Ісаі 22 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Прароцтва пра даліну відзежаў. — Што з табою, што ты ўвесь выйшаў на дахі?
Цяжар узглядам даліны відзені. — Што табе цяпер, што ты ўвесь вышаў на стрэхі?
Горад шумны, расхваляваны, горад поўны вясёлага галасу! Пабітыя твае ня мечам забітыя і ня ў бітве памерлі;
Места поўнае гому, вераску, места весялосьці, забітыя твае не забітыя мячом ані памерлі ў бітве;
усе правадыры твае ўцякалі разам, але былі зьвязаныя лучнікамі; усе воіны твае зьвязаны разам, як ні далёка ўцякалі.
Усі дзяржаўцы твае патуляліся разам, іх зьвязалі лучнікі; усі, знойдзеныя ў цябе, зьвязаны разам, уцеклыя здалеку.
Таму кажу: пакіньце мяне, я паплачу горка; ня сільцеся суцешыць мяне, калі зруйнавана дачка народу майго.
Затым я сказаў: «Адвярніцеся ад мяне, я буду горка плакаць; не хапайцеся цешыць мяне ў вупадзе люду майго»;
Бо дзень смуты і патаптаньня і закалоту ў даліне відзежаў ад Госпада Бога Саваофа. Рушаць сьцяну, і крык узыходзіць на горы.
Бо дзень зямятні а патаптаньня а сумятні ў даліне відзені ад Спадара, СПАДАРА войскаў, разбурэньне сьценаў а крыкня «На гару!»
І Элам нясе калчан; людзі на калясьніцах і верхаўцы, і Кір падымае шчыт.
І Елам возе сагайдак, людзі ў цялежках а коньнікі, і Кір агаляе шчыт.
І вось, найлепшыя даліны твае напоўніліся калясьніцамі, і верхаўцы вырадаваліся насупраць брамы,
І станецца, што найвыбарнейшыя даліны твае будуць поўныя цялежак, і коньнікі будуць ладзіцца ў браме.
і здымаюць заслону зь Юдэі; і ты паглядзеў таго дня на запасы зброі ў доме кедровым.
І Ён адкрыў запону Юды; і вы глядзелі таго дня зброі ў лесавым доме.
Але вы бачыце шмат праломінаў у сьцяне горада Давідавага, і зьбіраеце воды ў ніжняй сажалцы;
І раськепіны места Давідавага бачылі, што шмат іх, і зьберлі воды дольняе копані;
і пазначаеце дамы ў Ерусаліме, і разбураеце дамы, каб умацаваць сьцяну;
І дамы Ерузаліму палічылі, і разбурылі дамы, умацаваць сьцяну;
і ладзіце паміж дзьвюма сьценамі сховішча на воды старое сажалкі. А на Таго, Хто гэта робіць, не пазіраеце, і не глядзіце на Таго, Хто здаўна вызначыў гэта.
Выкапалі таксама копань памеж дзьвюх сьценаў да вады старога ставу. Але не аглядаліся на ўчыніцеля яго і ня бачылі Стварыцеля здаўна гэтага.
І Гасподзь, Гасподзь Саваоф, заклікае вас у гэты дзень плакаць і бедаваць, і пастрыгчы валасы і вярэтаю аперазацца.
І гукнўў Спадар, СПАДАР войскаў, таго дня плакаць а галасіць, лысець а паперазацца зрэбнінаю.
Але вось, весялосьць і радасьць! Колюць валоў, і рэжуць авечак; ядуць мяса, і п’юць віно: «будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм!»
І во радасьць а весялосьць; забіваюць буйны статак і рэжуць драбны статак, ядуць мяса і п’юць віно: «Будзем есьці й піць, бо заўтра памрэм!»
І адкрыў мне ў вушы Гасподзь Саваоф: ня будзе даравана вам гэта бязбожнасьць, пакуль не памраце, сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
І аб’явіў у вушы імне СПАДАР войскаў: «Напэўна не адзяржыце ласкіўчыненьня за гэта бяспраўе аж да сьмерці», — кажа Спадар, СПАДАР войскаў.
Так сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф: ідзі, ідзі да гэтага царадворца, да Сэўны, начальніка палаца, і скажы яму:
Гэтак кажа Спадар, СПАДАР войскаў: «Ідзі, прыйдзі да гэнага дамавера, да Шэўны, што над домам, і кажы:
што ў цябе тут, і хто тут у цябе, што ты тут высякаеш сабе магілу? — Ён высякае сабе магілу на пагорку, вырубае ў скале сабе жытлішча.
"Што ў цябе тут, і хто ў цябе тут, што ты высек сабе тут гроб, як тый, што высякае сабе гроб на вышыні, што выразае гасподу сабе ў скале?
Вось, Гасподзь перакіне цябе, як кідае дужы чалавек, і сьцісьне цябе ў камяк;
Вось, СПАДАР ізь сілаю пусьце цябе, дужы чалавеча, супоўна схопе цябе;
згорне цябе ў сувой і кіне цябе, як меч, у зямлю прасторную; там ты памрэш, і там раскошныя калясьніцы твае будуць агудаю дому гаспадара твайго.
Моцна скруціўшы цябе ў клубок, пусьце цябе, як апуку, у край вялізарны; там ты памрэш, і там цялежкі славы твае, о сораме дому спадара свайго!"
і саштурхну цябе зь месца твайго, і скіну цябе з прыступкі тваёй.
Я сьпіхну цябе з ураду твайго, і зь месца стаяньня твайго зарвець цябе.
І будзе таго дня, паклічу раба Майго Эльякіма, сына Хэлкіінавага,
І станецца таго дня, што Я гукну слугу Свайго Елякіма Гілчанка,
і апрану яго ў адзеньне тваё і поясам тваім аперажу яго, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя; і будзе ён бацькам жыхарам Ерусаліма і дому Юдаваму.
І надзену на яго вопратку тваю, і паперажу яго поясам тваім, і ўладу тваю Я нерадам у рукі ягоныя; і ён будзе айцом жыхарам Ерузаліму й дому Юдзінаму.
І ключ дома Давідавага пакладу на плечы ягоныя; адчыніць ён, і ніхто не замкне; замкне ён, і ніхто не адчыніць.
І ўзлажу на плячо ягонае ключ ад дому Давідавага; і ён адамкнець, і ніхто не замкнець; і ён замкнець, і ніхто не адамкнець.
І ўваб’ю яго, нібы цьвік, у цьвёрдае месца; і будзе ён як пасад славы дому бацькі свайго.
І ўмацую яго, як гвозд у верным месцу; і будзе ён пасадам славы дому айца свайго.
І будзе вісець на ім уся слава дома бацькі ягонага, дзяцей і ўнукаў, усяго хатняга начыньня да апошніх музычных прыладаў.
І павесяць на ім усю славу дому айца ягонага, пагоны а патомства, усе малое судзьдзе, ад чараў аж да жбаноў.
У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, расхітаецца цьвік, убіты ў цьвёрдае месца, і будзе выбіты, і ўпадзе, і зьнішчыцца ўвесь цяжар, што на ім: бо Гасподзь кажа.
Таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — захістаецца гвозд, убіты на верным месцу, і будзе адсечаны, і зваліцца, і зьнішчыцца цяжар, быты на ім; бо СПАДАР сказаў».