Ісаі 11 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага;
І ўвыйдзе Атожыла з пня Есэвага, і Голь з карэньня ягонага будзе пладовая;
і спачне на Ім Дух Гасподні, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці;
І супачыне на Ім Дух СПАДАРОЎ, дух мудрасьці а розуму, дух рады а моцы, дух веды а боязьні Божае;
і ўпадабаньне Ягонае тым, у кім страх Божы, і будзе судзіць не з пагляду вачэй Сваіх і не са слыху вушэй Сваіх вырашаць справы.
І любата Ягоная ў боязьні СПАДАРА, і не на пагляд аччу Сваіх будзе судзіць, і ня подле чутасьці вушшу Сваіх будзе ганіць;
Ён будзе судзіць бедных па праўдзе, і дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісьціны; і жазлом вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка.
Але будзе судзіць галечаў подле справядлівасьці, і подле пасьцівасьці ганіць лагодных зямлі; і зразе зямлю дубцом вуснаў Сваіх, духам вуснаў Сваіх зробе сьмерць нягоднаму.
І будзе апаясаньнем сьцёгнаў Яго — праўда, і апаясаньнем паясьніцы Яго — ісьціна.
І будзе справядлівасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, і вернасьць — поясам на лядзьвях Ягоных.
Тады воўк будзе жыць разам зь ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, і малое дзіця будзе вадзіць іх.
І будзе жыць воўк ізь ягнём, і леопард із казянём будзе ляжаць; і цялё, і левянё, і ўпашчаны будуць разам, і малы хлопчык павядзець іх.
І карова будзе пасьвіцца зь мядзьведзіхаю, і дзеці іх будуць ляжаць разам; і леў, як вол, будзе есьці салому.
І карова, і мядзьведзь будуць пасьціцца разам, і дзецяняты іхныя будуць ляжаць разам, і леў, як статак, будзе есьці салому.
І немаўля будзе бавіцца над нарою асьпіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі.
І будзе гуляць ссучае дзецянё над нарою гада, і на гняздо базылішка адвучанае ад пелькаў выцягне руку сваю.
І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаньнем Госпада, як воды напаўняюць мора.
Ня будуць дзеяць ліха ані бураць на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо напоўніцца зямля веданьням СПАДАРА, як морскае дно пакрыта вадою.
І станецца ў той дзень: да кораня Есэевага, які стане нібы сьцяг народам, зьвернуцца язычнікі, — і спакоем яго будзе слава.
І будзе таго дня, што карэнь Есэў будзе стаяць за харугаў людзём, яго будуць шукаць народы, і супачынак ягоны — слава.
І станецца ў той дзень: Гасподзь зноў узьнясе руку Сваю, каб вярнуць Сабе рэшту народу Свайго, які застанецца ў Асура, і ў Егіпце, і ў Патросе, і ў Хусе, і ў Эламе, і ў Сэнаары, і ў Эмаце, і на выспах у моры.
І станецца таго дня: Спадар другі раз падыйме руку Сваю, каб прыдбаць Сабе астачу люду Свайго, што застаўся ад Асыры а ад Ягіпту а ад Пафросу а ад Ефіопы а ад Еламу а ад Шынару а ад Гамафу а ад абтокаў морскіх;
І падыме сьцяг язычнікам і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і расьсеяных Юдэяў скліча ад чатырох краёў зямлі.
І падыйме харугаў народам, і зьбярэць выгнаных Ізраялян, і злуча расьцярушаных Юдэяў з чатырох канцоў зямлі.
І спыніцца зайздрасьць Яфрэмавая, і супраціўцы Юды будуць вынішчаны. Яфрэм ня будзе зайздросьціць Юду, і Юда ня будзе ўціскаць Яфрэма.
І адвернецца завіднасьць Яхрэмава, і праціўнікі Юды адцяты будуць: Яхрэм ня будзе завідаваць Юдзе, і Юда ня будзе ўціскаць Яхрэма;
І паляцяць поруч зь Філістымлянамі на захад, абрабуюць усіх дзяцей Усходу; на Эдома і Маава накладуць руку сваю, і дзеці Амонавыя будуць падданцамі іхнімі.
Але палятуць на плячо Пілішчан да мора, разам аглабаюць сыноў усходу, накладуць руку сваю на Едома а Моава, і сынове Амонавы будуць слухаць іх.
І высушыць Гасподзь затоку мора Егіпецкага, і ўзьнясе руку Сваю на раку ў моцным ветры Сваім, і падзеліць яе на сем ручаін, так што ў сандалях можна будзе пераходзіць яе.
І высуша СПАДАР затоку Ягіпецкага мора, і падыйме рукў Сваю на Раку ў вялікім Сваім ветру, і падзеле яе на сем цур’ёў, і можна будзе перайсьці іх у чаравіках.
Тады рэшце народу Яго, які застанецца ў Асура, будзе вялікая дарога, як гэта было Ізраілю, калі ён выходзіў зь зямлі Егіпецкай.
І будзе гасьцінец астачы люду Ягонага, што застаўся ад Асыры, падобна да тога, як было з Ізраелям, як ён узышоў ізь зямлі Ягіпецкае.