Ісаі 63 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хто гэта ідзе ад Эдома, у чырванёных шатах ад Васора, такі велічны ў Сваім адзеньні, выступае ў паўнаце сілы Сваёй? — «Я — Хто вымаўляе праўду, моцны, каб ратаваць».
 
Хто гэта йдзець ізь Едому, у чырвоным адзецьцю з Восры, гэты ўбраўшыся ў вуборах Сваіх, ступаючы ў вялікасьці сілы Свае? «Я — гукаючы ў справядлівасьці, вялікі спасаць!»

Чаго ж адзеньне Тваё прыгожае, і шаты ў Цябе — як у таптальніка ў чавільні?
 
Чаму чырвоныя ўборы Твае, і адзецьце Твае, як у тога, што таўчэць у таўчэльні?

«Я таптаў у чавільні адзін, і з народаў нікога ня было са Мною; і Я таптаў іх у гневе Маім і мясіў іх у лютасьці Маёй; кроў іх пырскала на шаты Мае, і Я запляміў усё адзеньне Маё;
 
«Я адзін тоўк у таўчэльні, і нікога зь людаў ня было з Імною; Я тоўк яго ў гневе Сваім і таптаў яго ў вабурэньню Сваім, і пырскала кроў найдужшых іхных на адзецьце Мае, і ўсі ўборы Свае Я запляміў;

бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год Маіх адкупленьняў настаў.
 
Бо дзень помсты ў сэрцу Маім, і год адкупленых Маіх прышоў.

Я глядзеў, — і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая — яна падтрымала Мяне:
 
І Я аглянуўся, але ня было памачніка, і зьдзівіўся, што ня было нікога падперці Мяне; але плячо Мае памагло Імне, і абурэньне Мае падперла Мяне.

і патаптаў Я народы ў гневе Маім, і пабіў іх у лютасьці Маёй, і выліў на зямлю кроў іхнюю».
 
Я патаптаў люды ў гневе Сваім, і ўпаіў іх у вабурэньню Сваім, і спусьціў на зямлю кроў найдужшых іхных».

Узгадаю міласьці Гасподнія і славу Гасподнюю за ўсё, што Гасподзь дараваў нам, і вялікую даброць Ягоную дому Ізраілеваму, якую ўзычыў Ён яму зь міласэрнасьці Сваёй і ад мноства шчадротаў Сваіх.
 
Вымяную міласэрдзі СПАДАРОВЫ, хвалы СПАДАРОВЫ з усёга, што СПАДАР выказаў нам, і вялікую дабрыню да дому Ізраелявага, каторую Ён выказаў ім із спагады Свае і з множасьці Міласэрдзя Свайго,

Ён сказаў: «сапраўды яны — народ Мой, дзеці, якія ня зманяць», — і Ён ім Збаўца.
 
І сказаў: «Напэўна яны люд Мой, дзеці неманлівыя», і Ён быў Спасам іхным.

У любым смутку іхнім Ён не пакідаў іх, і анёл аблічча Ягонага ратаваў іх; зь любові Сваёй і добрасардэчнасьці Сваёй Ён адкупіў іх, узяў і насіў іх усе дні старадаўнія.
 
У вусіх гаротах іхных і Ён гараваў, і Ангіл віду Ягонага спасаў іх, зь любосьці а жаласьлівасьці адкупіў іх; падыймаў іх і насіў іх усі дні веку.

Але яны абурыліся і засмуцілі Сьвятога Духа Яго; таму Ён ператварыўся ў няпрыяцеля іхняга: Сам ваяваў супроць іх.
 
Але яны збунтаваліся й зьнемарасьцілі Сьвятога Духа Ягонага; і Ён абярнуўся ў непрыяцеля іх, і ваяваў зь імі.

Тады народ Ягоны ўспомніў даўнія дні Майсеевыя: дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? дзе Той, Які ўклаў у сэрца ягонае Сьвятога Духа Свайго,
 
Тады люд Ягоны ўспомнеў дні веку Масеявага: ідзе Тый, што ўзьвёў іх із мора з пастыром авец Сваіх? ідзе Тый, Каторы ўлажыў у нутр ягоны Сьвятога Духа Свайго,

Які вёў Майсея за правую руку велічнаю мышцаю Сваёю, разьдзяліў перад ім воды, каб зрабіць сабе вечнае імя;
 
Каторы вёў за правіцу Масея плячом пазору Свайго, перацінаючы воды перад імі, каб учыніць Сабе вечнае імя,

Які вёў іх церазь бездані, як каня па стэпе, і яны не спатыкаліся?
 
Каторы вёў іх пераз глыбіню, як каня па сьцепе, і яны не спатыкаліся?

Як статак сыходзіць у даліну, — Дух Гасподні вёў іх да спакою. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе славутае імя.
 
Як чарада спушчаецца ў даліну, і Дух СПАДАРОЎ прыводзе яе да супакою, так Ты вёў люд Свой, каб учыніць сабе пазорнае імя.

Прыгледзься зь нябёсаў і паглядзі з жытлішча сьвятыні Тваёй і славы Тваёй: дзе руплівасьць Твая і магутнасьць Твая? — узрушэньне нутробы Тваёй і міласьці Твае да мяне затрыманы.
 
Глянь ізь нябёс і глядзі ізь сялібы сьвятасьці Свае а пазору Свайго: ідзе рупатлівасьць Твая а магутнасьць Твая? узрушэньне нутра Твайго і жаласьлівасьць Твая да мяне? ці яны задзяржаны?

Толькі Ты — Айцец наш; бо Абрагам не пазнае нас, і Ізраіль не прызнае нас за сваіх; Ты, Госпадзе, — Айцец наш, ад веку імя Тваё: «Адкупнік наш».
 
Бо Ты Айцец наш, хоць Абрагам ня ведае праз нас, і Ізраель не пазнаець нас; Ты, СПАДАРУ, Айцец наш, спрадвеку імя Твае: Адкупіцель наш.

Навошта, Госпадзе, Ты дапусьціў нам зьбіцца з дарог Тваіх, зжарсьцьвець сэрцу нашаму, каб не баяцца Цябе? Зьвярніся дзеля рабоў Тваіх, дзеля родаў спадчыны Тваёй.
 
Нашто СПАДАРУ, дапусьціў нас зблудзіць із дарогаў Тваіх, закалянеламу сэрцу нашаму ад боязьні Твае? Зьвярніся дзеля слугаў Сваіх, плямёнаў спадку Свайго.

Нядоўгі час валодаў ім народ сьвятыні Тваёй: ворагі нашыя патапталі сьвяцілішча Тваё.
 
Люд сьвяты Твой карыстаў зь яго малы час; уцісканьнікі нашы патапталі сьвятыню Тваю.

Мы зрабіліся такімі, над якімі Ты як бы ніколі не валадарыў, і над якімі не называлася імя Тваё.
 
Мы Твае былі ад веку; іх Ты ня радзіў, ані названы былі яны імям Тваім.