Ісаі 8 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз.
 
І сказаў імне СПАДАР: «Вазьмі сабе вялікі зьвітак і напішы на ім людзкім пяром: "Сьпяшаюцца на здабытак, борзда глабаньне"».

І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,
 
І я ўзяў сабе верныя сьветкі: Уру сьвятара а Захару Еверэшанка.

і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;
 
І дабліжыўся я да прарокі, і яна зачала й нарадзіла сына. І сказаў імне СПАДАР: «Назаві імя яго: Магер-шалал-гашбаз (Сьпяшаюцца на здабытак, борзда глабаньне);

бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: «бацька мой», «маці мая», багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.
 
Бо ўперад, чымся дзяцё будзе ўмець вымаўляць: "Айцец мой" і "Маці мая", панясуць багацьце Дамашку й здабытак Араму перад каралём Асырскім».

І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:
 
І далей яшчэ СПАДАР казаў таксама імне, кажучы:

за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,
 
«Затое, што гэты люд улегцы замеў воды Шылоаскія, ціха цякучыя, і цешыцца з Рэцына а Рэмалёнка,

навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія — цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;
 
Дык вось, затым Спадар навядзець на іх дужыя а вялікія воды Ракі, караля Асырскага і ўсю славу ягоную; і падыймецца яна на ўсі яго цур’і, і пойдзе на ўсі берагі яго;

і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца — дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!
 
І зальлець Юдэю, разальлецца, і надзвычайна падыймецца, і дойдзе аж да шыі; і, разьліўшыся, цур’і напоўняць увесь прасьцяг зямлі Твае, Імануеле!»

Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!
 
Адзіноччася, людзі, але вы будзеце патрышчаны; і слухайце, усі далёкія краі! паперажыцеся, але вы будзеце патрышчаны; паперажыцеся, але вы будзеце патрышчаны;

Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!
 
Зраджайцеся, але гэта дарма; змаўляйцеся, але ня станецца; бо з намі Бог».

Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народа, і сказаў:
 
Бо гэтак сказаў СПАДАР імне, як рука Ягоная была моцная, і перасьцерагаў мяне, каб я не хадзіў дарогаю гэтага люду, кажучы:

«не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.
 
«Не завіце змоваю ўсяго таго, што гэты люд завець змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня лякайцеся.

Госпада Саваофа — Яго шануйце сьвята, і Ён — страх ваш, і Ён — дрыжаньне вашае!
 
СПАДАРА войскаў — Яго сьвяціце, Ён — страх вашы й ляк вашы.

І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.
 
І Ён будзе сьвятыняю, і каменям спатыкненьня, і скалаю ўразу абодвым дамом Ізраеля, сілом а пасадкаю жыхару Ерузаліму.

І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб’юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.
 
І шмат хто спатыкаецца на іх, і паваліцца, і разаб’ецца, і ўсіліцца, і будзе ўзяты».

Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх».
 
Завяжы сьветчаньне, запячатуй права ў Маіх вучанікаў.

Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.
 
І я буду спадзявацца СПАДАРА, Каторы схаваў від Свой ад дому Якававага, і буду здавацца на Яго.

Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.
 
Во я й дзеці, даныя імне СПАДАРОМ на знакі а чудосы ў Ізраелю ад СПАДАРА войскаў, Каторы жывець на гары Сыёне.

І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў, — тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?
 
І калі скажуць вам: «Папытайся ў выгуканьнікаў памерлых і ў чараўнікоў, што пішчаць і што мармочуць»; ціж люду ня пытацца ў Бога свайго? праз жывых зварачацца да памерлых?

Зьвяртайцеся да закона і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.
 
Да Права а сьветчаньня! Калі яны ня скажуць подле гэтага слова, то няма ў іх ранічнае сьвятліні.

І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.
 
І будзе хадзіць па ёй неміласьціўна ўцісьнены а галодны; і ў часе галадові будзе сердаваць а праклінаць караля свайго а Бога свайго; і зьвернецца да гары;

І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось — гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусьціўся.
 
І на зямлю гляне, і во немарасьць а цемнь, стома, уціск а цямнота будзе пашырацца.