Ісаі 6 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У год сьмерці цара Азіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на троне высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм.
 
Году сьмерці караля Узі я відзеў Спадара, на пасадзе высокім а паднятым седзячага, і крысы Ягоныя напоўнілі палац.

Вакол Яго стаялі серафімы; у кожнага зь іх па шэсьць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў.
 
Сарахімы стаялі над ім; па шэсьць крылаў, па шэсьць крылаў у кажнага зь іх: двума закрываў від свой, і двума закрываў ногі свае, і двума лётаў.

І клікалі адзін аднаму і казалі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!
 
І гукаў адзін да аднаго, і казаў: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты СПАДАР войскаў; поўная ўся зямля славы Ягонае».

І затрэсьліся бэлькі ў браме ад голасу тых, што клікалі, і дом напоўніўся дымам ахвярным.
 
І захісталіся вушакі дзьверныя ад гуку гукаючага, і дом напоўніўся дымам.

І сказаў я: гора мне! загінуў я! бо я чалавек зь нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама зь нячыстымі вуснамі, — і вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа.
 
І сказаў я: «Авохці імне, бо я загінуў; бо людзіна зь нячыстымі вуснамі я, і сярод люду нячыстых вуснаў я жыву, бо Караля, СПАДАРА войскаў, бачылі вочы мае».

Тады прыляцеў да мяне адзін серафім, і ў руцэ ў яго распалены вугаль, які ён узяў абцугамі з ахвярніка,
 
Тады прыляцеў да мяне адзін із Сарахімаў, і ў руццэ ў яго жарына, узятая абцужкамі з аброчніку,

і дакрануўся да вуснаў маіх і сказаў: вось, гэта кранулася вуснаў тваіх, і беззаконьне тваё адведзена ад цябе, і грэх твой ачышчаны.
 
І даткнуўся да вуснаў маіх, і сказаў: «Гля, гэта даткнулася да вуснаў тваіх, і бяспраўе твае аддалена, і грэх твой прыкрыты».

І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне.
 
І чуў я голас Спадара, што казаў: «Каго пашлю? і хто нам пойдзе?» Тады я сказаў: «Во я, пашлі мяне».

А Ён сказаў: ідзі і скажы гэтаму народу: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце.
 
І Ён сказаў: «Пайдзі й скажы гэтаму люду: "Пачуць пачуеце, але не зразумееце, і абачыць абачыце, але не пазнаеце;

Агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх.
 
Зрабі сытым сэрца гэтага люду, ацяжары вушы ягоныя, адвярні вочы ягоныя, каб ён ня бачыў ачыма сваімі, і ня чуў вушыма сваімі, і ня цяміў сэрцам сваім, і не навярнуўея, і ня быў уздароўлены"».

І сказаў я: ці надоўга, Госпадзе? Ён сказаў: пакуль не апусьцеюць гарады, і не застануцца без жыхароў, і дамы бязь людзей, і пакуль зямля гэтая зусім не запусьцеецца.
 
І сказаў: «Пакуль, Спадару?» І Ён сказаў: «Пакуль ня спусьцеюць месты ад няменьня жыхараў, і дамы ад бязьлюдзьдзя, і зямля не абернецца ў пустыню».

І выдаліць Гасподзь людзей, і вялікае запусьценьне будзе на гэтай зямлі.
 
І аддале СПАДАР чалавека, і будзе вялікае спусьценьне сярод краю.

І калі яшчэ застанецца дзясятая частка на ёй, і вернецца, яна зноў будзе спустошана; але, як ад ліпы і як ад дуба, калі яны сьсечаны, застаецца корань іх, так сьвятое насеньне будзе коранем яе.
 
Але застанецца яшчэ ў ім дзясятая часьць, і яна зьвернецца, і будзе спалена, як ліпа і як дуб, каторыя, хоць яны ськінулі лісты свае, але пень у іх». Так сьвятое насеньне будзе пнём ягоным».