі мы чулі песьні: «Слава Справядліваму!» І я сказаў: «Гора імне, гора імне, бяда імне! глабаньнікі глабаюць, і глабаюць глабаньнікі дзеля глабаньня».

Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі!
 
Страх, і яма, і пасадка на цябе, жыхару зямлі!

І станецца, што той, хто ўцячэ ад крыку жаху, уваліцца ў яму, а той, хто вылезе з ямы, трапіць у пастку, бо адчыніліся вокны нябесныя і затрэсьліся падваліны зямлі.
 
І станецца, што ўцякаючы ад вераску страху зваліцца ў яму, і выходзячага з нутра ямы схопе пасадка; бо вокны вышыні адчынены, і трасуцца поды зямлі.

Развальваючыся, развальваецца зямля, трушчачыся, трушчыцца зямля, дрыжучы, дрыжыць зямля.
 
Зямля супоўна разьбітая, зямля чыста пакрышаная, зямля надзвычайна захістаная.

Хістаючыся, хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, цяжарам для яе стаўся грэх ейны; яна ўпадзе і ня ўстане.
 
Зямля надта хістаецца, як п’яны, і ківаецца, як начулішчны будан; выступ яе вялічны ёй; і падзець, і ня ўстане болей.

І станецца ў той дзень, ГОСПАД наведае войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі;
 
І станецца таго дня: даведаецца СПАДАР да войска высокага на вышы і да каралёў земных на зямлі.

і будуць яны зграмаджэньнем зграмаджаныя і ўвязьненыя ў яме, і будуць кінутыя ў вязьніцу, і праз шмат дзён будуць пакараныя.
 
І будуць зьберты, як бываюць зьбіраныя вязьні, да ямы, і замкнёны ў вязьніцы, і за шмат якіх дзён да іх даведаюцца.

І месяц пачырванее, і сонца засароміцца, бо заваладарыць ГОСПАД Магуцьцяў на гары Сыён і ў Ерусаліме, і перад старшынямі ягонымі [будзе] слава Ягоная.
 
Тады месяц зачырванеецца, і сонца засароміцца; бо СПАДАР войскаў будзе караляваць на гары Сыёне ў Ерузаліме, ды славута перад старцамі Сваімі.