Ісаі 17 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Прароцтва пра Дамаск. — Вось, Дамаск перастане быць горадам, і будзе грудай руінаў.
 
Цяжар узглядам Дамашку. — «Вось, Дамашк перастане быць местам, а будзе кучаю друзу.

Гарады Араэрскія будуць пакінуты, — застануцца пад статкі, якія адпачывацьмуць там, і ня будзе каму іх палохаць.
 
Пакінены месты Ароеру, — стадам яны будуць, і будуць ляжаць, і ніхто іх ня спудзе.

Ня стане цьвярдыні Яфрэмавай і царства Дамаскага з астатняю Сірыяй; зь імі будзе тое самае, што са славаю сыноў Ізраіля, кажа Гасподзь Саваоф.
 
І перастане быць горад Яхрэмаў, і каралеўства Дамашку, і астача Араму будзе, як слава сыноў Ізраельскіх, — агалашае СПАДАР войскаў.

І станецца ў той дзень: паменшыцца слава Якава, і тлустае цела ягонае схуднее.
 
І станецца таго дня: згалее чэсьць Якавава, і сытое цела ягонае схудае.

Тое самае будзе, што і пасьля збору збожжа жняцом, калі рука ягоная сажне каласы, і калі зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай.
 
І будзе тое ж, што па жніве збожжа жнеяю, і па зжацьцю рукою яе каласоў, і просьле тога, як зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай.

І застануцца ў яго, як бывае пры абіваньні масьлін, дзьве-тры ягадзіны на самай вяршаліне, альбо чатыры, пяць на ўрадлівых галінах, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў.
 
І застануцца на ім зярняты чыста так, як пры трасеньню аліўкаў: дзьве-тры аліўкі на версе высокіх галінаў, чатыры-пяць на плодных голях, — агалашае СПАДАР, Бог Ізраеляў. —

У той дзень аберне чалавек позірк свой да Творцы свайго, і вочы яго глядзецьмуць на Сьвятога Ізраілевага;
 
Таго дня аберне людзіна пагляд да Стварыцеля свайго, і вочы ейныя Сьвятога Ізраелявага абачаць.

і ня зірне на ахвярнікі, на дзею рук сваіх, і не паглядзіць на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, на куміраў Астарты і Ваала.
 
І не аберне пагляду да аброчнікаў работы рук сваіх, і на тога, што зрабілі палцы ейныя, ня будзе глядзець ані на гаі альбо на сонечныя абразы».

У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як мясьціны ў лясах і на вяршынях гор, пакінутыя перад сынамі Ізраіля, — і ўсё запусьцеецца.
 
І таго дня ўмацаваныя месты ягоныя будуць, як пакіненыя месцы лесавых вышыняў а гаравых вярхоў, пакіненыя з прычыны сыноў Ізраелявых, і будзе спустошаньне;

Бо ты забыў Бога ратунку твайго, і не ўспамінаў пра скалу прытулку твайго; таму і насадзіў сады на забавы і пасадзіў чаранкі ад чужой лазы.
 
Бо ты забыўся Бога спасеньня свайго і скалы моцы свае ня памятаваў; затым ты пасадзіў раскошныя расьліны і прышчапіў іх чужымі прышчэпамі.

У дзень, калі ты садзіў, ты калаціўся, каб яно расло, і каб пасеянае табою рана расьцьвіло; але ў дзень збору не багатае жніво будзе, а пакута вялікая.
 
Удзень, як ты садзіў сваю расьліну, ты рупіўся празь яе рост, і нараніцы, як ты сеяў, ты рупіўся празь яе квет; але ў дзень прыбытку копка жніва й сьмяротны боль.

Ды жаль! шум народаў многіх! бушуюць яны, як бушуе мора. Род плямёнаў! яны равуць, як равуць моцныя воды.
 
Бяда груду шмат якіх людаў, што равуць, як равеньне мора, і напіраньню народаў; як напіраньне магучых водаў, яны напіраюць.

Равуць народы, як равуць моцныя воды; але Ён пагразіў ім, і яны далёка пабеглі, і былі гнаныя, як тло па гарах ад ветру і як пыл ад віхуры.
 
Народы, як напор вялікіх водаў, напіраюць; але Ён пачнець ганіць іх, і яны ўцякуць далёка, і будуць гнаныя, як ветрам гаравыя пасеі і як умецьце ад віхру.

Вечар — і вось жудасьць! І да раніцы ўжо няма яе. Такая доля рабаўнікоў нашых, лёс спусташальнікаў нашых.
 
Увечары, глянь — жах; перад раньням яго ня будзе. Такая доля тых, што глабаюць нас, і кон тых, што пустошаць нас.