Ісаі 24 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Вось, Гасподзь спусташае зямлю і робіць яе няплоднай; мяняе паверхню яе і расьсейвае тых, што жывуць на ёй.
 
Вось, СПАДАР парожне зямлю, і пустоша яе, і адмяняе выгляд яе, і цяруша вонкі жыхараў яе.

І што будзе народу, тое і сьвятарам; што слузе, тое і гаспадару ягонаму; што служанцы, тое і гаспадыні яе; што пакупцу, тое і прадаўцу, што пазыкоўцу, тое і пазычальніку, што ліхвяру, тое і ліхвадаўцу.
 
І будзе як ізь людам, так ізь сьвятаром; як із слугою, так із гаспадаром ягоным; як ізь нявольніцаю, так із гаспадыняю ейнай; як із купаўніком, так із прадаўніком; як із даўжбітом, так із пазычэньнікам; як із пазычаючым на працэнты, так із квотнікам.

Зямля спустошана ўшчэнт і зусім зрабаваная, бо Гасподзь вымавіў слова гэтае.
 
Чыста спустошана будзе зямля і супоўна аглабана, бо СПАДАР сказаў гэтае слова.

Бядуе заняпалая зямля; паніклы, заняпалы сусьвет; паніклі ўсе землі, што ўзвышаліся над народам.
 
Плача й вяне зямля, адцяты й зьвяў сьвет, адцяты пыхаты люд зямлі.

І зямля апаганена пад тымі, што жывуць на ёй, бо яны пераступілі законы, зьмянілі статут, парушылі вечны запавет.
 
І зямля сплюгаўлена пад жыхарамі сваімі, бо яны выступілі з права, адмянілі ўставы, зламілі вечную змову.

Затое праклён паядае зямлю, і нясуць кару тыя, што жывуць на ёй; затое спалены насельнікі зямлі, і няшмат засталося людзей.
 
Затым праклён пажэр зямлю, і сталі віннымі жывучыя на ёй; затым жыхары зямлі сьпятрэлі, і засталося мала людзёў.

Плача сок гронкі; баліць вінаграднай лазе; уздыхаюць усе, хто весяліўся сэрцам.
 
Плача вінны сок, аднята вінішча, уздыхаюць усі вясёлага сэрца.

Спынілася весялосьць з тымпанамі; змоўк шум вясёлых; сьціхлі гукі арфы;
 
Радасьць тамбурыны перастала; гом тых, што вяселяцца, канчаецца; перастала радасьць гарпы.

ужо ня п’юць віна зь песьнямі; згарчэла сікера піткам яе.
 
Ня будуць піць віна зь песьнямі; хмельны напітак будзе гаркі п’ючым яго.

Разбураны апусьцелы горад, усе дамы замкнутыя, нельга ўвайсьці.
 
Разбурана запусьцелае места; усі дамы замкнёны, нельга ўвыйсьці.

Плачуць па віне на вуліцах; запамрочылася ўсялякая радасьць; выгнана ўсялякая весялосьць зямлі.
 
Плачуць па віне на вуліцах; уся радасьць зацьмела; весялосьць краю выгнана.

У горадзе засталося запусьценьне, і брамы разваліліся.
 
Засталося ў месьце спустошаньне, у разьвярненьню разьбітыя брамы.

А пасярод зямлі, паміж народамі, будзе тое самае, што бывае пры абіваньні масьлін, пры абіраньні вінаграду, калі закончаны збор.
 
Бо так будзе сярод усяе зямлі, памеж людаў, як пры трасеньню аліўкаў, як пры зьбіраньню віна, як віназбор зроблены.

Яны ўзвысяць свой голас, перамогуць у велічы Госпада, гучна клікацьмуць мора.
 
Яны падыймуць голас свой і будуць весяліцца ў вяліччу СПАДАРА, будуць голасна крычэць з мора.

Дык вось, слаўце Госпада на ўсходзе, на выспах марскіх — імя Госпада Бога Ізраілевага.
 
Затым услаўце СПАДАРА ў краёх сьвятліні, на абтоках морскіх імя СПАДАРА, Бога Ізраелявага.

Ад краю зямлі мы чуем песьню: «Слава Праведнаму!» І сказаў я: бяда мне, бяда мне! жаль мне! ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна.
 
Ад канцоў зямлі мы чулі песьні: «Слава Справядліваму!» І я сказаў: «Гора імне, гора імне, бяда імне! глабаньнікі глабаюць, і глабаюць глабаньнікі дзеля глабаньня».

Жудасьць і яма і пятля табе, жыхар зямлі!
 
Страх, і яма, і пасадка на цябе, жыхару зямлі!

Тады той, хто пабег ад крыку жудасьці, упадзе ў яму; і хто выйдзе зь ямы, трапіць у пятлю; бо вокны зь нябеснай вышыні адчыняцца, і асновы зямлі здрыгануцца.
 
І станецца, што ўцякаючы ад вераску страху зваліцца ў яму, і выходзячага з нутра ямы схопе пасадка; бо вокны вышыні адчынены, і трасуцца поды зямлі.

Зямля руйнуецца, зямля распадаецца, зямля моцна патрэсена;
 
Зямля супоўна разьбітая, зямля чыста пакрышаная, зямля надзвычайна захістаная.

хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, і беззаконьне яе цяжарам на ёй; яна ўпадзе — і ўжо ня ўстане.
 
Зямля надта хістаецца, як п’яны, і ківаецца, як начулішчны будан; выступ яе вялічны ёй; і падзець, і ня ўстане болей.

І станецца таго дня: наведае Гасподзь войска вышняе ў высях і цароў зямных на зямлі.
 
І станецца таго дня: даведаецца СПАДАР да войска высокага на вышы і да каралёў земных на зямлі.

І будуць сабраныя разам, як вязьні, у яму і будуць увязьнены ў цямніцы, і праз многа дзён будуць пакараныя.
 
І будуць зьберты, як бываюць зьбіраныя вязьні, да ямы, і замкнёны ў вязьніцы, і за шмат якіх дзён да іх даведаюцца.

І счырванее месяц, і пасаромеецца сонца, калі Гасподзь Саваоф зацаруе на гары Сіёне і ў Ерусаліме, і перад старэйшынамі яго ўславіцца.
 
Тады месяц зачырванеецца, і сонца засароміцца; бо СПАДАР войскаў будзе караляваць на гары Сыёне ў Ерузаліме, ды славута перад старцамі Сваімі.