Ісаі 6 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У год сьмерці валадара Узіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на пасадзе высокім і ўзьнесеным, а прыполы [шатаў] Ягоных напаўнялі сьвятыню.
 
Году сьмерці караля Узі я відзеў Спадара, на пасадзе высокім а паднятым седзячага, і крысы Ягоныя напоўнілі палац.

Сэрафімы стаялі вакол Яго; і кожны меў па шэсьць крылаў, і кожны двума закрываў аблічча сваё, і двума закрываў ногі свае, а двума лётаў.
 
Сарахімы стаялі над ім; па шэсьць крылаў, па шэсьць крылаў у кажнага зь іх: двума закрываў від свой, і двума закрываў ногі свае, і двума лётаў.

І ўсклікалі яны адзін да аднаго, і казалі: «Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты ГОСПАД Магуцьцяў, уся зямля поўная славы Ягонай!»
 
І гукаў адзін да аднаго, і казаў: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты СПАДАР войскаў; поўная ўся зямля славы Ягонае».

І захісталіся бэлькі дзьвярэй ад голасу тых, якія клікалі, і Дом напоўніўся дымам.
 
І захісталіся вушакі дзьверныя ад гуку гукаючага, і дом напоўніўся дымам.

І я сказаў: «Гора мне! Бо я загублены! Бо я — чалавек з нячыстымі вуснамі, і я жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі, і Валадара, ГОСПАДА Магуцьцяў убачылі вочы мае!»
 
І сказаў я: «Авохці імне, бо я загінуў; бо людзіна зь нячыстымі вуснамі я, і сярод люду нячыстых вуснаў я жыву, бо Караля, СПАДАРА войскаў, бачылі вочы мае».

І падляцеў да мяне адзін з сэрафімаў, а ў руцэ ягонай — вугаль распалены, які ён шчыпцамі ўзяў з ахвярніка.
 
Тады прыляцеў да мяне адзін із Сарахімаў, і ў руццэ ў яго жарына, узятая абцужкамі з аброчніку,

І ён дакрануўся ім да вуснаў маіх, і сказаў: «Вось, ён дакрануўся да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконьне тваё, і адкуплены грэх твой».
 
І даткнуўся да вуснаў маіх, і сказаў: «Гля, гэта даткнулася да вуснаў тваіх, і бяспраўе твае аддалена, і грэх твой прыкрыты».

І пачуў я голас Госпада, кажучы: «Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля Нас?» І я сказаў: «Вось я, пашлі мяне».
 
І чуў я голас Спадара, што казаў: «Каго пашлю? і хто нам пойдзе?» Тады я сказаў: «Во я, пашлі мяне».

І Ён сказаў: «Ідзі і кажы народу гэтаму: “Слыхам слухаць будзеце, і не зразумееце, поглядам глядзець будзеце, і не даведаецеся”.
 
І Ён сказаў: «Пайдзі й скажы гэтаму люду: "Пачуць пачуеце, але не зразумееце, і абачыць абачыце, але не пазнаеце;

Зрабі цьвёрдым сэрца народу гэтага, зрабі цяжкімі вушы ягоныя і засьляпі вочы ягоныя, каб вачыма сваімі ня бачыў, і вушамі сваімі ня чуў, і каб сэрца ягонае не зразумела, каб ён не навярнуўся, і ня быў аздароўлены».
 
Зрабі сытым сэрца гэтага люду, ацяжары вушы ягоныя, адвярні вочы ягоныя, каб ён ня бачыў ачыма сваімі, і ня чуў вушыма сваімі, і ня цяміў сэрцам сваім, і не навярнуўея, і ня быў уздароўлены"».

І я спытаў: «Як доўга, Госпадзе?» І Ён сказаў: «Пакуль ня будуць спустошаны гарады без жыхароў і дамы без людзей, і зямля будзе спустошана як пустка».
 
І сказаў: «Пакуль, Спадару?» І Ён сказаў: «Пакуль ня спусьцеюць месты ад няменьня жыхараў, і дамы ад бязьлюдзьдзя, і зямля не абернецца ў пустыню».

І выкіне ГОСПАД людзей, і будзе вялікая пустэча пасярод зямлі.
 
І аддале СПАДАР чалавека, і будзе вялікае спусьценьне сярод краю.

І калі яшчэ застанецца на ёй дзясятая частка [людзей], і яна вернецца, і будзе зьнішчана. Але як тэрэбінт і як дуб, ад якога [застаецца] пень пасьля таго, як ён сьсечаны, так насеньне сьвятое — гэта пень іхні.
 
Але застанецца яшчэ ў ім дзясятая часьць, і яна зьвернецца, і будзе спалена, як ліпа і як дуб, каторыя, хоць яны ськінулі лісты свае, але пень у іх». Так сьвятое насеньне будзе пнём ягоным».