Ісаі 55 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Спрагненыя! ідзеце ўсе да водаў; нават і вы, у каго няма срэбра, ідзеце, купляйце і ежце; ідзеце, купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако.
 
«Гэй, усі ўсьмяглыя, ідзіце да водаў, і вы, срэбра ня маючыя, ідзіце, купляйце й ежча, ідзіце, купляйце бяз срэбра а дарма, віно а малако.

Навошта вам наважваць срэбра за тое, што ня хлеб, і заробак свой за тое, што не насычае? Паслухайце ўважліва і ежце дабро, і душа вашая хай раскашуецца тлушчам.
 
Нашто вы важыце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу вашу за тое, што ня сыце? Слухайце, слухайце Мяне, і будзеце есьці добрае, і няхай раскашуюцца ў туку душы вашыя.

Прыхілеце вуха ваша і прыйдзеце да Мяне; паслухайце, і жывая будзе душа вашая, — і дам вам запавет вечны, нязьменныя міласьці, абяцаныя Давіду.
 
Сьхініце вуха свае і Прыйдзіце да Мяне; слухайце, і жыва будзе душа ваша; Я ўчыню з вамі вечную змову, вернае міласэрдзе Давіду.

Вось, Я даў Яго ў сьведкі народам, у правадыры і настаўнікі народам.
 
Вось, я даў Яго за сьветку людам, правадыром а расказаньнікам народам.

Вось, ты заклічаш народ, якога ты ня ведаў, і народы, якія цябе ня ведалі, пасьпяшаюцца да цябе дзеля Госпада Бога твайго і дзеля Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіў цябе.
 
Вось, народ, каторага ня знаеш, прыгукаеш, і народ, што ня знае цябе, прыбяжыць да цябе дзеля СПАДАРА, Бога твайго, і сьвятога Ізраелявага, бо Ён уславіў цябе.

Шукайце Госпада, калі можна знайсьці Яго; клічце Яго, калі Ён блізка.
 
Шукайце СПАДАРА, як можна знайсьці Яго, прыгукайце Яго, як Ён блізка.

Хай пакіне бязбожнік дарогу сваю і беззаконьнік — намыслы свае, і хай зьвернецца да Госпада, — і Ён памілуе яго, і да Бога нашага, — бо Ён мілажальны.
 
Няхай пакіне нягодны дарогу сваю і чалавек нягоднасьці падумкі свае, хай зьвернецца да СПАДАРА, і Ён паспагадае яму, і — да Бога нашага, бо Ён шмат даруе;

Мае думкі — ня вашыя думкі, ні вашыя шляхі — не Мае шляхі, кажа Гасподзь.
 
Бо думкі Мае — ня вашы думкі, і дарогі вашы — не дарогі Мае, — агалашае СПАДАР. —

Але Як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя.
 
Але колькі неба вышшае за зямлю, толькі дарогі Мае вышшыя за дарогі вашы і думкі Мае за думкі вашыя;

Як дождж і сьнег зыходзяць зь неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,
 
Бо як зыходзяць дождж а сьнег ізь неба і не зварачаюцца туды, але пояць зямлю і даюць ёй сілу радзіць а расьціць, каб яна магла даць сяўбу сяўбіту і хлеб ядучаму;

так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, — яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго.
 
Так будзе й слова Маё, што выходзе з вуснаў Маіх: яно ня зьвернецца да Мяне пустое, але споўне волю Маю і будзе дасьпешнае ў тым, да чаго Я паслаў яго.

Дык вось, вы выйдзеце зь весялосьцю і вас правядуць зь мірам; горы і пагоркі будуць сьпяваць перад вамі песьню, і ўсе дрэвы ў полі — папляскаюць вам.
 
Бо з радасьцяй вы пойдзеце і ў супакою будзеце ведзены; горы а ўзгоркі выбухнуць песьняю перад вамі, і ўсі дзервы ў полю запляскаюць у ладкі.

Замест цярноўніку вырасьце кіпарыс; замест крапівы вырасьце мірт; і гэта будзе на славу Госпаду, на знак вечны, непарушны.
 
Замест церневага кустоўя абыйдзе кіпрыс; замест верасу вырасьце мірта; і гэта будзе СПАДАРУ на славу, знакам вечным, што ня будзе адцяты».