Ісаі 16 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Пасылайце ягнят уласьніку зямлі з Сэлы ў пустыні на гару дачкі Сіёна;
 
Пашліце ягнё дзяржаўцу зямлі із Сэлы на пустыні, на гару дачкі Сыёну;

бо да ўспалошанай птушкі выкінутай з гнязда, будуць падобныя дочкі Маава каля брадоў Арнонскіх.
 
Бо будзе: як выкіненая з гнязда птушка туляецца, будуць дачкі Моава на брадох Арнону:

«Складзі раду, пастанаві рашэньне; ахіні нас аполудні, як уначы, ценем тваім, акрый выгнаных, ня выдай падарожных.
 
«Зьбяры раду, рассудзі; зрабі серадня сьцень, як ночы, схавай выгнаных, ня ізрадзь таго, хто туляецца».

Хай пажывуць у цябе мае выгнанцы Маавіцяне; будзь ім аслонаю ад грабежніка: бо прыгнятальніка ня стане, рабунак спыніцца, таптальнікі зьнікнуць зь зямлі.
 
Няхай мае выгнаныя Моаўляне жывуць у цябе; будзь іх абаронаю ад глабаньніка, пакуль не перастануць уціскі, ня скончыцца ўсілства, ня шчэзьне ізь зямлі топчучы.

І ўцьвердзіцца трон міласьцю, і сядзе на ім у ісьціне, у намёце Давідавым, судзьдзя, які шукае праўды і дбае пра правасудзьдзе».
 
І міласэрдзям устаноўлены пасад, і сядзіць на ім у праўдзе ў будане Давідавым, судзячы а шукаючы суду а сьпяшаючыся да справядлівасьці».

«Мы чулі пра гонар Маава, гонар празьмерны, пра пыху яго і фанабэрства і сваволю яго: няшчырае слова ў яго».
 
Мы чулі праз пыху Моававу, вельма горды, праз пыхатасьць ягоную а начэпнасьць, вялікую злосьць ягоную, хвальшывыя выдумкі ягоныя.

Таму загалосіць Мааў па Мааве, — усе галасіцьмуць; енчыце па цьвярдынях Кірхарэшэта: яны зруйнаваныя цалкам.
 
Затым Моаў будзе выць па Моаву, кажны будзе выць; па подах Кір-Гарэсэфа будзеце плакаць, кажучы: «Напэўна зражаныя»;

Палі Эсэвонскія звыраднелі гэтак сама і вінаграднік Сэвамскі; уладары народаў вынішчылі найлепшыя лозы яго, што дасягалі Язэра, ішлі па пустыні; парасткі іх разьбягаліся, пераходзілі за мора.
 
Бо полі гэшбонскія зьвялі, віно сыўмаскае; панове народаў зламілі галоўныя расьліны яго, яны дасяглі аж да Языра, расьлі па пустыні; голі яго выцягнуліся, пераходзілі за мора.

Таму і я буду плакаць па лазе Сэвамскай плачам Язэра, аблівацьму цябе сьлязьмі маімі, Эсэвоне і Элеале; бо ў час збору вінаграду твайго і ў час жніва твайго няма болей шумнай радасьці.
 
Затым я буду плакаць плачам Языра па вінішчу сыўмаскім; напаю сьлязьмі цябе, Гэшбоне а Елеяла; бо ўпалі радасныя крыкі ў часе збору віна твайго і ў часе жніва твайго.

Зьнікла з урадлівай зямлі весялосьць і радасьць, у вінаградніках не сьпяваюць, не весяляцца; вінаградар ня топча вінаграду ў чавільнях: я радавацца перастаў.
 
І аднята радасьць а весялосьць ад плоднага поля; і ў вінішчах ня будзе ані весялосьці, ані крыкаў радасьці; і віна ў таўчэльнях ня будуць таўчы таўкучыя: Я суняў радасныя крыкі.

Таму нутроба мая стогне па Мааве, як арфа, і сэрца маё — па Кірхарэшэце.
 
Затым нутр Мой гучыць, як гарпа, па Моаву, і нутр Мой па Кір-Герэсе.

Хоць і явіцца Мааў і таміцьмецца на вышынях, і прыйдзе да сьвятыні сваёй памаліцца, але не дапаможа нічога.
 
І станецца: як відавочна будзе, што стамаваўся Моаў на ўзвышшу, і ўвыйдзе ў сьвятыню сваю, каб памаліцца, ня ўзумее.

Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра Мааў даўно.
 
Гэта слова, каторае вымавіў СПАДАР праз Моава здаўна.

А сёньня так кажа Гасподзь: праз тры гады, лічачы гадамі найміцкімі, веліч Маава будзе зьняважана з усім вялікім шматлюдствам, і рэшта будзе вельмі малая і нязначная.
 
Цяпер жа СПАДАР кажа, кажучы: «За тры гады, роўныя гадом найміцкім, улегцы замеюць славу Моававу з усёй вялікай множасьцяй, і будзе астача вельма малая, драбная, нядужая».