Ісаі 38 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом твой, бо ты паміраеш і ня будзеш жыць”».
Тых дзён Гэзэка сьмяротна захварэў; і прышоў да яго прарока Ісая Амасёнак, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Зрабі дастамэнт праз дом свой, бо ты памрэш і ня будзеш жыць"».
І павярнуў Эзэкія аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА,
Гэзэка абярнуўся відам сваім да сьцяны, і маліўся СПАДАРУ,
і казаў: «О, ГОСПАДЗЕ, узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.
І сказаў: «Малю Цябе, СПАДАРУ, успомні цяпер, як я хадзіў перад Табою ў праўдзе і з дасканальным сэрцам, і добра, ў ваччу Тваім рабіў». І заплакаў Гэзэка плачам вялікім.
І было слова ГОСПАДА да Ісаі, кажучы:
І было слова СПАДАРОВА да Ісаі, кажучы:
«Ідзі і скажы Эзэкіі: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,
«Ідзі й скажы Гэзэку: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: "Я пачуў малітву Тваю, абачыў сьлёзы твае, і вось, дабаўлю да дзён тваіх пятнанцаць год;
і выратую ад рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.
І ад рукі караля Асырскага выбаўлю цябе й гэтае места, і буду бараніць гэтае места’.
І гэта вось будзе табе на знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова гэтае, якое Ён прамовіў.
І во табе знак ад СПАДАРА, што СПАДАР справе справу, праз каторую Ён казаў:
Вось, Я вярну цень [сонечны] на дзесяць прыступак [гадзіньніка] Ахаза, па якіх сонца ўжо зыйшло па прыступках”». І вярнулася сонца на дзесяць прыступак, па якіх [ужо] зыйшло.
’Вось, Я адвяду назад сьцень на дзесяць уступцоў, па каторых ён ужо спусьціўся на сонечным паказьніку Агазовым’"». І зьвярнулася сонца на дзесяць уступцоў, па каторых яно ўжо было спусьціўшыся.
Напісанае Эзэкіем, валадаром Юды, калі ён быў захварэў і акрыяў ад хваробы сваёй:
Во пісаньне Гэзэкі, караля Юдэйскага, як захварэў і ачуняў ад свае хваробы:
«Я сказаў: “У палове дзён маіх мушу ісьці да брамы апраметнай, я пазбаўлены рэшты гадоў маіх”.
«Я падумаў, што ў палавіцы дзён сваіх зыйду да брамаў шэолю, я маю спабыцца засталых год сваіх.
Я сказаў: “Я ня ўбачу ГОСПАДА, ГОСПАДА ў зямлі жывых; і ня буду больш бачыць чалавека сярод тых, што жывуць у сьвеце”.
Я казаў, што не абачу ЯГА, СПАДАРА на зямлі жывых, не абачу ўжо чалавека меж жыхараў сьвету,
Жытло маё разабрана і перанесена [далёка] ад мяне, як намёт пастухоў. Я зьвіваю, як ткач, жыцьцё маё; як нітку ад асновы Ён адрывае мяне, з дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё.
Век мой ўцёк і перасяліўся ад мяне, як пастускі будан; я маю адрэзаць, як ткач, жыцьцё свае, — Ён адразае мяне ад асновы; сядні да ночы Ты зробіш імне канец.
Я крычаў аж да раніцы. Як леў Ён скрышыў усе косткі мае. З дня да ночы Ён сканчвае [жыцьцё] маё.
Я крычэў помачы аж да раньня; як леў, Ён ламіў усі косьці мае; зраньня аж да ночы чакаў, што Ты зробіш імне канец.
Я пішчу як ластаўка, як журавель, уздыхаю як галубка, стаміліся вочы мае, [углядаючыся] ўгору. ГОСПАДЗЕ, я прыгнечаны, паручыся за мяне!
Я крычэў, як жораў, шчабятаў, як ластаўка, стагнаў, як галуб; вочы мае былі падняты да гары. СПАДАРУ! я ўцісьнены, будзь Ты імне зарукаю.
Што я маю сказаць? Ён што сказаў, тое і ўчыніў мне! Буду паволі ісьці праз усе гады мае ў горычы душы маёй.
Што я скажу? Ён абяцаў імне, Ён і зрабіў. Я буду хадзіць лагодна ўсі гады свае ў немарасьці душы свае.
ГОСПАДЗЕ, гэтым жывуць [людзі] і ў-ва ўсім гэтым — жыцьцё духа майго. Аздараві мяне і ажыві мяне!
СПАДАРУ! гэтым працягнуцца гады мае, і ў вусім гэтым — жыцьцё майго духа: Ты ўздаравіў мяне й пажвавіў мяне.
Вось, супакоем [зрабіў] горыч маю вялікую. Ты вырваў душу маю з ямы загубы, і кінуў за сьпіну Тваю ўсе грахі мае.
Вось, на дабро свае я меў вялікую гарчэль, і Ты зь любосьцяй выбавіў душу маю ад згубы; бо Ты кінуў за плечы Свае ўсі грахі мае;
Бо не апраметная будзе славіць Цябе, і сьмерць ня будзе хваліць Цябе. Ня маюць надзеі на вернасьць Тваю тыя, што зыходзяць у магілу.
Бо шэоль ня славе Цябе, сьмерць ня хвале Цябе, не здаюцца зыходзячыя ў дол на праўду Тваю.
Жывы, [толькі] жывы будзе славіць Цябе, як я сёньня. Бацька сынам паведаміць пра вернасьць Тваю.
Жывы, жывы будзе вызнаваць Цябе, як я цяпер: айцец азнайме дзяцём сваім праўду Тваю.
ГОСПАД збавіў мяне! І пад граньне музыкаў мы будзем сьпяваць усе дні жыцьця нашага ў Доме ГОСПАДА».
СПАДАР тут, каб спасьці мяне; і мы будзем пяяць песьні на струнных снадзях усі дні жыцьця нашага ў доме СПАДАРОВЫМ».
І сказаў Ісая: «Няхай возьмуць аладку з фігаў і пакладуць на скулу, і ён ачуняе».
І сказаў Ісая: «Хай прынясуць скрыль фіґаў, і хай прыложа да скулы, і ён ачуняе».
І сказаў Эзэкія: «Які знак, што я ўвайду ў Дом ГОСПАДА!»
І Гэзэка сказаў: «Якое чуда, што я буду хадзіць да дому СПАДАРОВАГА!»