Ісаі 27 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Таго дня Гасподзь пакарае мечам Сваім цяжкім, і вялікім і моцным, левіяфана, зьмея, які проста бяжыць, і левіяфана, зьмея, які зьвіваецца, і заб’е пачвару марскую.
Таго дня СПАДАР пакарае цьвярдым а вялікім а моцным мячом Сваім левяфана, уцякаючага гада, нават левяфана, пакручастага гада, і заб’ець смока, што ў мору.
Таго дня засьпявайце пра яго — пра любасны вінаграднік:
Таго дня пяіце празь вінішча чырвонага віна ў вадказах:
Я, Госпадзе, даглядчык яго, кожнае хвіліны выпойваю яго; уначы і ўдзень вартую яго, каб хто не ўварваўся ў яго.
«Я СПАДАР, дагляднік яго; кажную часіну паліваю яго; ўдзень а ночы сьцерагу яго, каб ніхто не зрабіў шкоды яму.
Няма гневу ўва Мне. Але каб даў Мне хто бадзякі і церне, Я вайной пайду на яго, выпалю яго зусім.
Гневу няма ў Імне; калі б пастанавіў хто супроці бадзючыя расьліны а церні ў вайне, Я выступлю супроці іх, спалю іх разам.
Хіба што прыйдзе пад абарону Маю, і заключыць мір са Мною? тады няхай заключыць мір са Мною.
Хіба будзе шукаць абароны Мае, каб учыніць мір із Імною, тады ўчыне Мір із Імною».
У будучыя дні ўкарэніцца Якаў, дасьць атожылак і расьцьвіце Ізраіль; і напоўніцца пладамі сусьвет.
У будучыні ўкарэніцца Якаў, Ізраель расквіціць, выдасьць пупушку, напоўне від сьвету пладамі.
Ці так Ён біў яго, як біў тых, што білі Яго? Ці так забіў яго, як забітыя забойцы ягоныя?
Ці біў Ён яго так, як біў тых, што білі яго? ці забіты ён сьмерцяй забітых ім?
Мераю Ты караў яго, калі адкідаў яго; выкінуў яго моцным подыхам Сваім як у дзень усходняга ветру.
Як Ты адсылаў яго, Ты мераю прававаўся зь ім; забраў яго цьвярды дух у дзень усходняга ветру.
І праз гэта загладзіцца беззаконьне Якава; і плодам гэтага будзе зьняцьце грэху зь яго, калі ўсе камяні ахвярнікаў аберне ён у кавалкі вапны, і ня будуць ужо стаяць дубровы і балваны сонца.
Затым гэтак будзе залашчана бяспраўе Якава, і гэтта ўвесь плод: зьняцьце грэху ягонага, як ён аберне ўсі камяні аброчнікаў у груды вапеннага каменьня, ня будуць адноўлены гаі а балваны сонца.
Бо ўмацаваны горад запусьцее, селішчы будуць пакінуты і заняхаены, як пустэльня. Там будзе пасьвіцца цяля, і там ня будзе спачываць і аб’ядаць гольле ягонае.
Бо ўмацаванае месца будзе спустошана, сяліба кінена й пакінена, як пустыня; там будзе пасьціцца цялё, там будзе супачываць і нішчыць пагоны яго.
Калі гольле яго засохне, яго абламаюць; прыйдуць жанчыны і спаляць яго. Бо як што гэта народ неразумны, дык не ўмілажаліцца зь яго Творца Ягоны, і не памілуе яго Садзецель ягоны.
Як гольле яго ссохне, будзе зломлена; жанкі прыйдуць і спаляць яго. Як люд гэты неразумны, Тый, што ўчыніў іх, не пажалее яго, і Тый, што ўхармаваў яго, ня зьмілуецца над ім.
Але будзе таго дня: Гасподзь скалане ўсё ад вялікай ракі да патока Егіпецкага, і вы, сыны Ізраіля, будзеце сабраныя адзін да аднаго;
І станецца таго дня: СПАДАР будзе біць ад цечы Ракі аж да цур’я Ягіпецкага, і вы будзеце зьберты адзін па адным, вы, сынове Ізраелявы;
і будзе таго дня: затрубіць вялікая труба, і прыйдуць згубленыя ў Асірыйскай зямлі і выгнаныя ў зямлю Егіпецкую, і паклоняцца Госпаду на сьвятой гары ў Ерусаліме.
І станецца таго дня: будзе трубеньне ў вялікую трубу, і прыйдуць згубленыя ў зямлі Асырскай і тыя, што валачыліся ў зямлі Ягіпецкай, і будуць кланяцца СПАДАРУ на сьвятой гары ў Ерузаліме.